мерапрыемства (маст. выстаўка або фестываль, звычайна міжнародны), якое праводзіцца рэгулярна, раз у 2 гады. Старэйшае біенале — выстаўка сучаснага мастацтва ў Венецыі (з 1895). Праводзяцца біенале: сучаснага мастацтва (з 1951) і архітэктуры (з 1957) у Сан-Паўлу, жывапісу ў Токіо (з 1951), мастацтва ў Александрыі (з 1955), «маладых» у Парыжы (з 1959), экслібрыса ў Мальбарку (з 1965), плаката ў Варшаве (з 1966), прыкладной графікі ў Брно (з 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬВІ́Т (ад лац. vulva покрыва + ...іт),
запаленне вульвы (вонкавых палавых органаў жанчыны). Першасны вульвіт бывае пры траўматычных пашкоджаннях покрыўнага эпітэлію вульвы, парушэннях абмену рэчываў (цукровы дыябет), неахайнасці жанчыны і інш. Другасны вульвіт абумоўлены вострымі і хранічнымі запаленчымі працэсамі вышэйляжачых органаў жанчыны. Праяўляецца свербам, смыленнем і болямі, ацёкам, пачырваненнем, іншы раз язвамі на вялікіх і малых палавых губах, пераддзвер’і похвы, клітары. Пры несвоечасовым лячэнні могуць узнікнуць ускладненні. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, часта — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРТЫ́КУЛ (ад лац. diverticulum дарога ў бок, адхіленне),
прыроджанае ці набытае выпучванне сценкі полага органа чалавека ў выглядзе мяшка. Найчасцей бывае Д. стрававода, мачавога пузыра, радзей — дванаццаціперснай кішкі, страўніка. Прыроджаны Д. звязаны з заганамі развіцця органа, набыты — з прычыны ціску з поласці органа на яго сценку. Можа развівацца пры хваробах суседніх органаў. Запаленне сценак Д. — дывертыкул і т (катаральны, язвавы, флегманозны; магчымы прабадзенні Д.). Лячэнне залежыць ад лакалізацыі і цячэння Д., іншы раз хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕяйца, сегментацыя яйца,
рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл.Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл.Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл.Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРНИ́ЦЫ»,
літаратурна-мастацкі часопіс ліберальна-асветнага кірунку. Выдаваўся ў Гомелі з 26.11(9.12).1911 да 15(28).6.1912 адзін раз у 2 тыдні на рус. мове. Спрыяў яднанню маладых пісьменнікаў, крытыкаў і публіцыстаў. У паэзіі пераважалі элегічныя матывы С.Надсана і ранніх сімвалістаў, апавяданні больш нагадвалі эскізы на мясцовыя тэмы, чым закончаныя творы. Змяшчаў літ.-крытычныя ацэнкі творчасці І.Нікіціна, Надсана, К.Бальмонта, М.Дабралюбава, музыкі Ф.Ліста, М.Рымскага-Корсакава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭКАРАЕ́ДЫ,
капюшоннікі (Bostrychidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 550 відаў. Сустракаюцца пераважна ў тропіках. На Беларусі каля 30 відаў, найб. пашыраны І. дубовы, або звычайны (Bostrychus capucinus). Жукі і лічынкі жывуць у мёртвых дрэвах, лесаматэрыялах, радзей у насенні злакаў.
Вонкавым выглядам і спосабам жыцця нагадваюць караедаў, адрозніваюцца будовай 4-членікавых лапак. Даўж. 8—14 мм. Цела валікападобнае, цыліндрычнае, іншы раз расшыранае на канцы. У большасці відаў галава ўцягнута ў капюшонападобную бугрыстую спінку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (сапр.Капелян) Клаўдзія Канстанцінаўна
(1.11.1925, в. Блювінічы Брэсцкага р-на — 25.6.1994),
бел. пісьменніца. Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1953). Працавала настаўніцай спеваў у Брэсце, Віцебску, Мінску. Друкавалася з 1962. Аўтар апавяданняў, казак і аповесцей для дзяцей: кнігі «Хлопчык-пакідайчык» (1970), «Забароненая песня» (1971), «Каляровыя месяцы» (1975), «Маці і сын» (1977), «Крылаты конь» (1989), «Першы раз у першы клас» (1994). Аповесць «Світанак» (1979) прысвечана жыццю зах.-бел. вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст. н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ ПРЫРО́ДА»,
грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Да 1977 інфарм.-метадычны бюлетэнь. Асвятляе пытанні аховы прыроды, узаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, інфармуе насельніцтва аб выкананні дзярж. экалагічных праграм, мае трывалыя традыцыі экалагічнага выхавання і адукацыі чытачоў. Друкуе матэрыялы пра маляўнічыя куткі Беларусі, раскрывае многія сакрэты прыроды, змяшчае вершы, навелы, апавяданні на прыродную тэматыку і інш.