КО́ЛЕРЫ НАПА́ЛУ — колеры свячэння металу, якія залежаць ад т-ры нагрэву. Для сталі характэрны колеры: цёмна-карычневы (550), карычнева-чырвоны (630), цёмна-чырвоны (680), цёмна-вішнёвы (740), вішнёвы (770), ярка- або светла-вішнёвы (800), светла-чырвоны (850), ярка-чырвоны (900), жоўта-чырвоны (950), жоўты (1000), ярка- або светла-жоўты (1100), жоўта-белы (1200), белы (1300). Да з’яўлення пірометраў і аўтам. вымяральных прылад па колерах на працягу вякоў вызначалі т-ру нагрэву металаў.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,

радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́НЫЯ КА́ЧКІ,

пародная група мяса-яечнага кірунку. Выведзена на Кучынскім птушказаводзе (Маскоўская вобл., Расія) у 1950 скрыжаваннем мясцовых качак з пекінскай і хакі-кемпбел пародамі. На Беларусі гадуюць пераважна ў асабістых гаспадарках.

Маса качараў 3—4 кг, качак 2,8—3,5 кг. Апярэнне качараў светла-шэрае, грудзі карычнева-чырвоныя, качак — светла-карычневае з цёмна-сінімі люстэркамі на крылах. Тулава падоўжанае, шырокае, крыху прыўзнятае. Галава невял., дзюба цёмная. Шыя крыху выгнутая. Ногі невысокія. Яйцаноскасць да 200 (найб. 234) яец за год.

Люстраныя качкі.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́К (Adenophora),

род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі пераважна на ПдУ трапляецца З. лілеялісты (A lilifolia) — рэдкі рэліктавы еўрасібірскі від. Расце ў зарасніках хмызнякоў па далінах рэк. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі вырошчваецца З. Ламарка (A. lamarckii).

Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным карэнішчам і прамастойным простым ці галінастым густааблісцелым сцяблом выш да 120 см. Лісце амаль сядзячае, чаргаванае, зубчастае, падоўжана-авальнае і ланцэтнае. Кветкі званочкавыя, светла-блакітныя, светла-ліловыя або белыя, дробныя, паніклыя, у пірамідальных гронкападобных ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — павіслая адваротна-грушападобная каробачка. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.

Званок лілеялісты.

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНЧУКІ́,

насякомыя сям. саранчовых сапраўдных (Acrididae) атр. прамакрылых. 2 роды: Euthystira і Chrysochraon, у кожным па 1 віду з 2 падвідамі — З. кароткакрылы (E. brachyptera) і З. няпарны (Ch. dispar). Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Каўказе, паўн.-ўсх. Сярэдняй Азіі, Сібіры. На Беларусі 2 віды, падвід З. няпарнага (Ch. dispar dispar) занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 13,5—38 мм, самкі большыя. Самцы светла-ізумруднага колеру з залацістым адценнем, самкі светла-шэрыя або бура-зялёныя з вохрыстым адценнем. Пярэдняспінка падоўжаная, ззаду закругленая. Вусікі і ногі доўгія. Пярэднія ногі хадзільныя, заднія скакальныя. Яйцы адкладаюць на расліны. Расліннаедныя.

С.​Л.​Максімава.

Зелянчук няпарны: 1 — самка; 2 — самец.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТВЕ́ЙН (ням. Portwein ад назвы г. Порту + ням. Wein віно),

моцнае вінаграднае віно, прыгатаванае спіртаваннем спіртам-рэктыфікатам часткова зброджанага вінаграднага сусла з мязгой. Мае 17—19 аб’ёмных працэнтаў спірту, 5—13% цукру. Выпускаюць П. белы (колер ад светла-залацістага да залацістага) і чырвоны (ад светла- да цёмна-чырвонага). Асаблівасць атрымання — працэс партвейнізацыі: награванне вінаматэрыялу ў бочках на працягу 2—3 летніх сезонаў і далейшая вытрымка яго 1—1,5 года. Найлепшыя гатункі П. вырабляюць у Партугаліі («Порта Калхейта», «Порта Барас» і інш.). У краінах СНД шырока вядомыя П. «Лівадзія», «Масандра», «Кокур», «Крымскі» (Украіна), «Айгешат» (Арменія), «Карданахі» (Грузія), «Кізляр» (Расія).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВЕРКАМП ((Avercamp) Хендрык) (25.1.1585, Амстэрдам — 15.5.1634),

галандскі жывапісец. Стварыў жанрава-пейзажныя карціны, характэрныя для галандскага рэалізму пач. 17 ст., невялікія зімовыя пейзажы ў светла-серабрыстай гаме («Катанне на каньках»).

Х.Аверкамп. Катанне на каньках.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,

парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.

Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.

Нью-гэмпшыры.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗЕАДЫ́М (лац. Praseodymium),

Pr, хімічны элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 59, ат.м. 140, 9077, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​141 Pr. У зямной кары 7∙10​−4% па масе. Адкрыты разам з неадымам, назва ад грэч. prasios — светла-зялёны (большасць солей П. маюць такую афарбоўку) і didymys — блізня, двайнік.

Метал светла-шэрага колеру, tпл 932 °C, шчыльн. 6780 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем (павольна), з салянай, азотнай і сернай к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам (пры пакаёвай т-ры паглынае яго). Метал. П. атрымліваюць пераважна электролізам расплаву трыхларыду Выкарыстоўваюць як кампанент міш-металу, магн. сплаваў з кобальтам і нікелем, легіруючую дабаўку да сталі і інш. сплаваў, аксіды — пігменты для каляровага шкла, маст. керамікі.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)