НАВІ́ЦКІ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 20.4.1914, с. Піі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл.),

украінскі паэт. Засл. работнік культуры Грузіі (1964). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1939—41). Друкуецца з 1930. Аўтар лірычных зб-каў «Мы ідзём у бой» (1942), «Жыві, Украіна» (1943), «Украіна сонечная мая» (1966), «Слаўлю маю Радзіму» (1978) і інш. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, С.​Грахоўскага, Х.​Жычкі, М.​Клімковіча, А.​Куляшова, П.​Макаля, П.​Панчанкі, М.​Танка, В.​Таўлая. Аўтар паэт. цыклаў «Беларусь», «Братам». Літ.-крытычныя артыкулы «Паэзія Савецкай Беларусі» (1949), «З пачуццём глыбокай павагі» (1957) прысвечаны бел.-ўкр. творчым сувязям, спадчыне Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Н. пераклаў М.​Базарэвіч.

В.​Я.​Буран.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́НКА (Барыс Іванавіч) (н. 16.9.1937, г. Майкоп, Адыгея),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1967—73 і 1981—82 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Купалы, у 1973—81 і з 1991 гал. рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, у 1982—91 — Т-ра-студыі кінаакцёра. Адначасова з 1970 выкладае ў Бел. АМ. Творчую манеру вызначаюць імкненне да сцэн. метафарычнасці, псіхал. дакладнасць у абмалёўцы персанажаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.​Купалы — «Традыцыйны збор» В.​Розава (1967), «Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага (1968), «Памяць сэрца» А.​Карнейчука (1970), «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1972); у рус. т-ры — «Макбет» (1974), «Гамлет» (1998) У.​Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б.​Брэхта (1976), «Алошнія» М.​Горкага (1977, з У.​Маланкіным), «Трагедыя чалавека» І.​Мадача (1979); у т-ры-студыі кінаакцёра — «Глядзіце, хто прыйшоў» У.​Аро, «Шчасце маё, або Папяровы тэлефон» А.​Чарвінскага (абедзве 1983), «Саракавыя» паводле твораў В.​Астаф’ева, Р.​Барадуліна, В.​Быкава, М.​Кульчыцкага, А.​Куляшова, А.​Твардоўскага, І.​Чыгрынава, М.​Шолахава (1984), «Гамлет» (1988). Паставіў «Рэвізор» М.​Гогаля ў «Максім Горкі Тэатэр» (1980, Берлін). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982), тэлеспектаклі «Зацюканы апостал» (1984), «Вяртанне ў Хатынь» (1985).

Б.І.Луцэнка.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМА́ЦЫЯ,

стылістычная фігура ў паэтыцы, спалучэнне слоў з аднолькавым коранем, але неаднолькавых паводле граматычнай катэгорыі. Прыклад выкарыстання аманімацыі, падпарадкаванай маст. задуме, у вершы Я.​Купалы «У купальскую ноч»: «Цемра з нетрай скача скокі...», «Так шукае, лазіць лазам...», «Кветкі пільна я пільную» // На замкоў замкнёна сорак...».

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Павел Сцяпанавіч) (14.3. 1902, в. Івольск Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.1977),

бел. акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у бел. т-рах імя Я.​Коласа (1926—51, з перапынкамі, з 1946 маст. кіраўнік), Бел. ТРАМе, на кінастудыі «Савецкая Беларусь» (1930—35). З 1952 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго творчасць адметная спалучэннем прастаты, чалавечнасці з моцным тэмпераментам. Стварыў яркія нар. характары, вобразы простых людзей, трагічных і драм. герояў: Кутас («Прымакі» Я.​Купалы), ураднік Шышла, Дарвідошка («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Караневіч («Проба агнём» К.​Крапівы), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Сорын, Вяршынін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Пярчыхін, Лука («Мяшчане», «На дне» М.​Горкага), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Освальд, доктар Ранк («Здані», «Нора» Г.​Ібсена), Віктор Чэрмлені («Гульня з кошкай» І.​Эркеня). Паставіў спектаклі: у Бел. ТРАМе — «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935, разам з Г.​Ферманам); у т-ры імя Я.​Коласа — «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы; 1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Рускае пытанне» (1947) К.​Сіманава; у т-ры імя Я.​Купалы — «Патрабуецца лгун» Дз.​Пратасава (1965), «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча (1969); у Бел. т-ры юнага гледача — «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.​Гайдара (1963), «Даманевідзімка» П.​Кальдэрона (1964); а таксама фільм «Палескія рабінзоны» (1934, з І.​Бахарам). Пра М. створаны хранікальна-дакумент. фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым» (1969). Аўтар успамінаў «Тэатр — жыццё маё» (1984). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Няфёд У. Народны артыст СССР П.С. Малчанаў. Мн., 1958.

У.​І.​Няфёд.

П.С.Малчанаў.
П.Малчанаў у ролі ўрадніка Шышлы.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЭ́ЛЬНІКАВА (Раіса Мікалаеўна) (16.9.1904, в. Баршчоўка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1980),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1957). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у БДТ-2, з 1939 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Паэтычнае светаўспрыманне арганічна спалучалася з глыбокім драматызмам, эмацыянальнасцю. Сярод роляў: Паўлінка («Паўлінка» Я.​Купалы), Аўгіння («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Броня, Клава («З народам», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Куліна («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава («Беспасажніца», «Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сюзанна («Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), фру Ліндэ («Нора» Г.​Ібсена), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.​Фермо).

Т.​Я.​Гаробчанка.

Р.М.Кашэльнікава.
Р.Кашэльнікава ў ролі Паўлінкі (справа).

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н (Ілья Львовіч) (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.​Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.​Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Незабыўныя дні» М.​Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.​Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.​Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.​Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.​Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.​Труса, вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі і інш.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОЛЬ (Абрам Іосіфавіч) (1.5.1913, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 3.2.1990),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1932). У лірычных, выразных паводле колеру пейзажах апяваў прыгажосць бел. прыроды: «Канец зімы» (1955), «Іней» (1960), «Брэсцкая шаша» (1961), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор» (1967), «Беларускі краявід» (1968), «Новы Мінск» (1969), «Зіма беларуская» (1971), «Зямля» (1972), «Лагойшчына» (1977), «Зямля калгасная. Браслаўшчына» (1981), «Край беларускі» (1982) і інш. Я.​Купалу прысвечаны палотны «Я. Купала і Цётка (А.​Пашкевіч) у Пецярбургу ў 1913 годзе» (1954), «Таполя Купалы» (1960), «Думы пра Радзіму» (1962), «Сустрэча. Ян Райніс у гасцях у Янкі Купалы ў 1926 г.», «Купалаўскі край» (абодва 1982). Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Нараджэнне рэспублікі» (1968), «Ліпень 41-га» (1982), «Партызаны Міншчыны» (1984) і інш. Працаваў у галіне маст. афармлення экспазіцый музеяў рэспублікі.

А.Кроль Беларускі прастор. 1967.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».

франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар М.​Ц.​Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.​Купалы, Я.​Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.​Беднага і «Дзед Талаш» А.​Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.​Купалы.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАБЕ́Д (Аляксандр Станіслававіч) (н. 30.5.1951, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1995 праф.). Выканаўца характарных і драм. роляў. Творчасці ўласцівы завершанасць унутр. і знешняга малюнка ролі: Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Гатоўчык («Апошні шанц» В.​Быкава), Салянік («Радавыя» А.​Дударава), Дзергачоў («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Чапурной («Дзеці сонца» М.​Горкага), Княжко («Бераг» Ю.​Бондарава), Арыэль («Бура» У.​Шэкспіра), Тоні («Шкляны звярынец» Т.​Уільямса), Ахіл («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата) і інш. Здымаецца ў кіно: «Плач перапёлкі», «Справа Лахоўскага», «Чалавек са звалкі», «Маскоўская сувязь» (бел.-амер.). Удзельнічае ў тэле- («Сіняя-сіняя», «Доктар Фауст», «Подых навальніцы») і радыё- («Спартак», «Па кім звоніць звон») пастаноўках.

Р.​Л.​Баравік.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Ларыса Фёдараўна) (н. 17.5.1951, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыла Бел, кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 дацэнт), у 1978—88 адначасова рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі. У яе творчасці пераважаюць камерна-інстр. і вак. жанры, музыка для дзяцей. Распрацоўвае розныя пласты нац. муз. фальклору. Сярод твораў; кантата «Замчышча» на словы Я.​Купалы, канцэрт для фп. з арк. (абодва 1975), «Званы Нямігі» для духавога аркестра (1995), санаты, сюіты, прэлюдыі і фугі для фп., саната-імправізацыя ў трох медытацыях (1990) для цымбалаў; камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт (1979), «Драматычная паэма» для фагота і фп. (1993); цыкл «Жалейка» на словы Я.​Купалы для хору a cappella, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)