ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),

старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),

рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб. стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.

Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЯ́Т-НАВА́ (сапр. Саядзян Аруцюн; 1712, Тбілісі — 1795),

армянскі паэт; буйнейшы прадстаўнік свецкай паэзіі позняга сярэдневякоўя. Быў прыдворным песняром і музыкантам груз. цара Іраклія II. Выгнаны са службы з-за сутычак з вяльможамі, стаў свяшчэннікам, з 1768 манах. Праславіўся як ашуг. Пісаў песні на арм., груз. і азерб. мовах, у якіх традыц. для ўсх. паэзіі вобразнасць спалучалася з глыбокай эмацыянальнасцю, пратэстам супраць сац. несправядлівасці. Майстар любоўнай лірыкі («Я хворы каханнем да цябе», «Каманча», «Да салаўя», «Так жыць хачу» і інш.). Забіты ў Тбілісі ў час нашэсця перс. войск. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Х.​Жычка, Н.​Тулупава.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика М., 1963;

Стихотворения. Л., 1982.

Літ.:

Дарян З.М. Саят-Нова: Роман. М., 1973.

А.​Казінян.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБЕДА́РЫ,

сарбадары (перс. — іпыбенікі), удзельнікі нар. руху ў Цэнтр. Азіі і Усх. Іране ў 14 ст. Заснавальнік руху С. — шэйх Халіфэ, які выступіў у г. Харасан з пропаведдзю шыізму супраць правіцеляў-сунітаў. Пасля забойства ў 1335 Халіфэ яго справу працягваў шэйх Хасан Джуры. Ён заснаваў асобнае рэліг. брацтва (тарыкат), падтрыманае насельніцтвам Харасана. У выніку нар. паўстання ў Харасане С. захапілі г. Себзевар, які зрабілі сваёй сталіцай (1337), потым — Нішапур і Тус. Галава С. — Веджых-ад-дзін Масуд абвясціў сябе султанам. У 1353 С. разбілі войска апошняга правіцеля Хулагуідаў дзяржавы Туга Цімура. З часам дзяржава С. ператварылася ў звычайную феад. дзяржаву, якая была знішчана войскамі Цімура ў 1381. Паўстанні С. адбыліся таксама ў Самаркандзе (1365), Кермане (1373—74) і Себзевары (1383).

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПА́І (на мове хіндзі, урду і перс. сіпахі — воін, салдат),

з сярэдзіны 18 ст. да 1947 наёмныя салдаты ў Індыі, якіх вербавалі з мясц. жыхароў у каланіяльныя (партуг., франц., англ.) арміі. Першыя фарміраванні С. створаны ў 1740-х г. ген.-губернатарам франц. уладанняў ў Індыі для барацьбы з англічанамі і захопу інш. тэр. Найб. шырока С. выкарыстоўвалі англ. каланізатары, у т. л. для ваен.-паліцэйскай службы. Пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59, у якім С. актыўна ўдзельнічалі, англічане рэарганізавалі фарміраванні С. (паменшылі іх колькасць, не прызывалі мясц. жыхароў у інж. і артыл. часці). С. ўдзельнічалі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. С. як калан. наёмныя войскі перасталі існаваць пасля ўтварэння ў 1947 дзяржаў Індыя і Пакістан.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕТЫ́ЗМ,

1) рэлігійна-філас. плынь эпохі элінізму і позняй антычнасці. Спалучала элементы папулярнай грэч. філасофіі, халдзейскай астралогіі, перс. магіі, егіпецкай алхіміі; мела эзатэрычны характар. Традыцыі герметызму атрымалі працяг у еўрап. Адраджэнні (М.​Фічына, Дж.​Піка дэла Мірандала), у Агрыпы, паўплывалі на Дж.​Бруна, М.​Каперніка, І.​Ньютана і інш. Герметызм выступае ў ролі агульнай тэарэт. асновы шэрагу эзатэрычных і акультных вучэнняў — неаплатанізму, гнастыцызму (гностыкі), антрапасофіі і інш. Сутнасць, вытокі і асн. палажэнні герметызму выкладзены ў даследаванні А.​Ж.​Фесцюж’ера «Адкрыцці Гермеса Трысмегіста» (т. 1—4, 1949—54).

2) Мадэрнісцкі кірунак у італьян. паэзіі 1920—40-х г. (Э.​Мантале, Дж.​Унгарэці); адна з асн. асаблівасцей сучаснай мадэрнісцкай паэзіі. З выкарыстаннем наўмысна ўскладненай формы выражае трагічнае светаадчуванне, смутак, выкліканыя адзінотай і адчужанасцю чалавека ў сучасным грамадстве.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́Я (грэч. Kilikia),

старажытная вобласць на п-ве М. Азія (Пд сучаснай Цэнтр. Турцыі). Падзялялася на 2 часткі: «К. суровая» (горы Таўр) і «К. раўнінная» (узбярэжжа Міжземнага м.). У 2-м тыс. да н.э. ўваходзіла ў Хецкае царства, у 12—16 ст. да н.э. на яе тэр. існавала некалькі незалежных царстваў, з 6 ст. да н.э. ў складзе стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім. У 297—190 у складзе дзяржавы Селеўкідаў. У 1 ст. да н.э. тут узнікла пірацкая дзяржава, разгромленая ў 67 да н.э. рым. палкаводцам Пампеем Вялікім. З 64 да н.э. К. — рым. правінцыя, з 5 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У 1080—1375 тут існавала Кілікійская армянская дзяржава. У 1515 заваявана туркамі-асманамі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФО́НТ (Xenophōn; каля 430 да н.э., Афіны — каля 354 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык, пісьменнік.

Вучань Сакрата. Праціўнік афінскай дэмакратыі, прыхільнік арыстакратычнага ладу Спарты. Удзельнік паходаў перс. палкаводца Кіра Малодшага супраць Артаксеркса II (401 да н.э.), вайны спартанскага цара Агесілая II супраць персаў (396—394 да н.э.), афінян і фіванцаў (394 да н.э), Карынфскай вайны 395—387 да н.э. на баку Спарты. У Афінах быў завочна прыгавораны да смерці. За заслугі перад Спартай атрымаў маёнтак у Элідзе, дзе займаўся земляробствам і літ. працай. Пасля 371 перасяліўся ў Карынф, пасля 369 адноўлены ў грамадз. правах, але ў Афіны не вярнуўся. Гал. творы: «Кірапедыя» (пра выхаванне Кіра), «Анабасіс» («Паход Кіра»), «Грэчаская гісторыя».

Літ.:

Фролов Э.Д. Огни Диоскуров: Антич. теории переустройства общества и государства. Л., 1984. С. 135—167.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛО́СКІ САЮЗ, Першы афінскі марскі саюз,

аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў узбярэжжа і а-воў Эгейскага м. Створаны каля 478 да н.э. пад гегемоніяй Афін. Узнік у перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. для барацьбы супраць перс. Ахеменідаў дзяржавы. Сходы саюза праходзілі на в-ве Дэлас (адсюль назва) у свяцілішчы Апалона, дзе да 454 да н.э. захоўвалася саюзная казна. Фармальна гэта быў саюз незалежных і раўнапраўных полісаў, але яго справы фактычна вялі афіняне. Паступова Д.с. ператварыўся ў Афінскую марскую дзяржаву. У эпоху росквіту ў яго ўваходзіла да 200 гарадоў. Спробы саюзнікаў выйсці з-пад афінскай апекі жорстка караліся. У Пелапанескую вайну 431—404 да н.э. пачаўся распад Д.с., у 404 пасля паражэння ў вайне па патрабаванні спартанцаў і іх саюзнікаў саюз распушчаны. Адноўлены ў 378—377 да н.э. як Другі афінскі марскі саюз.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМІ́Н (Salamis),

востраў у Эгейскім моры каля ўзбярэжжа Атыкі (Грэцыя). З-за зручнага геагр. размяшчэння доўгі час быў аб’ектам барацьбы паміж Афінамі і Мегарамі. Каля 600 да н.э. захоплены афінянамі. У час грэка-персідскіх войнаў 28.9.480 да н.э. ў Саламінскім прал. адбылася марская бітва, у якой грэчаскі флот (больш за 350 трыер) пад камандаваннем спартанца Эўрыбіяда і стратэгічным кіраўніцтвам Фемістокла разграміў перс. флот (800 караблёў). Перамогу грэкам забяспечылі добра выбраная пазіцыя (двайны фронт уздоўж берага вострава з апорай флангаў на прыбярэжныя водмелі) і ўмелае выкарыстанне баявых сродкаў (лёгкія трыеры супраць цяжкіх караблёў). Персы страцілі 200 караблёў, грэкі — 40.

Літ.:

Дельбрюк Г. История военного искусства: Пер. с нем. Т. 1. СПб., 1994;

История войн. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;

Харботл Т. Битвы мировой истории: Словарь: Пер. с англ. М., 1993.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)