ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),

сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л. спадарожнікавай сувязі.

Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.

А.​В.​Шаранкоў.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЭ́НЗІЯ (ад лац. licentia свабода, права),

1) дазвол на выкарыстанне абароненых патэнтам вынаходстваў, карысных мадэляў і інш. тэхн. дасягненняў. Даецца патэнтаўладальнікам (ліцэнзіярам) юрыд. або фіз. асобам (ліцэнзіяту) на пэўны тэрмін за пэўнае ўзнагароджанне; афармляецца ліцэнзійным дагаворам. Адрозніваюць Л. патэнтную (даецца на запатэнтаванае вынаходства) і беспатэнтную (даецца на незапатэнтаванае вынаходства). Асн. віды патэнтнай Л.: невыключная (дазваляе ліцэнзіяру самому выкарыстоўваць вынаходствы або даваць Л. інш. асобам), выключная (ліцэнзіяр адмаўляецца ад выдачы Л. інш. асобам і ад самастойнага выкарыстання вынаходства ў вызначаных дагаворам межах), поўная (прадугледжвае поўнае адмаўленне ліцэнзіяра ад самастойнага выкарыстання вынаходства), прымусовая (даецца ў выпадку невыкарыстання або недастатковага выкарыстання вынаходства з прычыны нязгоды патэнтаўладальніка даваць Л.; пытанне аб выдачы прымусовай Л. вырашаецца ў судзе).

2) Дазвол на вядзенне некаторых відаў дзейнасці, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам належаць ліцэнзаванню (напр., прыватныя медыцынская, банкаўская дзейнасць).

3) Дазвол на ажыццяўленне экспартна-імпартных аперацый, увоз, вываз або транзіт пэўнай колькасці тавараў, свабодны ўвоз, вываз або транзіт якіх не дапускаецца; выдаецца дзярж. органамі з мэтай кантролю экспарту, імпарту, руху валюты.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),

электранейтральная элементарная часціца са спінам ​1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікам у 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.

Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; мае магн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.

У.​Р.​Барышэўскі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́СТВЕННЫ СПЕЎ, дзямества,

аднагалосы спеў у правасл. царкве. Найб. ранняе ўпамінанне датуецца 1441 (Васкрасенскі летапіс), у пеўчых кнігах — канцом 15 — пач. 16 ст. З 16 ст. пашыраны ў Ноўгарадзе, на Беларусі і Украіне. Напачатку спеў запісвалі стаўповай натацыяй, у сярэдзіне 16 ст. выпрацаваны арыгінальны тып безлінейнай дзямественнай натацыі (камбінацыя знакаў стаўповага і пуцявога знамені; гл. Крукі). У наш час выпрацаваны ўстойлівыя пісьмовыя і пеўчая традыцыі Дз.с. Яго характэрныя прыкметы: адсутнасць тайназамкнёнасці ў графічных і рытмічных варыянтах; непадпарадкаванасць сістэме асмагласся; больш свабодны падыход да патрабаванняў тэксту, падпарадкаванне яго мелодыі; мелізматычны тып спеву; адсутнасць уніфікацыі яго спісаў; адыход ад строгіх канонаў знаменнага спеву, шматварыянтнасць графікі і рытмікі. У богаслужэнні Дз.с. выкарыстоўваюць толькі ва ўрачыстых выпадках (найб. важныя песнапенні ўсяночнай і літургіі, велічанне, асвячэнне храмаў, вянчанне і інш.). Раней абмежаваны рэпертуар Дз.с. ў 18 ст. ўзбагаціўся, пашырылася аднагалосая дзямественная натацыя (па расшыфроўцы дзямественнай натацыі позняга перыяду існуюць азбукі 2-й пал. 18—19 ст., даследаванні Г.​Пажыдаевай, С.​Фралова і інш.). Стараж. бел. дзямественныя манодыі змешчаны ў Супрасльскім ірмалоі 1598—1601 (каля 30 песнапенняў з усяночнага няспання, літургій Раней асвячоных дароў і Васіля Вялікага, велікодных свят; некат. ўзоры выкладзены ў некалькіх напевах).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.​Бел, З.​Бжазінскі, А.​Тофлер, А.​Кінг, Дж.​Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (італа-раманская падгрупа). Найб. блізкая да лацінскай мовы. Афіц. мова Італіі, Ватыкана (разам з лац. мовай), Сан-Марына і Швейцарыі (разам з франц., ням., рэтараманскай). Пашырана таксама ў ЗША, Германіі, Аргенціне, Францыі, Бельгіі і інш.

Развілася з нар. латыні пасля падзення Рым. імперыі. Мае 3 групы дыялектаў: паўн. (п’емонцкі, лігурыйскі, ламбардскі, эмільянскі, венецыянскі), цэнтр. (тасканскі, умбрскі, рым., карсіканскі) і паўд. (неапалітанскі, абруцкі, анулійскі, калабрыйскі, сіцылійскі), якія вельмі розняцца паміж сабой, асабліва ў фанетыцы і лексіцы.

Асн. асаблівасці: у фанетыцы ўсе словы канчаюцца на галосны гук, пад націскам адрозніваюцца 7 галосных, шэраг дыфтонгаў, частыя спалучэнні па некалькі галосных, вымаўленне гукаў выразнае і напружанае; у марфалогіі — грамат. значэнне асобы, ліку, часу, ладу выражана флексіяй дзеяслова, сістэма часоў індыкатыву складаецца з 4 простых і 4 складаных форм; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі (судовыя тэксты) адносяцца да 10 ст. Літ. мова пачала складвацца ў 13 ст. на аснове тасканскага дыялекту, вял. роля ў яе фарміраванні належыць творам Дантэ, Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Бурсье Э. Основы романского языкознания: Пер. с фр. М., 1952;

Алисова Т.Б., Черданцева Т.З. Итальянский язык. М., 1962.

В.​У.​Мартынаў.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТРО́ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1936 аб рэжыме чарнаморскіх праліваў.

Адбылася 22 чэрв. — 20 ліп. ў г. Мантро (Швейцарыя) з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, СССР, Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі, Югаславіі. Склікана па ініцыятыве тур. ўрада для перагляду канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, прынятай на Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Пасля дыскусій пераважна паміж прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і СССР 20.7.1936 падпісана канвенцыя на 20 гадоў (набыла сілу 9.11.1936, двойчы працягвалася), якая ў асн. дзейнічае і цяпер. Паводле яе Турцыі дадзена права рэмілітарызаваць зону праліваў (Басфор, Дарданелы, Мармуровае м.) і кантраляваць выкананне канвенцыі, дазволены свабодны праход праз пралівы гандл. суднаў усіх краін у мірны і ваен. час, любых ваен. караблёў чарнаморскіх дзяржаў (пасля апавяшчэння тур. улад) і да 9 невял. ваен. караблёў агульным водазмяшчэннем 15 тыс. т нечарнаморскіх дзяржаў у мірны час. Калі Турцыя ваюе або знаходзіцца перад пагрозаю вайны, яна можа дазволіць або забараніць праход праз пралівы любых ваен. суднаў; у час вайны, у якой Турцыя не ўдзельнічае, забараняецца праход праз пралівы ваен. караблёў любой дзяржавы, што ваюе. У 1938 да канвенцыі далучылася Італія.

Кр.: Международное право в документах. 2 изд. М., 1997.

Літ.:

Калинкин Г.Ф. Режим морских пространств. М., 1981.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ННІК АСТРАНАМІ́ЧНЫ,

гадзіннік для вызначэння, адліку і захавання дакладнага часу, які неабходны пры астр. даследаваннях, у практычнай астраноміі, астраметрыі. У старажытнасці для астр. даследаванняў карысталіся пясочнымі, вадзянымі і сонечнымі гадзіннікамі. Іх хібнасць складала секунды і болей. Да сучасных гадзіннікаў астранамічных адносяць спец. маятнікавыя (з сутачным ходам гадзіннікаў да 5∙10​−4 с), кварцавыя гадзіннікі (з сутачным ходам 5∙10​−7 с), квантавыя гадзіннікі (атамныя гадзіннікі з сутачным ходам не больш за 10​−8 с).

Маятнікавыя гадзіннікі канструкцый англ. інж. У.​Г.​Шорта і сав. канструктара Ф.​М.​Федчанкі складаюцца з 2 маятнікаў — свабоднага і другаснага. Іх дакладнасць заснавана на ўласцівасці маятніка захоўваць пастаянным перыяд сваіх ваганняў, які залежыць ад даўжыні маятніка. Для выключэння ўплыву змены знешніх умоў (т-ры, атм. ціску) на перыяд ваганняў стрыжань робяць з матэрыялу з малым каэф. лінейнага расшырэння, а сам свабодны маятнік змяшчаюць у герметычным аб’ёме ў ізатэрмічным пакоі. Маятнік злучаны з другасным гадзіннікавым механізмам эл. ланцугом. Маятнікавыя гадзіннікі патрабуюць папраўкі пры дапамозе астр. назіранняў або радыёсігналаў дакладнага часу, што выконваюцца службай часу. Кварцавыя гадзіннікі заснаваны на п’езаэлектрычным эфекце; малекулярныя і атамныя — на выкарыстанні ўласнай частаты ваганняў малекул і атамаў некаторых рэчываў (аміяку, цэзію, вадароду), што дало магчымасць стварыць новую, незалежную ад астр. назіранняў сістэму лічэння часу.

Літ.:

Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977.

Н.​А.​Ушакова.

т. 4, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),

мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал. эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.

Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац. яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ікебана.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)