ТО́РКІ, гузы, узы,

качавыя цюркамоўныя плямёны, якія вылучыліся з племяннога аб’яднання агузаў. Да сярэдзіны 11 ст. выцеснілі печанегаў і пасяліліся ў паўд.-рус. стэпах. Як саюзнікі кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча ўдзельнічалі ў 985 у паходзе на Балгарыю Волжска-Камскую. У 1060 разгромлены аб’яднанымі войскамі стараж.-рус. князёў. У 1116 частка Т. разам з печанегамі атрымала паражэнне ад полаўцаў і перасялілася на Русь. Т. рассяліліся ў бас. р. Рось (прыток Дняпра), дзе пабудавалі г. Торчаск; паступова яны перайшлі да аселасці і сталі займацца земляробствам. Т. удзельнічалі ў барацьбе супраць полаўцаў на баку стараж.-рус. князёў. Частка Т. аславянілася, астатнія асіміляваны полаўцамі.

т. 15, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫТА́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі божаствы 1-га пакалення, 6 братоў (Акіян, Кой, Крый, Гіперыён, Іапет, Кронас) і 6 сясцёр (гл. Тытаніды), народжаных Уранам і Геяй. Яны ўвасабляюць стыхійныя сілы прыроды. Паводле міфаў, Кронас вылегчыў Урана і стаў вярхоўным богам. У сваю чаргу, сын Кронаса і Рэі Зеўс — правадыр, новага пакалення багоў-алімпійцаў — адабраў вярхоўную ўладу ў Кронаса. У 10-гадовай вайне з алімпійцамі Т. (акрамя Акіяна) пацярпелі паражэнне і былі скінуты ў Тартар. У пазнейшых міфах Т. атаясамлівалі з гігантамі. Часам у міфах і л-ры Т. называюць і тытанідаў — дзяцей і ўнукаў уласна Т. (напр., Праметэя, сына Іапета). У пераносным сэнсе Т. называюць выключна таленавітых людзей.

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫ ЎДАР,

паражэнне аб’ектаў праціўніка ядзернымі боепрыпасамі шляхам пуску ракет (тарпед), бомбакідання, стральбы артылерыі; форма ваен. дзеянняў у ядзернай вайне. У залежнасці ад колькасці аб’ектаў, якія неабходна паразіць, і выкарыстання ядз. боепрыпасаў Я.ў. падзяляюць на адзіночныя, групавыя і масіраваныя. Адзіночныя могуць наносіцца па адным або групе аб’ектаў адным ядз. боепрыпасам, групавыя — некалькімі ядз. боепрыпасамі па адным буйным або некалькіх аб’ектах, масіраваныя — адначасова або ў вельмі сціслы тэрмін вял. колькасцю ядз. боепрыпасаў з мэтай паражэння адной або некалькіх груповак войск ці аб’ектаў. Масіраваныя Я.ў. могуць складаць аснову ядз. наступлення і наносіцца на ўсім тэатры ваенных дзеянняў або тэатры вайны. Гл. таксама Ракетна-ядзерны ўдар.

т. 18, кн. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс. чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт. Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.​Рымша, Г.​Пельгрымоўскі, С.​Рысінскі, А.​Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ (1522—12.9.1612),

рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1848—49,

вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,

буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл. Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.​Кет) пакараны смерцю.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІЛУ́Р (грэч. Skiluros),

скіфскі цар 2 ст. да н.э. Вядомы з твораў Страбона, Плутарха, з надпісаў на манетах г. Ольвія. Пры ім познаскіфскае царства (ахоплівала панізоўі Паўд. Буга, Дняпра, стэпавы Крым) дасягнула значнага росквіту: мела флот, у Ольвіі чаканіла манету, вяло гандаль. Каб пашырыць свае ўладанні і атрымаць выхад да мора, С. заключыў ваен. саюз з сармацкім племем раксаланаў і пачаў вайну. Аднак пантыйскі цар Мітрыдат VI Еўпатар узяў пад абарону Херсанес. У час вайны з Мітрыдатам С. памёр, а Скіфія каля 108—107 да н.э. пацярпела паражэнне. У сталіцы царства Неапалі скіфскім (цяпер на тэр. г. Сімферопаль, Украіна) выяўлены грэч. надпіс з імем цара С. і яго маўзалей.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НА Луцый Карнелій (Lucius Cornelius Cinna; каля 130—84 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч, паплечнік Гая Марыя. У 87—84 да н.э. консул. Пасля ад’езду ў 87 да н.э. Л.К.Сулы на вайну з Мітрыдатам VI Еўпатарам прапанаваў законапраекты супраць суланцаў, але пацярпеў паражэнне і пакінуў Рым. Узначаліў (з К.​Серторыем) легіёны ў Кампаніі. Да яго арміі далучыліся італікі і рабы. Аб’яднаўшыся з войскамі Марыя, Ц. ўзяў у аблогу і захапіў Рым. Пасля смерці Марыя ўзначаліў папуляраў, правёў дэмакр. пераўтварэнні (адмяніў суланскія законы, размеркаваў італікаў па 35 трыбах, часткова скасаваў даўгі і інш.). Забіты ў час бунту легіянераў.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания. Мн., 1998.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́НДАР Крышан (19.11.1913, г. Вазірабад, Індыя — 7.3.1977),

індыйскі пісьменнік. Скончыў Лахорскі ун-т (1937). Пісаў на мове урду. Першы раман «Паражэнне» (1944) адметны спалучэннем рэалізму з рамант. ідэалізацыяй тагачаснага жыцця. У раманах «Пяцьдзесят дзве карты» (1956), «Сярэбраная рана» (1964), аповесцях «Дарога вядзе назад» (1961), «Перад другім снегападам» (1967), «Чынары маіх успамінаў» (1968) і інш. лёсы творчай інтэлігенцыі, жыццё сялян і гар. беднаты, надзённыя праблемы інд. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. рамана-трылогіі «Прыгоды асла» (1958—65) і інш. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў У.​Шчасны.

Тв.:

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1957;

Рус. лер. — Избранное. М., 1955;

Мать ветров. М., 1957;

Вор. М., 1962;

Когда пробудились поля;

Чинары моих воспоминаний;

Рассказы. М., 1972.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)