ІНТЭГУМЕ́НТ (ад лац. integumentum пакрывала),

покрыва семязавязі насенных раслін, які вырастае з яе цэнтр. ч.нуцэлуса. На верхавінцы семяпупышкі І. не злучаецца, фарміруецца адтуліна — пылкаўваход (мікрапіле). Пасля апладнення І. ператвараецца ў насенную скурку. У некат. раслін адзін І., у інш. (усе аднадольныя) — два.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.​Коласа, Я.​Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл. гл. таксама да арт. Коўка мастацкая.

Літ.:

Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Любімаў. Птушка. 1983.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮСТ (франц. buste),

пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт. партрэта.

Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.​Берніні, Ж.​А.​Гудон, А.​Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.​Растрэлі, Ф.​Шубін, Н.​Андрэеў, В.​Мухіна, С.​Лебедзева і інш.

На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.​К.​Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.​Ельскі, Р.​Слізень, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі, Я.​Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г. бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.​В.​Фрунзе (А.​Глебаў), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва З.​Азгур), Г.​Грыгоніса (М.​Керзін); у гады Вял. Айч. вайны — воінаў і партызан Л.​М.​Даватара (А.​Грубэ), Ф.​А.​Смалячкова і М.​Ф.​Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.​Багрыма, К.​Крапівы, М.​Танка, Цёткі (А.​Пашкевіч; усе Азгур), У.​Уладамірскага (А.​Глебаў), Я.​Коласа (С.​Селіханаў), М.​Багдановіча (Г.​Мурамцаў; Л.​Гумілеўскі), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва В.​Занковіч), Л.​І.​Бяды, Ю.​А.​Гагарына, У.​В.​Кавалёнка, П.​І.​Клімука, Г.​Ц.​Берагавога (усе І.​Міско), помнік-бюст Я.​Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.​Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.​Бернардоні (усе С.​Гумілеўскі), кн. М.​К.​Радзівілу Сіротку, У.​Сыракомлю, Т.​Макоўскаму, Я.​Коласу (усе М.​Канцавы).

А.​К.​Лявонава, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Бюст. Б.​Растрэлі. Партрэт А.​Д.​Меншыкава. 1716—17.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЫ́РСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (24.12.1806 — пасля 1845),

бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1830). У 1833—37 магілёўскі губ. архітэктар. Па яго праектах у Магілёве пабудаваны флігелі ваен. шпіталя (1833) і да палаца ў сядзібе «Піпенберг» (1836), павятовае і прыходскае вучылішчы (1834; усе не зберагліся).

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАПАРАЛЕ́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна некат. нерухомай плоскасці. Вывучэнне П.р. зводзіцца да разгляду руху нязменнай плоскай фігуры ў яе плоскасці, што адпавядае паступальнаму руху фігуры разам з выбраным полюсам і яе вярчальнаму руху вакол гэтага полюса.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў (Ігар Антонавіч) (н. 5.1.1958, Мінск),

бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.

Г.​А.​Фатыхава.

І.Бархаткоў. І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі... 1991.

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,

мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вікенцій Іванавіч) (н. 20.1.1936, в. Гарбавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік, акварэліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). У 1963—70 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Асн. творы: акварэлі «Партрэт студэнткі» (1964), «На Камчатцы» (1967), «Адзінокае дрэва» (1981), «Глыбокая восень», «Лучоса» (абедзве 1982), «Элегія» (1991), «Ран ша ва Ушачах», «Шторм», «Лета», «Вечар» (усе 1999); серыі «Лепшыя людзі Віцебска» (1970), «Дрэвы» (1973—74), «Прасёлкі» (1975—78), «Партрэты сучаснікаў» (1970—80-я г.), «Пейзажы Віцебшчыны» (2001); серыя гравюр паводле аповесці «Мядзведзічы» К.​Крапівы (1963), трыпціх «Заваёўнікі» (1967—68); экзатэрычныя серыі «Абліччы», «Міфы», «Віцебск» (усе 1997—2000); тэмперныя кампазіцыі «Пасля дажджу», «Рэчка» (абедзве 2000). Творам уласцівы шырокае вольнае пісьмо, пластычныя і каларыстычныя абагульненні, дэкаратыўнасць, плаўныя кампазіцыйныя рытмы, паэтыка-сімвалічны характар вобразаў.

М.​Л.​Цыбульскі.

В.Ральцэвіч. Элегія. 1991.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

электрычная станцыя, усе агрэгаты якой або частка іх кароткі час працуюць толькі ў перыяд найб. (пікавай) нагрузкі ў энергасістэме. Пікавымі могуць служыць гідраэлектрычныя станцыі з вадасховішчамі, кандэнсацыйныя і газатурбінныя электрастанцыі, гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. П.э. выраўноўваюць рэжым работы асн. электрастанцый, паляпшаюць энергазабеспячэнне спажыўцоў.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),

рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст. школе М.​Д.​Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар. маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ. т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.​Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.​Асеева, М.​Венгерава, І.​Крылова (усе 1920-я г.), І.​В.​Гётэ, М.​Сервантэса, М.​Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.

Літ.:

Ковтун Е. Художница книги В.​М.​Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;

Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;

Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.

А.​Г.​Лісаў.

В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)