ЕЎФРА́Т,

араб. Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г. Вавілон.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЫ, Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes),

горная сістэма на Пн і З Паўн. Амерыкі Паўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28° паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс. км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах. Андаў да Пд Цэнтр. Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38° паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28° паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.​І.​Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Паўночныя Анды. Высакагорны рэльеф.
Анды на граніцы Чылі і Аргенціны.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСТА́Н,

паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн. км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак. Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЕ НАГО́Р’Е.

На Пд Паўн. Амерыкі, большая ч. ў Мексіцы і на Пд ЗША. Пл. каля 1200 тыс. км². Унутр. яго ч. ўтварае плато Паўн. Меса (выш. 900—1200 м) і Цэнтр. Меса (выш. 2000—2400 м). На У, З і Пд іх абкружаюць горныя хрыбты Усх. Сьера-Мадрэ (4054 м), Зах. Сьера-Мадрэ (3150 м) і Папярочная Вулканічная Сьера (дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). Складзена з вапнякоў, пясчанікаў, мергеляў, вельмі пашыраны лававыя покрывы і алювіяльна-дэлювіяльныя адклады. Радовішчы руд каляровых і высакародных металаў. Клімат трапічны, змяняецца ад кантынентальнага сухога на Пн да мяккага, вільготнага на Пд. Сярэднія месячныя т-ры студз. ад 9 да 14 °C (у высокіх гарах і на Пн бываюць маразы да -20 °C), ліп. ад 15 °C да 20 °C. Гадавыя ападкі 200—400 мм на Пн, 2000—3000 мм на Пд. Сухія паўн. часткі не маюць сцёку ў акіян, вадатокі носяць часовы характар, за выключэннем р. Кончас. На Пд рэкі паўнаводныя, шмат азёр. Расліннасць б.ч. пустынная з мноствам сукулентаў. На Пн пануюць кактусы (каля 500 відаў), агавы (140 відаў), юкі, калючыя хмызнякі, на Пд — саванны, на наветраных схілах гор — вільготныя трапічныя лясы, якія змяняюцца з выш. 1000—2000 м хваёва-піхтавымі лясамі, а вышэй 4000 м — субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Для жывёльнага свету характэрны алені, антылопа віларог, розныя грызуны, з драпежных — чырвоная рысь, пума, ваўкі, лісы, выдры, яноты, з птушак — разнастайныя прадстаўнікі вераб’іных; шмат паўзуноў. На Пд трапляюцца ягуар, ацэлот, пекары, браняносец, мурашкаед і інш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСТЭПАВЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх лясная расліннасць чаргуецца са стэпавай. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і субтрапічных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў.

Ва ўмераным поясе Л.з. займаюць найб. плошчы на тэр. Еўразіі, дзе выцягнуты суцэльнай паласой ад перадгор’яў Карпат да Алтая. У Паўн. Амерыцы яны займаюць значныя тэрыторыі ўздоўж Скалістых гор. Паводле характару расліннасці Л.з. падзяляюцца на шыракалістыя, хвойна-драбналістыя і прэрыі (на тэр. Амерыкі). Клімат умерана кантынентальны са снежнай халоднай зімой і цёплым, адносна вільготным летам. Радыяцыйны баланс 420—545 кДж/см² за год. Сярэднія т-ры студз. -5 °C, месцамі ніжэй, ліп. 18—25 °C. Ападкаў 400—1000 мм за год. Глебы шэрыя лясныя і чарназёмы (ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя).

Для жывёльнага свету еўрапейскай Л.з. характэрны вавёрка, заяц, вял. тушканчык, рабы суслік, для сібірскай — суслікі і хамякі, для амерыканскай — лугавыя сабачкі, мышападобныя грызуны, зайцы, суркі, грымучыя змеі. Вял. ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі.

У субтрапічным поясе Л.з. развіты пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, часткова на ПдУ Афрыкі, У Азіі, у Аўстраліі. Клімат субтрапічны, мусонны, з цёплай зімой і гарачым летам. Радыяцыйны баланс 210—250 кДж/см² за год. Сярэднямесячныя т-ры 4—24 °C. Вегетацыя раслін працягваецца круглы год, але замаруджваецца ў сухія перыяды. Ападкаў 600—1200 мм (у мусонных абласцях) за год. Глебы чарназёмападобныя і чырванавата-чорныя, маюць высокую ўрадлівасць. Расліннасць субтрапічных саваннаў і прэрый — высакатраўная (пераважна злакавая і злакава-разнатраўная) у спалучэнні з хмызняковымі зараснікамі, рэдкалессем і асобнымі дрэвамі. У жывёльным свеце пераважаюць стэпавыя або саванныя віды. Тэрыторыя характарызуецца высокім с.-г. асваеннем. Пашавая жывёлагадоўля. У асобных месцах антрапагеннае ўздзеянне на ландшафт вядзе да апустыньвання і інш. негатыўных з’яў.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЫ, арэкавыя (Palmae, або Arecaceae),

сямейства аднадольных кветкавых раслін. Каля 250 (па інш. звестках 212) родаў, каля 3400 (па інш. звестках 2780) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некат. — у субтропіках. Растуць у вільготных трапічных лясах, саваннах, аазісах пустынь, у гарах, на марскіх узбярэжжах. Культывуюць больш за 220 відаў. Найб. гасп. значэнне маюць П. алейная, какосавая, сагавая, фінікавая. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць фінікавую. пальму, віды трахікарпуса, хамеропса (Chamaerops) і інш.

Дрэвападобныя расліны (кусты) выш. да 60 м, дыяметр ствала да 1 м. Звычайна ствалы не галінастыя, калонападобныя з кронай лісця на вяршыні, у большасці гладкія, у некат. — з рэшткамі лісцевых чаранкоў і похваў, у інш. — бочкападобнаўздутыя. Ёсць т.зв. бессцябловыя П. (надземныя сцёблы амаль ці поўнасцю адсутнічаюць і над зямлёй узвышаецца лісце), лазячыя ліяны з тонкімі (дыяметрам 2—3 см) і доўгімі (даўж. да 180 м) сцёбламі (ратангавыя П.). Лісце чаргаванае, перыстае (даўж. да 15 м) або веернае (дыяметрам больш за 5 м). Зацвітаюць звычайна на 5—12-ы, часам на 30—50-ы год. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя. Суквецці мяцёлчатыя або коласападобныя, пазушныя, у некат. — верхавінкавыя. Ствалы П. з верхавінкавымі суквеццямі пасля плоданашэння адміраюць (монакарпічныя расліны). Плады не раскрываюцца, сакаўныя або сухія, пераважна касцянкападобныя ці ягадападобныя. Па гасп. значэнні сярод раслін П. займаюць адно з першых месц. З іх атрымліваюць ядомыя плады, харч. і тэхн. алей, цукры, віны, спірт, раслінны воск, т.зв. расл. слановую косць (цвёрдае насенне некат. П.), будаўнічую і вырабную драўніну, сыравіну для вытв-сці паперы, валакна і інш. Дэкар. расліны.

Літ.:

Сааков С.Г. Пальмы и их культура в СССР. М.; Л., 1954;

Имханицкая Н.Н. Пальмы. Л., 1985.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),

на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́С (грэч. Atlas),

Атласкія горы, горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.

Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-ра студз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-ра ліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч. тэр. 400—600 мм за год, найб. колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 м — мяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Горы Атлас.

т. 2, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна харчовай прамысловасці, якая ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі. Вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-расл. кансервы, жывёльныя тлушчы, сухія жывёльныя кармы, тэхн. і фармацэўтычную сыравіну (рогакапытную, эндакрынную, косці, шкуры і інш.).

У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі невял. паўсаматужныя бойні (у 1913 іх было 50, забіта 51 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 41,7 тыс. свіней) і каўбасныя майстэрні (у Ашмянах, Барысаве, Гомелі, Гродне і інш.), пераважна пры каўбасных крамах. У 1905 самая буйная бойня (8—10 галоў жывёлы за сут) працавала ў Магілёве. З 1920-х г. М.п. развіваецца як індустр. галіна. У 1922 пабудаваны Мінскі мясакамбінат і каўбасны цэх на Магілёўскім мясакамбінаце, у 1930 — Бабруйскі мяса- і Аршанскі мясакансервавы камбінаты, у 1937 — Магілёўскі жэлацінавы завод. У Вял. Айч. вайну амаль усе прадпрыемствы М.п. разбураны. Адноўлены да 1950. Пабудаваны мясакамбінаты ў Брэсце (1944), Лідзе (1945), Барысаве (1967), Бярозе, Слуцку, Гродне, Віцебску, Крычаве, Жлобіне (1971—75), халадзільнікі на Бабруйскім, Кобрынскім, Ашмянскім, Аршанскім птушкакамбінатах (1960—65), мясаперапрацоўчы з-д у Мінску (1972—74, адзіны ў рэспубліцы, вырабляе паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы з сыравіны інш. прадпрыемстваў па забоі жывёлы) і інш. Адбываліся канцэнтраванне вытв-сці, далучэнне птушкакамбінатаў да мясакамбінатаў. У 1990 М.п. Беларусі выпускала мяса 6,9%, каўбасных вырабаў 4,1% ад агульнасаюзнага аб’ёму. Для канца 1980—90-х г. характэрна стварэнне невял. прадпрыемстваў і вытв-сцей у малых населеных пунктах, блізкіх да сыравіннай базы. У 1980 М.п. налічвала 229 прадпрыемстваў і вытв-сцей, у 1988—334, у 1993—451, у 1998—695.

У 1990 вытв-сць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі склала 889,1 тыс. т, каўбасных вырабаў 216,6 тыс. т, мясных паўфабрыкатаў 109,7 тыс. т, мясных і мяса-расл. кансерваў 97,1 млн. умоўных слоікаў, у 1997 — адпаведна 342; 153,9; 52,5 і 50,3, у 1998—371,7; 162,8; 60,1 і 64, на долю М.п. прыпадала 25,6% агульнай прадукцыі (у дзеючых цэнах) харч. прам-сці і 53,3% — мяса-малочнай галіны. Асн. ч. прадукцыі вырабляюць (1999) 3 мясакансервавыя (Аршанскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат і Баранавіцкі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя: Слуцкі мясакамбінат, Мінскі, Магілёўскі, Гомельскі, Жлобінскі і Гродзенскі. Прадпрыемствы галіны працуюць пераважна на мясц. сыравіне, асн. яе пастаўшчыкі — калгасы і саўгасы. Ч. прадукцыі экспартуецца.

У 1994 найб. колькасць мяса (млн. т) выпушчана ў Кітаі (41,4), ЗША (32,1), Бразіліі (8,1), Расіі (7,4), Францыі (6,2) і Германіі (5,8), найб. колькасць мяса на душу насельніцтва (кг) — у Даніі (363,2), Аўстраліі (185,7), Нідэрландах (179,8), Бельгіі з Люксембургам (151,4), ЗША (123,1), Аргенціне (109,1), Францыі (106,8) і Канадзе (106,3).

У.​У.​Некрыш.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш. гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),

буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс. км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс. км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн. ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс. км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял. трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.

Літ.:

Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;

Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.

А.​М.​Матузка.

Усходні бераг Каспійскага мора.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)