КА́НІНГ ((Canning) Джордж) (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б. ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Норман) (н. 1908, Лондан),

англійскі пісьменнік. Пачынаў як журналіст і публіцыст. Аўтар антыкалан. раманаў «Вулканы над намі» (1957), «Бачная цемра» (1960), «Сіцылійскі спецыяліст» (1974), «Германская кампанія» (1979) і інш. У раманах «Дзесятае прыбыццё карабля» (1962), «Ад рукі брата яго» (1968) адлюстравана англ. рэчаіснасць. Яго прозе ўласцівы падкрэслены рацыяналізм, дакладнасць апісанняў, сатыра, лаканізм, прысутнасць дэтэктыўнага элемента.

Тв.:

Рус. пер. — Зримая тьма. М., 1963;

Вулканы над нами. М., 1965;

Сицилийский специалист. М., 1981;

Компания «Гезельшафт». М., 1983;

День лисицы. От руки брата его. М., 1985;

Бегство от мрачного экватора. Голоса старого моря. М., 1986.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

дэмакратычная арг-цыя польскай эміграцыі, створаная ў 1832 у Парыжы. Кіруючы орган — Цэнтралізацыя. Мэта т-ва — увядзенне замест старога парадку новага ладу для паляпшэння дабрабыту ўсяго грамадства і лёсу нар. мас. Для дасягнення гэтай мэты ідэолагі партыі бачылі 2 шляхі: паступовыя змены і звяржэнне ўрада. З 1840 П.д.т. праз эмісараў рыхтавала паўстанне на тэр. былой Рэчы Паспалітай. У 1845 эмісары т-ва дзейнічалі на Гродзеншчыне (Я.​Рэр), Брэстчыне (А.​Хафмаер), Віленшчыне (А.​Рэніер). Пасля 1848 Цэнтралізацыя перамясцілася ў Лондан. У 1862 П.д.т. далучылася да Варшаўскага цэнтр. нац. к-та.

М.​А.​Сакалова.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП, Поўп (Pope) Аляксандр (21.5.1688, Лондан —30.5.1744), англійскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. Дэбютаваў у жанры вершаванай пастаралі, прадоўжыў традыцыі «Буколік» Вергілія (зб. «Пастаралі», 1704; паэма «Віндзорскі лес», 1713). Паэма «Спроба пра крытыку» (1711) — маніфест. англ. асветніцкага класіцызму. Майстар сатыры і лёгкай, іранічнай, вытанчанай паэзіі ракако (іроікамічныя паэмы «Выкраданне кудзеру», 1712; «Дунсіяда», 1728; «Новая Дунсіяда», 1742). Вяршыня творчасці — філас. паэма «Спроба пра чалавека» (1732—34) — вершаванае выкладанне ідэй Дж.​Лока і А.​Шэфтсберы. Аўтар сатыр і эпіграм, перакладаў «Іліяды» і «Адысеі» Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — Поэмы. М., 1988.

Літ.:

Сидорченко Л.В. Александр Поуп: В поисках идеала. Л., 1987.

Г.​В.​Сініла.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫНС ((Jeans) Джэймс Хопвуд) (11.9.1877, Лондан — 16.9.1946),

англійскі фізік і астрафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1906). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900), дзе і працаваў у 1901—04 і 1910—12. У 1905—09 у Прынстанскім ун-це, у 1923—44 у абсерваторыі Маўнт-Вілсан (ЗША). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэорыі цеплавога выпрамянення, будове і эвалюцыі зорак, зорных сістэм і туманнасцей. Незалежна ад Дж.Рэлея вывеў формулу размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абсалютна чорнага цела (гл. Рэлея—Джынса закон выпрамянення). Аўтар адной з касмаганічных гіпотэз. Каралеўскі медаль (1919).

Тв.:

Рус. пер. — Вселенная вокруг нас. М.; Л., 1932;

Движение миров. М., 1933.

Дж.Джынс.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КЕР ((Hooker) Джозеф Долтан) (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),

англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.​Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.​Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛГУД ((Gielgud) Джон Артур) (н. 14.4.1904, Лондан),

англійскі акцёр і рэжысёр. Тэатр. адукацыю атрымаў у Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва. З 1921 у т-рах «Олд Вік», Шэкспіраўскім мемарыяльным і інш. Асабліва вядомы па шэкспіраўскім рэпертуары (таксама і як рэжысёр): Гамлет, Кароль Лір, Рычард III, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы; дзве апошнія ролі і ў кіно), Бенядзікт («Многа шуму з нічога») і інш. Значнымі ў яго творчасці былі ролі ў п’есах А.​Чэхава, Г.​Грына, Э.​Олбі і інш. Інсцэніраваў «Злачынства і пакаранне» Ф.​Дастаеўскага (1946, выканаў ролю Раскольнікава). З 1932 у кіно: «Сакрэтны агент», «Забойства ва Усходнім экспрэсе», «Дырыжор», «Гандзі», «На паляванні» і інш.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУД ((Wood) Генры Джозеф) (3.3.1869, Лондан — 19.8.1944),

англійскі дырыжор. Д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1926). Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1886—88), выкладаў у ёй (з 1923). З 1889 працаваў у розных оперных трупах. Арганізатар і кіраўнік «Праменад-канцэртаў» (з 1895) і інш. агульнадаступных сімф. канцэртаў, у т. л. «нядзельных». Дырыжыраваў на шматлікіх англ. муз. фестывалях, у т. л. Гендэлеўскіх у Лондане (з 1908). Выступаў з лепшымі аркестрамі свету, кіраваў Бостанскім сімф. аркестрам (1918). Стварыў шматлікія апрацоўкі для аркестра, фп. і інш. творы. Аўтар кн. «Аб дырыжыраванні» (1945, рус. пер. 1958). Муз. і літ. творы падпісваў псеўд. П.​Кляноўскі.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)