МАНГЫ́Т,

дынастыя правіцеляў Бухарскага эмірата ў 1753—1920. Заснавальнік дынастыі Мухамед Рахім

[1753—58] прыняў тытул эміра. Найб. вядомыя прадстаўнікі М.: Даніял-бей [1758—85],

Шах-Мурад [1785—1800], Хайдар [1800—26], Насрула [1826—60], Музафар-эд-дзін [1860—85]. Яны ажыццяўлялі палітыку цэнтралізацыі эмірата, падпарадкоўваючы сабе мясц. феадалаў, вялі барацьбу з Какандскім і Хівінскім ханствамі. Паводле дагавораў 1868 і 1873 прызналі пратэктарат Расіі над Бухарой. У вер. 1920 апошні эмір з М. Алім-хан — быў скінуты часцямі Чырв. Арміі на чале з М.В.Фрунзе і ўцёк у Афганістан. М. прысвечана праца таджыкскага пісьменніка і вучонага Айні «Гісторыя эміраў Мангыцкай дынастыі» (1923).

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАБА́НТ (Brabant),

гістарычная вобласць у Бельгіі і Нідэрландах паміж рэкамі Маас і Шэльда. Тэр. Брабанта (назва вядома э 7 ст.) у 4 ст. заваявалі і засялілі франкі. З 870 у складзе герцагства Ніжняя Латарынгія, у 1106—90 стаў самаст. герцагствам. З 1430 уладанне герцагаў Бургундыі (сталіца — г. Брусель), з 1477 — Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Цэнтр Брабанцкай рэвалюцыі 1789—90. З 1792 акупіраваны, у 1794—1814 анексіраваны франц. войскамі. Пасля ўтварэння каралеўства Бельгіі (1830) падзелены паміж ім (прав. Брабант) і Нідэрландамі (прав. Паўн. Брабант). Наследнік бельг. трона мае тытул герцага брабанцкага.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),

гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗСКАЕ ЦА́РСТВА,

раннефеад. дзяржава ў Закаўказзі з цэнтрам у Кутаісі. У 780-я г. абх. князь Леон II узначаліў барацьбу Зах. Грузіі супраць Візантыі, дамогся поўнай незалежнасці яе зямель і прыняў тытул цара. У гэты час у Абхазскім царстве ўваходзіла таксама ч. Усх. Грузіі. Значна ўмацавалася ў 9 — 1-й пал. 10 ст. Пры царах Георгію (п. у 955) і Леоне III [955—967] паспяхова вяло барацьбу з Тао-Кларджэцкім і Кахецінскім царствамі за панаванне ў Грузіі. Аслабленне Абхазскага царства пры Дэметру [967—975] прывяло да першынства Тао-Кларджэты. У 975 Абхазскае царства ўвайшло ў склад аб’яднанай феад. Грузіі.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕ́ТРЫЙ I ПАЛІЯРКЕ́Т (грэч. Dēmētrios Poliorkētēs, каля 337, Македонія — 283 да н.э.),

палкаводзец эліністычнага перыяду. Сын Антыгона I Аднавокага, паплечніка Аляксандра Македонскага. Разам з бацькам прымаў удзел у барацьбе дыядохаў. У 306 перамог флот Пталамея каля Саламіна на Кіпры, разам з бацькам прыняў тытул цара. У 301 каля г. Іпс Антыгон і Д.П. пацярпелі паражэнне, Антыгон быў забіты, Д.П. уцёк. У 295 захапіў Афіны, у 294—288 валодаў Македоніяй. У 287 у М. Азіі пацярпеў паражэнне ад караля Сірыі Селеўка I, трапіў у палон, дзе і памёр. Біяграфію Д.П. дае Плутарх у «Параўнальных жыццяпісах».

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІСЕ́ВІЧ (Стафан) (1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),

бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).

Літ.:

Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.

І.​І.​Траццяк.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),

1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.

2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр. ВКЛ.

3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),

1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.

2) Л. папскітытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.

3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛЬ,

манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)