шырокі сац.-паліт. і ідэалаг. рух у Еўропе ў 16 ст., накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў паліт. сістэме грамадства; прывёў да ўзнікнення розных форм пратэстантызму. Ідэйнымі крыніцамі Р. былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтоўвалі прынцыпы бурж. індывідуалізму. Гал. месца ў ідэалогіі Р. займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне — Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царк. саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі Р. патрабавалі адмены царк. дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царк. маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самаст.дэмакр. самакіравальных танных нац. цэркваў. Пачаткам Р. лічыцца выступленне 31.10.1517 праф. тэалогіі Вітэнбергскага ун-та ў Германіі М.Лютэра, у якім ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі. У ліку вядучых тэарэтыкаў Р. былі тэолагі У.Цвінглі і Ж.Кальвін (бюргерска-бурж. кірунак) і святар Т.Мюнцэр (сялянска-плебейскі кірунак).
На Беларусі Р. была абумоўлена глыбокімі сац.-гіст. прычынамі і паўплывала на ўсе бакі нар. жыцця. Гараджане імкнуліся вызваліцца ад феад. залежнасці, магнаты і шляхта разлічвалі захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы, гар. нізы і сялянства змагаліся супраць уціску свецкіх і царк. феадалаў, хоць сял. масы не прынялі шырокага ўдзелу ў рэфармацыйным працэсе. На фарміраванне Р. на Беларусі паўплывалі зах.-еўрап. гуманізм, гусіцкая ідэалогія, вучэнні правадыроў еўрап. Р. (асабліва кальвінізму), ідэі рус. вальнадумства. Першыя пратэстанцкія абшчыны ўзніклі да сярэдзіны 16 ст. У 1535 слуцкі кн. Ю Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Але лютэранства не атрымала тут вял. пашырэння. У 1550-я г. ў духу кальвінізму рэфармаваны цэрквы ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Навагрудку, пазней у Віцебску, Мінску, Полацку, Глыбокім, Івянцы, Оршы, Смаргоні і інш. Р. падтрымалі буйныя феадалы: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. У 1557 у Вільні адбыўся ўстаноўчы сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Да 1560 рэфармацыйны рух на Беларусі набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю, якая адрознівалася ад зах.-еўрап. кальвінізму большай цярпімасцю. Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. У 1560-я г. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак — антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыніяне. Своеасаблівасцю Беларусі было тое, што ў рэфармацыйным руху ўдзельнічалі і выхадцы з правасл. царквы. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 на Беларусі пачалося наступленне Контррэфармацыі, большасць магнатаў перайшла ў каталіцтва, што прадвызначыла згасанне Р. У 17 ст. большасць пратэстантаў была вымушана вярнуцца ў каталіцызм; тыя, што заставаліся пратэстантамі, абмяжоўваліся ў правах. У 1658 прынята пастанова соймавага суда аб выгнанні антытрынітарыяў з Рэчы Паспалітай. Р. актыўна ўздзейнічала на духоўныя працэсы. З ёю звязана фарміраванне бел. народнасці і станаўленне нац. самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё л-ры, асветніцкай дзейнасці. Р. падарвала аўтарытэт афіц. тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў.
Літ.:
Смирин М.М. Народная реформация Томаса Мюнцера и Великая Крестьянская война. 2 изд. М., 1955;
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970;
Дмитриев М.В. Православие и реформация: Реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. М., 1990;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księsiwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел.сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.
Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першая бел. П.п. — Бел.рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Каганец), В.Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр.с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял.Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў Беларусі, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.
Літ.:
Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;
Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;
Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Антон Іванавіч) (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады (БРГ, гл.Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ.«Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач.кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.П.Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.В.Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.
Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн.літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.Багдановіча, А.Бурбіса, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.В.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.Кісялёва, падручнік В.Остэрлёфа і Я.Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Белорусы. СПб., 1909;
Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;
Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
Літ.:
Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;
Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;
Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;
Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;
Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;
Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;
Антон Луцкевіч. Мн., 1999;
Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,
песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял.эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац.муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз.муз. калектываў. Вытокі нар.муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж.усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.
Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).
Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл.Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).
Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл.Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл.Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн.муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел.канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус.дэмакр. бытавога раманса.
Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд.этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел.сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел.традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.Коласа («Нёман»), К.Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар.рэв. песеннай класікі. У Вял.Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел.нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, З.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.
Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял.Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.
Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб.стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар.інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл.Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.
Літ.:
Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;
Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;
М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;
Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;
Назіна І.Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;
Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.