«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНІ́К,

адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб. пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЮДЫЦЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац praejudicio прадвызначэнне),

абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі і доказаў факты, раней устаноўленыя суд. рашэннем, якое набыло законную сілу, або прыгаворам па якой-н. інш. справе. Напр., калі суд. рашэннем, якое набыло законную сілу, устаноўлена адказнасць уладальніка крыніцы павышанай небяспекі за нанесеную шкоду, то ў выпадку прад’яўлення рэгрэснага іску ўладальнікам такой крыніцы да таго, хто непасрэдна прычыніў шкоду, факты, устаноўленыя суд. рашэннем у першым працэсе, маюць прэюдыцыяльнае значэнне і не падлягаюць аспрэчванню.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),

род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.

Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭЛІЯ́Н (Луцый Даміцый) (Lucius Domitius Aurelianus; 9.9.214—275),

рымскі імператар з 270. Ілірыец з Паноніі. Служыў у рым. арміі, пры імператару Клаўдзію II начальнік конніцы, пасля яго смерці абвешчаны імператарам. Аўрэліян вярнуў амаль усе страчаныя раней правінцыі і аднавіў межы Рым. імперыі: адкінуў готаў за Дунай, выцесніў алеманаў з Рэцыі і Італіі (але страціў Дакію). Правёў грашовую рэформу; у 273 задушыў у Рыме рух манетарыяў (работнікаў манетнага двара). Імкнуўся да неабмежаванай улады. Забіты змоўшчыкамі ў час падрыхтоўкі да парфянскага паходу.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАВА́НЫ ГРУНТ,

зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА туберкулёзная,

найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАД у логіцы,

разважанне, у ходзе якога з зыходных суджэнняў (выказванняў), пасылак ці прадпасылак выводзіцца заключэнне — суджэнне, што лагічна з іх вынікае. Вывад можа быць непасрэдны і ўскосны, дакладны і гіпатэтычны. У сімвалічнай логіцы вывад вызначаецца больш строга — як паслядоўнасць выказванняў ці формул, што складаецца з аксіём, пасылак і раней даказаных формул (тэарэм). У матэматычнай логіцы пад вывадам разумеюць паслядоўнасці формул, дзе кожная з’яўляецца або зыходнай формулай, або аксіёмай, або вынікам, атрыманым паводле правіл логікі з папярэдніх формул. Гл. Дэдукцыя, Індукцыя.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАЛІ́Н ((Gadolin) Юхан) (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),

фінскі хімік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюн с. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)