КАМУНА́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́РГЕЛЮ І МЕ́ЛУ.

У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля чыг. ст. Камунары. Пластавы паклад звязаны з верхнемелавымі адкладамі. Вылучаюцца 3 участкі: Высокае, Камунары Заходнія і Камунары Усходнія. Мергель шэры з рознымі адценнямі, шчыльны, вязкі, месцамі з лінзамі глін, тонкадысперсны, ніжэй па разрэзе пераходзіць у белы чысты мел. Разведаныя запасы 385,5 млн. т, перспектыўныя 75,9 млн. т. Агульная магутнасць карыснай тоўшчы 18,7—29 м, ускрышы (супескі, пяскі, гліны) 1,6—20,9 м. Мергель і мел прыдатныя на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне на У паўн. ч. Атлантычнага ак. Шыр. 400—600 км. З’яўляецца ўсх. перыферыяй паўн. субтрапічнага антыцыкланальнага кругавароту паверхневых вод. Накіравана з Пн на Пд уздоўж берагоў Пірэнейскага п-ва і паўн.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі як адгалінаванне Паўночна-Атлантычнага цячэння. Т-ра вады ў лют. ад 12 °C да 26 °C, у жн. ад 19 °C да 26 °C. Салёнасць 36,0—36,8 ‰. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход каля 16 млн. м³/с. На Пд пераходзіць у Паўн. Пасатнае цячэнне, часткова адхіляецца ў Гвінейскі заліў.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́РНЯ,

вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Заполле. Створана на р. Зальвянка ў 1950 для энергет. мэт (працавала ГЭС Паперня). Пл. 1,8 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 2 млн. м³, даўж. берагавой лініі 12,1 км. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі парослыя лесам, правы высокі, бліжэй да плаціны паніжаецца і пераходзіць у забалочаную раўніну, левы ў вярхоўі нізінны, забалочаны, на астатнім працягу павышаецца. Ваганні ўзроўню на працягу года да 0,3 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,

частка слоўнікавага складу мовы, якая мала ўжываецца ў жывым штодзённым маўленні, але зразумелая ўсім, хто валодае гэтай мовай. Проціпастаўляецца актыўнай лексіцы. Уключае ўстарэлыя словы (гістарызмы і архаізмы), што выйшлі або выходзяць з ужытку, і неалагізмы, якімі толькі пачынаюць карыстацца. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з Пл. ў актыўную і наадварот. Ад Пл. мовы неабходна адрозніваць П.л. асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі, сац. асяроддзя і інш. Кожнай гіст. эпосе характэрна свая актыўная і П.л.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

метад арганізацыі будаўнічай вытворчасці, пры якім тэхналагічны працэс падзяляецца на састаўныя часткі, што выконваюцца брыгадамі (звеннямі) пастаяннага складу. Пры П.б. аб’екты разбіваюцца на секцыі, пралёты, паверхі, часткі памяшканняў і збудаванняў; комплекс буд. мантажных работ расчляняецца на цыклы. Кожная брыгада спецыялізуецца на выкананні пэўнага цыкла работ і аснашчаецца адпаведнымі машынамі, механізмамі, прыстасаваннямі. Скончыўшы работу на адным участку брыгада пераходзіць на наступны, а на яе месцы інш. брыгада выконвае работы па сваёй спецыялізацыі. Такі метад дае найб. поўнае сумяшчэнне работ у часе, высокія і ўстойлівыя тэмпы буд-ва.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДПУХЛІ́ННЫЯ ЗАХВО́РВАННІ,

перадпухлінныя станы, паталагічныя працэсы і хваробы, якія папярэднічаюць развіццю рака. Падзяляюць на 2 групы: аблігатныя і факультатыўныя. Аблігатныя (пігментная ксерадэрма, прыроджаны паліпоз тоўстай кішкі) абавязкова з цягам часу пераходзяць у рак. Умоўна да аблігатных П.з. адносяць нейрафібраматоз, які таксама пераходзіць у злаякасную пухліну — нейрафібрасаркому. Факультатыўныя П.з. (захворванні з гіперпластычнымі і дыспластычнымі працэсамі, прыроджаныя парушэнні структуры тканак) не абавязкова пераходзяць у ракавую пухліну. Многія органы могуць мець факультатыўныя П.з., напр., страўнік — хранічную язву, атрафічны гастрыт, залозісты паліп; малочная залоза — фібраадэному, кістозна-фіброзную мастапатыю; печань — цырозы і інш.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАВА́Я ПАДМА́НКА,

найбольш пашыраны пародаўтваральны мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, групы амфіболаў, гідраксідалюмасілікат кальцыю, магнію, жалеза, (NaK)0-1 (Ca, Na)2 (Mg, Fe​+, Al, Fe​3+, Ti)5 [(Si, Al)4 O11]2 (OH, F, Cl)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі прызматычныя, слупкаватыя, часцей зярністыя масы, украпаныя падоўжаныя зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльнасць 3,1—3,3 г/см³. Крохкі. Адзін з гал. кампанентаў многіх вывергнутых і метамарфічных горных парод. Пры выветрыванні пераходзіць у сумесь гліністых мінералаў, апалу і гідраксідаў жалеза.

Рагавая падманка.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФАРЫ́ТНАЯ МУКА́,

фосфарнае ўгнаенне. Парашкападобнае рэчыва, не раствараецца ў вадзе. Мае 19—30% фосфарнага ангідрыду (P2O5) у выглядзе маладаступнага для раслін ортафасфату кальцыю [Ca3(PO4)2] з дамешкам карбанату і фтарыду кальцыю (CaCO3, CaF2). У кіслым асяроддзі фосфар Ф.м. пераходзіць у больш даступную раслінам форму — монагідрат гідрафасфату кальцыю Ca(H2PO4)2∙H2O. Атрымліваюць здрабненнем жаўлаковых, зярністых і некат. карставых фасфарытаў. Выкарыстоўваюць на кіслых падзолістых, шэрых лясных, балотных глебах, вышчалачаных чарназёмах, асабліва на суглінках і глінах пад лубін, гарох, азімыя збожжавыя і інш. культуры як асн. ўгнаенне (дзейнічае некалькі гадоў), таксама для прыгатавання кампосту.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮАЙКА́Й («Братэрства»),

рабочая арг-цыя ў Японіі ў 1912—21 (20 тыс. чл. у 1920). Створана праварэфармісцкім рабочым лідэрам Б.​Судзукі пры ўдзеле капіталіста Э.​Сібудзава з мэтай арг-цыі ўзаемадапамогі і культ.-асв. работы сярод рабочых, наладжвання класавага супрацоўніцтва паміж імі і прадпрымальнікамі. Пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі яна пачала пераходзіць ад класавага супрацоўніцтва да тактыкі барацьбы рабочых за свае сац.-эканам. і паліт. правы. У 1919 Ю. рэфармавана ў федэрацыю прафсаюзаў, якая з 1921 наз. Ніхон рода садамэй (Японская федэрацыя працы, распушчана ў 1940).

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА ЭФЕ́КТ,

генерацыя высокачастотных ваганняў эл. току ў паўправадніковых прыладах з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай. Назіраецца ў паўправадніках, зона праводнасці якіх мае некалькі далін (гл. Зонная тэорыя): рухомасць электронаў у верхніх далінах значна меншая, чым у ніжняй. У моцных палях частка электронаў пераходзіць з ніжняй даліны ў верхнія і электраправоднасць змяншаецца. Ваганні току маюць выгляд серыі імпульсаў з частатой паўтарэння, адваротна прапарцыянальнай прыкладзенаму напружанню і даўжыні ўзору паўправадніка. Выяўлены амер. фізікам Дж.​Ганам (1963) у крышталях арсеніду галію і фарсіду індыю. Выкарыстоўваецца ў схемах генератараў і ўзмацняльнікаў звышвысокай частаты (гл. Гана дыёд).

Ф.​А.​Ткачэнка.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)