ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],

полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн. Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл. Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус. правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).

Літ.:

Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;

Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;

Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў.

Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,

сысуны (Mammalia),

клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр. аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр. сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр. прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.

Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз. тэрыялогія.

Літ.:

Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;

Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілемесапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАСЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōsis веды + ...логія),

вучэнне аб пазнанні; раздзел філасофіі, які вывучае суадносіны суб’екта і аб’екта ў працэсе пазнавальнай дзейнасці, магчымасці і межы пазнання свету чалавекам, шляхі і сродкі дасягнення ісціны. Гнасеалогія даследуе: месца і ролю ведаў у адносінах чалавека да сусвету, у развіцці індывід. чалавека (асобы) і ў эвалюцыі грамадства, яго трансфармацыі; асаблівасці пазнання як спецыялізаванай дзейнасці і шляхі яго ўваходжання ў інш. віды дзейнасці; суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, перадумовы і крытэрыі сапраўднасці ведаў, суадносіны паміж ісціннасцю і памылковасцю апошніх.

Гісторыя гнасеалогіі фактычна пачынаецца з пытання аб тым, што такое веды, чым яны забяспечваюцца (пачуццямі ці розумам). Платон сцвярджаў, што сапраўдныя веды маюць агульнаабавязковы характар, г. зн. не залежаць ад індывід. асаблівасцей суб’екта. Арыстоцель абгрунтоўваў тэзіс пра адзінства ведаў і прадмета пазнання, пра лагічную структуру пазнавальнага працэсу. У 17—18 ст. Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро і інш. раскрылі вял. ролю навук. метадаў, своеасаблівасць спалучэння пачуццёвых і рацыянальных момантаў у пазнавальным працэсе, суадносіны з рэчаіснасцю. Прадстаўнікі ням. класічнай філасофіі 19 ст. (І.​Кант, Г.​Гегель і інш.) абгрунтавалі неабходнасць пераадолення разрыву паміж гнасеалагічнай і анталагічнай праблематыкай, дыялектычнае адзінства эмпірычнага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, наяўнасць узаемапераходаў гэтых катэгорый, узаемасувязь тэарэт. і практычнага розуму. Марксісцкая гнасеалогія асабліва падкрэслівала дзейсную прыроду пазнання, ролю практыкі як асновы і крытэрыю сапраўднасці ведаў, значэнне пазнання ў перабудове навакольнага асяроддзя, перш за ўсё сац. рэчаіснасці. Філас. фенаменалогія (Э.​Гусерль і інш.) лічыць, што найб. фундаментальнай характарыстыкай пазнавальнага працэсу з’яўляецца інтэнцыяльнасць — скіраванасць свядомасці на прадмет пазнання. У сярэдзіне і канцы 20 ст. прадстаўнікі аналітычнай філасофіі (Б.​Расел, Дж.​Мур, Р.​Карнап, Л.​Вітгенштэйн, К.​Попер і інш.) прааналізавалі месца і ролю знакава-сімвалічных сродкаў навук. мыслення, спосабы верыфікацыі навук. ведаў.

У апошнія дзесяцігоддзі гнасеалогія надае ўсё большае значэнне распрацоўцы агульнаметадалагічных праблем развіцця навукі, яе сац. прыроды. Даследаванні праведзеныя ў Беларусі (Я.​Бабосаў, Г.​Несвятайлаў, В.​Русецкая і інш.) паказалі, што перспектывы развіцця гнасеалогіі шмат у чым абумоўлены сац. сітуацыяй, назапашваннем ведаў.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Гносеология в системе философского мировоззрения. М., 1983;

Познавательные действия в современной науке. Мн., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае агульныя заканамернасці будовы, складу, развіцця і эвалюцыі зорных сістэм, у т. л. Галактыкі. Даследаванні інш. галактык і пазагалактычных аб’ектаў вылучыліся ў сярэдзіне 20 ст. ў пазагалактычную астраномію. Метадамі стат. аналізу, астраметрыі і астрафізікі даследуюцца таксама залежнасці паміж асобнымі характарыстыкамі зорак, іх сістэм, асацыяцый і скопішчаў, дыфузнай, пылавой і газавай матэрыі і інш. Важным метадам З.а. з’яўляецца стварэнне мадэлей зорных сістэм для розных стадый іх эвалюцыі ў адпаведнасці з рэальна назіранымі сістэмамі.

З.а. падзяляецца на зорныя статыстыку, кінематыку і дынаміку. У зорнай статыстыцы метадамі матэм. статыстыкі даследуюцца будова Галактыкі, характарыстыкі зорнага насельніцтва, у т. л. размеркаванні зорак з пэўнымі характарыстыкамі ў розных яе абласцях Напр., функцыі бляску, зорнай шчыльнасці, свяцільнасці і паглынання звязаны паміж сабой асноўнымі ўраўненнямі зорнай статыстыкі. На аснове гэтых ураўненняў вызначаюцца функцыі сапраўдных характарыстык зорак у параўнанні з бачнымі характарыстыкамі. Зорная кінематыка на аснове бачных (напр., уласнага руху, прамянёвай, тангенцыяльнай і прасторавай скорасцей) выяўляе сапраўдныя кінематычныя характарыстыкі руху зорак, а таксама заканамернасці руху зорнай сістэмы як цэлага. Зорная дынаміка вывучае заканамернасці руху зорак у сілавым полі зорнай сістэмы, будову і эвалюцыю зорных сістэм на аснове сіл, што дзейнічаюць у іх. Структура сілавога поля выяўляецца як суперпазіцыя сіл, створаных сістэмай у цэлым, і сіл, што ўзнікаюць пры збліжэнні асобных зорак.

Літ.:

Куликовский П.Г. Звездная астрономия. 2 изд. М., 1985.

А.​А.​Шымбалёў.

1 2 3
Лебедзь Cygnus Пн
Леў Leo Пн
Ліра Lyra Пн
Лісічка Vulpecula Пн
Лятучая Рыба Volans Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз) Ursa Minor Пн
Малы Конь Equuleus Пн
Малы Леў Leo Minor Пн
Малы Пёс Canis Minor Пн
Мікраскоп Microscopium Пд
Муха Musca Пд
Навугольнік Norma Пд
Насос Antlia Пд
Паўднёвая Гідра Hydrus Пд
Паўднёвая Карона Corona Austrina Пд
Паўднёвая Рыба Piscis Austrinus Пд
Паўднёвы Трыкутнік Triangulum Australe Пд
Паўлін Pavo Пд
Паўночная Карона Corona Borealis Пн
Пегас Pegasus Пн
Персей Perseus Пн
Печ Fornax Пд
Разец Caelum Пд
Райскі Птах Apus Пд
Рак Cancer Пн
Рыбы Pisces Э
Рысь Lynx Пн
Секстант Sextans Э
Сетка Reticulum Пд
Скарпіён Scorpius Пд
Скульптар Sculptor Пд
Сталовая Гара Mensa Пд
Страла Sagitta Пн
Стралец Sagittarius Пд
Трыкутнік Triangulum Пн
Тукан Tucana Пд
Тэлескоп Telescopium Пд
Фенікс Phoenix Пд
Хамелеон Chamaeleon Пд
Цыркуль Circinus Пд
Цэнтаўр Centaurus Пд
Цэфей Cepheus Пн
Цялец Taurus Пн
Чаша Crater Пд
Шалі Libra Пд
Шчыт Scutum Э
Эрыдан Eridanus Пд
Яшчарка Lacerta Пн
Абазначэнні: ПнПаўн. паўшар’е неба, ПдПаўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс.

т. 7, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБЫ́ (Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.​В.​Карпук.

Да арт. Грыбы: 1 — сыраежка страўная; 2 — баравік; 3 — падасінавік; 4 — страчок звычайны; 5 — мухамор шэры; 6 — фамітопсіс акаймаваны.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамісапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.​І.​Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)