АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДЫ́НЯ (Gdynia),
горад на Пн Польшчы. Пабудавана ў 1924—36 як адзіны на той час порт Польшчы на Балтыйскім м. 250,6 тыс. ж. (1993). Уваходзіць у агламерацыю Труймяста (Гдыня, Гданьск, Сопат). Марскі порт. Вываз вугалю, увоз руд, збожжа, нафтапрадуктаў. Суднабудаванне, разнастайнае машынабудаванне, харч. (рыбная, тлушчавая, мясная) прам-сць. Рыбалавецкая база. 2 ВНУ, 2 т-ры, 4 музеі (у т. л. ваенна-марскі). НДІ марскога рыбалоўства.
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ́ (МАР; International Development Association),
філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Створана ў 1960 для прадастаўлення крэдытаў і пазык на льготных умовах краінам, якія сталі на шлях развіцця. МАР мае свой статут, але фактычна кіруецца банкам. Структура МАР: савет кіраўнікоў, выканаўчы дырэктарат, прэзідэнт. Склад савета кіраўнікоў і выканаўчага дырэктарата той жа, што і ў банка. Адм. дзейнасць ажыццяўляе па сумяшчальніцтве персаналам банка. Месцазнаходжанне — Вашынгтон.
т. 10, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)],
мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы, адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФО́С, нітрафасфат,
падвойнае грануляванае комплекснае ўгнаенне. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і дыгідраортафасфат NH4H2PO4; мае 21—23% азоту і да 20% (у пераліку на P2O5) фосфару. Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем канцэнтрату апатыту ці фасфарытаў азотнай к-той з далейшай нейтралізацыяй растворам аміяку. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў як асн. і прыпасяўное ўгнаенне і для падкормкі розных с.-г. культур.
Р.У.Васілюк.
т. 11, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЎЦО́Ў (Іларыён Мікалаевіч) (7.12.1879, б. мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм. т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст. акад. т-ра, Маскоўскім маст. акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
т. 13, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́НА-МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ, гумінавыя ўгнаенні,
угнаенні з арган. рэчываў і звязаных з імі хімічна ці адсарбцыйна мінер. злучэнняў. Атрымліваюць апрацоўкай гумінавых кіслот ці матэрыялаў, у якіх яны ёсць (торф, буры вугаль, сланец, глей, перагной), аміякам, аміячнай вадой, аміячнымі растворамі фасфатаў, фосфарнай к-той, калійнымі солямі. Маюць розны састаў і назву: гумафос, гумафоска, торфа-аміячныя ўгнаенні, гуматы натрыю, амонію і інш. Найб. пашыраны торфа-мінеральныя і торфа-аміячна-мінер. ўгнаенні.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СЕНКАВА (Варвара Мікалаеўна) (22.4.1817, С.-Пецярбург — 1.5.1841),
руская актрыса. З 1835 у Александрынскім т-ры. Выканаўца роляў у вадэвілях і травесці: юнкер Лелеў («Гусарская стаянка, або Плата той жа манетай» В.Арлова), Габрыэль («Дзяўчына-гусар» Ф.Коні), а таксама ў драм. рэпертуары: Эсмеральда (паводле рамана В.Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра). Першая выканаўца роляў Мар’і Антонаўны («Рэвізор» М.Гогаля) і Соф’і («Гора ад розуму» А.Грыбаедава).
т. 2, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛАВА́Я СКО́РАСЦЬ,
вектарная велічыня , якая характарызуе скорасць вярчэння цвёрдага цела. Модуль вуглавой скорасці
, дзе — прырашчэнне вугла павароту за прамежак часу . Вектар накіраваны ўздоўж восі вярчэння ў той бок, адкуль паварот цела бачны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі (правіла правага вінта). Адзінка вуглавой скорасці ў СІ — радыян за секунду (рад/с).
т. 4, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЙ АЛЬГЕ́РДАВІЧ (пасля 1347—99),
князь у ВКЛ, сын Альгерда і Марыі Яраслаўны Віцебскай. Упершыню ўпамінаецца як князь у г. Трубчэўск (на Браншчыне), які разам з г. Старадуб у 1378 добраахвотна здаў свайму брату Андрэю Альгердавічу (на той час прыхільніку Масквы). На баку вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Вярнуўшыся ў ВКЛ, прысягнуў на вернасць Ягайлу (16.12.1388). Загінуў у бітве на Ворскле 1399.
М.І.Ермаловіч.
т. 6, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)