НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).

Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЕ ХАРЧАВА́ННЕ,

галіна нар. гаспадаркі па вытв-сці і рэалізацыі гатовай ежы насельніцтву праз сетку сталовых, кафэ, рэстаранаў, буфетаў. Першыя таверны, якія выконвалі тую ж ролю, паявіліся ў краінах Захаду ў 1-й пал. 17 ст. У 1832 адкрыты першы рэстаран у Нью-Йорку. Вял. ўплыў на развіццё рэстараннай справы зрабіла Францыя.

У Беларусі былі шырока вядомы заезныя дамы, корчмы, шынкі, дзе людзі маглі пасталавацца і адпачыць. З развіццём прам-сці пачалі ўзнікаць і інш. формы абслугоўвання ў харчаванні. У студз. 1918 у Мінску ў нацыяналізаваных рэстаранах «Еўропа» і «Цэнтральны» створаны нар. сталовыя, пазней падобныя ўстановы адкрыты і ў інш. гарадах. Арганізоўвалася бясплатнае харчаванне рабочых на вытв-сці і дзяцей да 16 гадоў. У 1940 тавараабарот дзярж. і каап. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў БССР дасягнуў 68,9 млн. руб. За 1950—75 колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання павялічылася амаль у 5 разоў, пашырылася сетка такіх прадпрыемстваў ў сельскай мясцовасці. У 1993 працавала 11,2 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, колькасць месцаў на іх складала 812 тыс. Паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання былі даступныя шырокім слаям насельніцтва. Складанае фін. становішча дзярж. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў пач. 1990-х г. абумовіла закрыццё або перапрафіляванне многіх агульнадаступных сталовых, закусачных, чайных у дарагія кафэ і рэстараны. Як альтэрнатыва скарачэнню недарагіх прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў 1995—96 пачалі адкрывацца ў гарадах прадпрыемствы хуткага харчавання. Найб. актыўна ў новым для бел. грамадскага харчавання кірунку працуюць фірмы з прыватным капіталам, у т. л. сумесныя прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі. У 1996 у Мінску адкрыты 3 рэстараны «МакДональдс» на 540 месцаў.

А.​А.​Батура.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т ПАХАВА́ЛЬНЫ,

жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт. надмагілля.

Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў ў склад сінт. маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.

На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.​Завішы (1676), А.​Пацея (18 ст.), эпітафія Б.​Біспінгу работы І.​Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.​Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.

Літ.:

Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт пахавальны А.​Пацея. 18 ст.

т. 12, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧАНО́К (Ігар Міхайлавіч) (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак,сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.​Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф. арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Танка, Н.​Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.​Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.​Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Літ.:

Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;

Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978.

І.​І.​Зубрыч.

І.М.Лучанок.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ І ДАГАВО́РЫ 1824, 1832, 1854, 1867.

Рэгулявалі пытанні двухбаковых адносін паміж Рас. імперыяй і ЗША: тэр., гандл., навігацыйныя і інш. Канвенцыя 1824 Аб вызначэнні граніцы расійскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы падпісана 17 крас. у Пецярбургу (перагаворы вяліся па ініцыятыве Расійска-амерыканскай кампаніі з 1808). Па 54°40 паўн. ш. была ўстаноўлена граніца, на Пн ад якой амерыканцы, а на Пд — рускія абавязваліся не пасяляцца; рыбная лоўля і плаванне ўздоўж берагоў па Ціхім ак. былі абвешчаны на 10 гадоў адкрытымі для суднаў абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1832 Аб гандлі і навігацыі падпісаны 18 снеж. ў Пецярбургу. У яго аснову пакладзены прынцып узаемнага спрыяння ў адносінах свабоднага заходу суднаў ЗША і Расіі ў гавані і парты, мытных збораў, пошлін і фрахтаў; жыхарам абедзвюх дзяржаў дазвалялася гандляваць усюды, дзе дапускаўся іншаземны гандаль. Дагавор прадугледжваў пашырэнне прывілеяў, якія адзін з бакоў даваў якой-н. нацыі ў галіне гандлю і навігацыі, на іншы дагаворны бок. Дзейнічаў да 1911. Канвенцыя 1854 аб марскім нейтралітэце падпісана 22 ліп. ў Вашынгтоне ва ўмовах Крымскай вайны 1853—56, была накіравана гал. чынам супраць варожых дзеянняў брыт. і франц. флоту, якія істотна шкодзілі гандлю Расіі з замежнымі краінамі, у т. л. з ЗША.

Расія і ЗША прызнавалі за суднамі ўсіх нейтральных краін права на перавозку тавараў грамадзян ваюючых краін (у т. л. Расіі), а таксама права грамадзян нейтральных дзяржаў перавозіць свае тавары на суднах ваюючых краін (гэтыя тавары ў выпадку захопу судна непрыяцелем не маглі быць захоплены або канфіскаваны і не лічыліся ваен. кантрабандай).Дагавор 1867 Аб продажы Расіяй сваіх паўночна-амерыканскіх уладанняў ЗША (гл. Вашынгтонскі дагавор 1867).

Літ.:

Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 479-481.

т. 13, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)