КРАЯЗНА́ЎСТВА,

усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.​Г.​Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст. Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш. Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.​М.​Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн. Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.

У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л. Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкееіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.​Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.

Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час. «Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел. навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-ва бел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.​М.​Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.​А.​Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.​Р.​Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.​Л.​Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.​М.​Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.​Фёнік (Беласток), А.​Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;

Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;

Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;

Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.

Л.​В.​Трэпет.

Да арт. Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.
Да арт. Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.​І.​Пічэтам. 1929.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.​Байран, Г.​Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.​Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.​Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.​Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.​Рабле, М.​Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.​Мора, Т.​Кампанелы, С.​Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.​Кук, Ж.​Лаперуз, В.​Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Т.​Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.​Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.​Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.​В.​Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.​Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.​Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.​Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.​Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.​Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.​Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.​Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.​Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.​Л.​Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.​Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.​Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.​Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.​І.​Кусто, Б.​Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.​К.​Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.​Старавольскага, Г.​Пельгрымоўскага, І.​Б.​Сапегі, І.​Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.​Барстоўскага, А.​Каменскага-Длужыка, Ф.​Котава, Т.​Білевіча, у 18 ст. — Я.​Сапегі, Я.​Комара, Л.​Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.​П.​Сапегі, С.​Маскевіча, А.​Філіповіча, Я.​Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.​Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.​Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.​Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.​Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.​Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.​Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.​Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.​Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.​Ельскага (1898), мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.​Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.​Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.​Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.​Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.​Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.​Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.​Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.​Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.​Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.​Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.​Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.​Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.​Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.​Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.​Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.​Л.​Гаранін.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШКОРТАСТА́Н, Рэспубліка Башкортастан, Башкірыя,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 143,6 тыс. км². Нас. 4048 тыс. чал. (1994), гарадскога 64%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Жывуць башкіры, рускія, татары, чувашы, марыйцы, украінцы, мардва, удмурты і інш. Сталіца — г. Уфа. Найб. гарады: Стэрлітамак, Салават, Нафтакамск, Акцябрскі, Беларэцк, Ішымбай, Кумертау, Туймазы.

Прырода. Тэрыторыя Башкортастана займае ўсх. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны, Перадуралле, горную паласу Паўд. Урала і ўзгоркава-раўнінную ч. Зауралля. На З рэльеф раўнінны, на ПдЗ Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышша (выш. да 418 м), на Пд адгор’і Агульнага Сырта, на ПнУ Уфімскае плато (выш. да 632 м), паміж імі, на р. Белая, Ніжнябельская ўзгоркава-хвалістая раўніна. На У сістэма мерыдыянальных хрыбтоў Паўд. Урала (выш. да 1640 м, г. Ямантау); на Пд хрыбты зніжаюцца і пераходзяць у Зілаірскае плато. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вугаль, каменная соль; радовішчы жалеза, медзі, цынку, золата. Клімат кантынентальны, з умерана цёплым летам і суровай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -14 °C да -17 °C, ліп. 16—20 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Частыя сухавеі і пылавыя буры, зімой бураны. Гал. рака — Белая (1420 км, амаль уся ў межах Башкортастана) з прытокамі Нугуш, Сім, Уфа, Дзёма, на Пд р. Сакмара. Шмат дробных азёраў. Большая ч. раўніннай неўзаранай тэр. пад лесастэпавай і стэпавай кавыльна-разнатраўнай расліннасцю на чарназёмных глебах. Пад лясамі 40% тэрыторыі. На Пн Перадуралля — мяшаныя лясы на шэрых лясных і дзярнова-падзолістых глебах. На Паўд. Урале рэзка праяўляецца вышынная пояснасць: пояс дубова-ліпавых лясоў змяняецца піхтава-яловым. Запаведнікі: Башкірскі, Шульган-Таш. Прыродны нац. парк.

Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. Башкортастана засялялася з часоў верхняга палеаліту. Першае апісанне башкіраў пакінуў араб. падарожнік Ібн Фадлан (921). У 10—13 ст. башк. плямёны качавалі ў Прыураллі ад Волгі да Табола; займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам; адбываўся пераход ад радавых да феад. адносін. У 13 ст. землі башкіраў заваявалі мангола-татары і ўключылі ў Залатую Арду. З 2-й пал. 15 ст. Башкортастан стаў васалам Нагайскай Арды, Казанскага і Сібірскага ханстваў. Пасля разгрому Казанскага ханства большасць насельніцтва Башкортастана прыняла рас. падданства (1557), захаваўшы сваю рэлігію — іслам. Феад.-калан. прыгнёт, захоп башк. земляў рус. памешчыкамі і заводчыкамі выклікалі паўстанні (гл. Башкірскія паўстанні 17—18 ст.). На чале з Салаватам Юлаевым башкіры ўдзельнічалі ў Сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.​І.​Пугачова. З 18 ст. ў Башкортастане развіваецца горназаводская прам-сць. У 1798 рас. ўрад абвясціў башкіраў ваен. саслоўем, у 1863 прыраўняў іх у правах да сельскіх жыхароў. Пасля сял. рэформы 1861 у Башкортастане хуткімі тэмпамі развіваўся капіталізм. Буйным гандл.-адм. цэнтрам стаў г. Уфа. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у шэрагу гарадоў Башкортастана створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова ў г. Уфа ў крас. 1917 на мусульм. з’ездзе башкіраў і татараў створаны Нац. савет. Летам 1917 нац. рух, які разгарнуўся пераважна на ўсходзе, узначаліў Башк. абл. савет. У снеж. 1917 у Арэнбургу, захопленым казацкімі войскамі А.І.Дутава, Башк. ўстаноўчы сход стварыў Башк. нац. ўрад на чале з З.​Валідавым і М.​Манатавым. 5.7.1918 Уфу захапілі белагвардзейцы (гл. Уфімская дырэкторыя) і стварылі башк. белае войска. Насельніцтва Башкортастана, незадаволенае рэжымам А.В.Калчака і яго заявамі пра ліквідацыю башк. аўтаноміі, павярнула на бок сав. улады. 20.3.1919 утворана Башкірская АССР са сталіцай у Стэрлітамаку (т.зв. Малая Башкірыя), падпісана Пагадненне Рас. рабоча-сял ўрада з Башк. урадам аб сав. аўтаноміі. Апазіцыйна настроеныя нац. сілы разглядалі гэта як тактычны ход і спрабавалі ізаляваць Башкортастан ад РСФСР. У 1922 да рэспублікі далучана б. Уфімская губ. (Вялікая Башкірыя), сталіца перанесена ў г. Уфа.

11.10.1990 абвешчана Рэспубліка Башкортастан у складзе Рас. Федэрацыі. 31.3.1992 Башкортастан разам з інш. рэспублікамі падпісаў дагавор аб федэрацыі з Расіяй, а з 1993 узяў пад кантроль эканам. і паліт. жыццё як незалежная рэспубліка.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: нафтаздабыўная, нафтаперапр., нафтахім. (вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, дубільных рэчываў, лакаў і фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтасамазвалы, буд. машыны, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, энерга- і трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць горна-нафтавага абсталявання, эл.-тэхн. вырабаў). Развіты металургія чорных і каляровых металаў, хім. (сінт. каўчук, вытв-сць каталізатараў і каўстычнай соды), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, запалкі, папера), лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст.), харч. (масларобная, спіртавая, цукр., вітамінная, плодаагароднінная) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы). Здабыча бурага вугалю, меднай руды, золата. Вырошчваюць збожжавыя (яравая пшаніца, жыта, авёс, ячмень, кукуруза). Пасевы тэхн. культур (цукр. буракі, сланечнік). Садаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні) і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Па тэрыторыі Башкортастана праходзяць чыг. магістралі Самара—Уфа—Чэлябінск, шэраг мерыдыянальных адгалінаванняў чыг. ліній (Магнітагорск—Беларэцк); аўтамаб. шаша Самара—Чэлябінск. Суднаходства па рэках Белая і Уфа. Сетка нафта- і газаправодаў: Туймазы—Уфа, Ішымбай—Уфа, Ішымбай—Орск, Туймазы—Салават і інш. Курорты Аксакава, Алкіна, Шафранава, Чэхава, Краснаусольскі, Янгантау і інш.

Культура. У 1992 у Башкортастане больш за 2,5 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (каля 250 тыс. дзяцей), больш за 3,2 тыс. агульнаадук. школ (больш за 588 тыс. вучняў); 72 сярэднія спец. навуч. ўстановы (каля 64 тыс. навучэнцаў); у 9 ВНУ больш за 53 тыс. студэнтаў. Навук. даследаванні вядуцца ў НДІ і інш. навук. установах.

Літаратура Башкортастана фарміравалася на аснове вуснай нар. творчасці (эпічныя паданні, гіст. і быт. песні, казкі, легенды) і цюрк. пісьмовых помнікаў Прыуралля і Паволжа. Да фальклору набліжаны вершы і песні першага башкірскага паэта Салавата Юлаева. У 1-й пал. 19 ст. паэзія мела пераважна рэліг. суфійскі характар (Т.​Ялсыгул, Ш.​Закі і інш.). Ідэямі асветніцтва прасякнута творчасць пісьменнікаў 2-й пал. 19 ст. М.​Акмулы, М.​Бікчурына, М.​Умітбаева. Прынцыпы крытычнага рэалізму сцвярджаліся ў творах М.​Гафуры, А.​Тагірава, Д.​Юлтыя, Ш.​Бабіча і інш. Л-ра 1930-х г. развівалася па шляху сац. рэалізму (аповесці і раманы С.​Агіша, Б.​Бікбая, І.​Насыры, Х.​Даўлетшынай, А.​Бікчэнтаева, Тагірава, З.​Біішавай, вершы і паэмы Юлтыя, С.​Кудаша, Р.​Нігматы, М.​Сюндзюкле, драмы А.​Мірзагітава, І.​Абдуліна). Паэзія Т.​Арслана, М.​Карыма, Х.​Карыма, Н.​Наджмі, проза Агіша, Кудаша і інш. прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. У апошнія дзесяцігоддзі плённа развіваюцца дзіцячая літаратура, літаратуразнаўства, крытыка, драматургія (А.​Кірэеў, Нігматы, Г.​Рамазанаў, М.​Карым, Наджмі, Мірзагітаў). Актывізацыі башкіра-бел. літ. сувязяў садзейнічаў 3-і пленум ССП СССР (10—16.2.1936), прысвечаны пытанням башкірскай і бел. л-р. Творы бел. л-ры перакладалі Сюндзюкле, Кудаш, Х.​Карым, Г.​Аміры, Нігматы, Х.​Бікулаў, Рамазанаў і інш.

На тэр. Башкортастана ў Капавай пячоры (Шульганташ) выяўлены палеалітычныя наскальныя размалёўкі. У могільніках 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры знойдзены кераміка, пацеркі, падвескі, металічныя спражкі з арнаментам і стылізаванымі выявамі жывёл. З пранікненнем ісламу тут пачалі будаваць маўзалеі (Кэшэнэ і Хусейн-хана, абодва 14 ст.), мячэці (с. Стара-Тушкірова, 17—18 ст.). У 16—18 ст. узніклі гарады Стэрлітамак, Белебей, Бірск, Уфа, у якіх з 19 ст. будаваліся драўляныя і мураваныя дамы ў стылі класіцызму, у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектычнага характару. У збудаваннях 1930—50-х г. выкарыстоўваліся элементы класіцыстычнай архітэктуры. З 1960-х г. забудова гарадоў вядзецца комплексна, будынкі сучаснага стылю, простых, лаканічных формаў. У традыц. нар. мастацтве башкіраў здаўна развіты ўзорыстае ткацтва (заслоны, сурвэткі, ручнікі, бязворсавыя дываны), вышыўка тамбурам (налобныя павязкі-«харусы», фіранкі-«шаршаў»), зеляны. У аплікацыях на суконным абутку, цісненнях па скуры, чаканцы і насечках па метале пераважаюць арнаменты, агульныя паводле паходжання з цюрк. і манг. народамі. Пашыраны драўляны посуд («коўш-іжаў») з разьбой і размалёўкай, з 19 ст.арх. разьба. Першы башкірскі мастак К.​Даўлеткільдзееў. Сярод жывапісцаў 1940—80-х г. З.​Гаянаў, Б.​Дамашнікаў, А.​Бурзянцаў, А.​Панцялееў, Р.​Нурмухаметаў, А.​Лутфулін, Ф.​Кашчэеў, А.​Сітдыкава; сярод скульптараў — Т.​Нячаева, Б.​Фузееў, Р.​Фатыхаў; сярод графікаў — Р.​Гумераў, В.​Дзіянаў, Э.​Саітаў. У 1920 у г. Уфа адкрыты Маст. музей (з 1954 імя М.​Несцерава), у 1926 — маст. вучылішча (цяпер Уфімскае вучылішча мастацтваў). У 1933 засн. Саюз мастакоў, у 1938 — Саюз архітэктараў Башкортастана.

Сярод найб. стараж. жанраў башкірскага муз. фальклору эпічныя кубаіры (быліны) і баіты (сюжэтныя песні-казкі), вясельныя галашэнні (сенляу) і велічанні (цяляк), працяжныя (азанкюй) і кароткія (кыска-кюй) песні, такмакі (песні-танцы тыпу прыпевак). Пашырана меладычнае аднагалоссе, элементы шматгалосся пры гарлавых спевах — узляу. Нар. муз. інструменты — курай, кубыз, дамбра. Прафес. музыка развіваецца з 1920-х г. У 1940-я г. паст. першыя нац. оперы («Хакмар» М.​Валеева, «Мэргэн» і «Ашказар» А.​Эйхенвальда) і балет «Жураўліная песня» Л.​Сцяпанава і З.Ісмагілава (1944). Уклад у развіццё сімф., камерна-інстр. і вак. жанраў зрабілі З. і Л.​Ісмагілавы, Х.​Ахметаў, Р.​Муртазін, Н.​Сабітаў, Х.​Заімаў, Т.​Карымаў, Р.​Газізаў, Р.​Хасанаў, Д.​Хасаншын і інш. Працуюць (1995): Башк. т-р оперы і балета, філармонія, хар. капэла, Башк. ансамбль нар. танца, Ін-т мастацтваў, муз. вучылішча; Саюз кампазітараў (з 1940).

У 1919 у Башкортастане створаны першы прафес. тэатр. калектыў (цяпер Башкірскі акад. т-р драмы). Ставіліся нац. фалькл. і гіст.-рэв. п’есы, у 1920—30-я г. — творы рус. і зах.-еўрап. класікі, башк. драматургаў (М.​Гафуры, Х.​Ібрагімава, А.​Тагірава, Д.​Юлтыя). У гады Вял. Айч. вайны створаны спектаклі: «Вайна» К.​Мэргэна, «На беразе Белай» Р.​Нігматы, «Нашэсце» Л.​Лявонава і інш. У 1950—80-я г. рэпертуар т-раў узбагаціўся п’есамі М.​Карыма, Н.​Наджмі, Н.​Асанбаева, А.​Атнабаева, Р.​Ішмурата, А.​Мірзагітава, І.​Юмагулава і інш. аб мінулым і сучасным жыцці башк. народа. У Башкортастане 3 нац., 2 рус. драм. і лялечны т-ры.

Р.​А.​Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).

Да арт. Башкортастан. А.​Сітдыкава. Зброя Батыра. 1974.
Да арт. Башкортастан. Зелян (жаночы расшыты халат). Пач. 20 ст.
Да арт. Башкортастан. А.​Лутфулін. Тры жанчыны. 1968.
Да арт. Башкортастан. З.​Гаянаў. Час уборкі. 1981.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)