род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТАМІ́Т (ад позналац. Diatomeae дыятомавыя водарасці),
зямлістая рыхлая ці слабасцэментаваная асадкавая горная парода, утвораная пераважна з ракавінак дыятомавых водарасцей. Мае ад 62 да 97% воднага крэменязёму (апалу), пастаянныя прымесі гліністых мінералаў. Колер белы, светла- ці жаўтавата-шэры, зрэдку цёмна-шэры. Характарызуецца вял. порыстасцю, адсарбцыйнымі і ізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Паходжанне Д. марское, азёрнае ці балотнае. На Беларусі выяўлены пераважна ў александрыйскіх (магутнасць да 20 м, Мінскае ўзв.) і муравінскіх (у прыродным агаленні Панямунь паблізу Гродна) адкладах. Выкарыстоўваецца ў буд., харч., нафтавай і хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ АЛАТА́У,
зімовы сорт яблыні казахскай селекцыі. Атрыманы з сеянцаў сорту Ранет арлеанскі ад свабоднага апылення. На Беларусі вырошчваюць у гаспадарках Гродзенскай вобл. і садаводы-аматары.
Дрэва сярэднярослае, з шырокаавальнай кронай, пладаносіць на 5—6-ы год пасля пасадкі (на клонавых прышчэпах — на 2—3-і год). Плады сярэдняй велічыні (100—115 г) шырокаканічныя, светла-жоўтыя, з лёгкім аранжавым румянцам, дэсертнага прызначэння. Выспяваюць у пачатку кастр., захоўваюцца да крас.—мая. Мякаць шчыльная, дробназярністая, сакаўная, духмяная. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы, ураджайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля пас. Зара. Пластавы паклад звязаны з адкладамі антопальскага гарызонта неагену. Гліны светла-шэрыя алеўрытавыя каалініт-мантмарыланітавыя (верхні слой), жаўтавата-белыя пескавата-алеўрыцістыя каалінітавыя (сярэдні), стракатакаляровыя пясчаныя каалінітавыя (ніжні), высокапластычныя, тонкадысперсныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 5 млн.м³, перспектыўныя 0,6 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—11,2 м, ускрышы 1,8—6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць аглапарыту, цэменту (у сумесі з фосфагіпсам), на выраб цэглы і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ.
У Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р.п. Мікашэвічы, ва ўсх.ч.Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу. Паклад звязаны з ніжнепратэразойскімі пародамі крышт. фундамента. Карысныя выкапні (дыярыты, гранадыярыты, граніты) светла-шэрых адценняў, пераважна сярэднезярністыя, зверху трэшчынаватыя. Разведаныя запасы 373,3 млн.м³, перспектыўныя 147,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 82,8—135,8 м, ускрышы (пяскі, гліны, алеўрыты, выветралыя крышт. пароды) 3,1—59,4 м. Карысныя выкапні прыдатныя на выраб бутавага каменю, шчэбеню і штучнага пяску. Распрацоўваецца Мікашэвіцкім прадпрыемствам «Граніт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВАЎНЯ́НЫ АЛЕ́Й,
раслінны алей з насення бавоўніку. Вадкасць ад светла-жоўтага (рафінаваны баваўняны алей) да карычневага колеру, тэмпература застывання ад 5 да -6 °C, шчыльн. 0,918—0,932∙103кг/м³. Нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках (акрамя метылавага і этылавага спіртоў). Мае 22—25% тлустых насычаных кіслот (C10—C20), 23—35% алеінавай, 34—57% лінолевай кіслот. Атрымліваюць прасаваннем насення ці яго экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Баваўняны алей — сыравіна ў вытв-сці тлустых кіслот, гліцэрыны, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў, пакостаў, алкідных смолаў; рафінаваны — харч. прадуктаў (напр., маргарыну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К, губа авечая,
хрушч (Albatrellus ovinus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.
Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКУ́ЧНІК (Gymnokarpium),
род папарацей сям. шчытоўнікавых, або апсідыевых. 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляюцца галакучнік трохраздзельны, або папараць Лінея (Gymnokarpium dryopteris), што расце групамі або зараснікамі ў хвойных (пераважна яловых) лясах, лясных ярах, і галакучнік Роберта (Gymnokarpium robertianum), які зрэдку трапляецца ў паўн. раёнах на вапнавых агаленнях у хвойных лясах.
Шматгадовыя папараці з тонкімі, часта галінастымі паўзучымі карэнішчамі, укрытымі светла-карычневымі шырокаяйцападобнымі лускавінамі. Лісце адзіночнае, прамастойнае, трохраздзельнае з двойчыперыстай пласцінкай, на ніжнім баку якой размешчаны сорусы са спорамі. Спараносяць у чэрв.—ліпені. Дубільныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНГІВІ́Т (ад лац. gingiva дзясна + ...іт),
запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ ШЭ́РАЯ (Anser anser),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.
Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.