ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),

падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.

Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЙ (Bryum),

род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (B. capillare), дзірваністы (B. caespiticium), няправільнатрохгранны (B. pseudotriquertrum) і серабрысты (B. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (B. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.

Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Брый: 1 — Клінгрэфа; 2 — дзірваністы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).

Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт. Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт. Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),

клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.

Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.

Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.

Калаўроткі: 1 — сінхета; 2 — трыхацэрка; 3 — макрахетус; 4 — філінія; 5 — дрылафага; 6 — філадына.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),

нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСТАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ, крылашчэлепныя (Pterobranchia),

клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).

Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ННЕ,

адлёт з вулля маткі з часткай пчол для ўтварэння новай сям’і; прыроднае размнажэнне пчаліных сем’яў. Бывае ў 1-й пал. лета (на Беларусі ў 1-й пал. чэрв.), калі пчаліная сям’я мае вял. колькасць расплоду і лішак рабочых пчол.

Перад Р. пчаліная сям’я будуе матачнікі для маладых матак, пчолы-разведчыкі знаходзяць новае жыллё. У гэты час яйцаноскасць і маса маткі значна зніжаецца, памяншаецца аб’ём яе яечнікаў, выпростваюцца паветраныя мяшкі ў брушку. і яна набывае здольнасць да палёту. Пры Р. з вулля вылятаюць пчолы з маткай, «прышчэпліваюцца» (збіваюцца ў кучу) на галінцы дрэва, потым пералятаюць і робяць новае гняздо. Ад адной пчалінай сям’і можа аддзяліцца некалькі раёў. У штучных умовах аддзяляюць ч. пчалінай сям’і і падсаджваюць да іх плодную матку.

В.​І.​Сапега.

Да арт. Раенне. Пчаліны рой на галіне дрэва.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.

2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр. відаў раслін і жывёл.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЕ́ННЕ,

мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыяразмнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),

тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.

Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл. Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.

Э.​Р.​Самусенка.

Інфузорыі; 1 — туфелька; 2 — іхтыяфтырыус; 3 — сувойка; 4 — кампанела (участак калоніі); 5 — трыхадзіна; 6 — балантыдый.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)