ГРЭ́ЧАСКІ АРХІПЕЛА́Г,

некалькі груп астравоў у Эгейскім м. (Паўн. і Паўд. Спарады, Эўбея, Хіяс, Лесбас, Кіклады, Крыт і інш.). Тэр. Грэцыі. Пл. каля 20 тыс. км². Гарысты рэльеф, выш. да 2456 м (г. Іда на в-ве Крыт). Характэрна моцная сейсмічнасць і вулканічная дзейнасць. Клімат субтрапічны. Міжземнаморская расліннасць. Вырошчванне субтрапічных культур. Рыбалоўства. Турызм.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПНАЯ ХРАНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў вызначэння абс. ўзросту горных парод, мінералаў, слядоў стараж. культур чалавека ці цалкам Зямлі па назапашванні ў іх прадуктаў распаду радыенуклідаў (гл. Радыеактыўнасць). Ідэя І.х. належыць П.Кюры і Э.Рэзерфарду. Распад кожнага радыенукліда адбываецца з пастаяннай скорасцю і прыводзіць да назапашвання канечных стабільных нуклідаў, па колькасці якіх і вызначаецца ўзрост даследаванага ўзору.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАНЛЫ́К,

горад у цэнтр. ч. Балгарыі, у Казанлыкскай катлавіне. Вядомы з 1430. 60 тыс. ж. (1992). Прам-сць: маш.-буд., харчасмакавая, дрэваапрацоўчая; вытв-сць муз. інструментаў. Фракійская грабніца з размалёўкамі (4—3 ст. да н.э., уключана ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны). У раёне К. — плантацыі казанлыкскай ружы, лаванды. Доследная станцыя эфіраалейных культур.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.​М.​Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРША́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусі найб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш. с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.

Літ.:

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;

Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.

С.​І.​Бельская.

Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬДЫ́ВІЯ (Valdivia),

археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЎНІ,

участкі забалочаных поймаў у ніжнім цячэнні і дэльтах рэк, якія працяглы час заліваюцца паводкавымі водамі. Укрыты цяжкапраходнымі зараснікамі трыснягу, рагозу, асок, лазняку і інш. Выкарыстоўваюцца пераважна як сенажаці, пры асушэнні — пад пасевы рысу і інш. с.-г. культур. З’яўляюцца асноўным месцапражываннем вадаплаўных птушак. Пашыраны ў дэльтах рэк Дунай, Днестр, Дняпро, Дон, Кубань, Волга і інш.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́БАР,

вёска ў Гомельскім р-не, на р. Уза. Цэнтр сельсавета. За 25 км на ПдЗ ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Прыбар. 940 ж., 269 двароў (2000). Лясніцтва, ПТВ-185. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур і курганны могільнік канца 10 — пач. 12 ст.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКІН (Мікалай Апанасавіч) (14.12.1905, в. Гарохаўка Бранскай вобл., Расія — 27.4.1993),

бел. вучоны-міколаг і фітапатолаг. Акад. АН Беларусі (1962, чл.-кар. 1950), Акадэміі с.-г. н. (1959—61), д-р с.-г. н. (1934), праф. (1933). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў БСГА (1927). З 1948 дырэктар Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1959 дырэктар Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, заг. лабараторыі імунітэту, у 1976—77 заг. лабараторыі ніжэйшых раслін Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні біялогіі і відавога складу ўзбуджальнікаў вірусных хвароб збожжавых і бабовых культур, бульбы, таматаў і інш., агратэхн. метадах барацьбы з узбуджальнікамі раку бульбы, яе хваробамі і шкоднікамі. Адзін з аўтараў сартоў бульбы Лошыцкі, Кандыдат, Агеньчык, Тэмп, Беларускі ранні, Паўлінка і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.

М.А.Дарожкін.

Тв.:

Фитофтороз картофеля и томатов. Мн., 1976 (у сааўт.);

Болезни бобовых культур. Мн., 1978 (у сааўт.);

Болезни картофеля. Мн., 1979 (разам з С.​І.​Бельскай).

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЧУ́РЫН (Іван Уладзіміравіч) (27.10.1855, с. Мічураўка Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 7.6.1935),

расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ганаровы акад. АН СССР (1935), правадз. чл. УАСГНІЛ (1935). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў павятовае вучылішча (1869). З 1875 пачаў працу па зборы калекцый раслін і вывядзенні новых сартоў пладовых і ягадных культур. Аўтар многіх сартоў, у т. л. яблыні Пепін шафранавы, Бельфлёр-кітайка, Славянка і інш., грушы Бэра зімовая Мічурына і інш. Распрацаваў метады селекцыі пладова-ягадных культур, у т. л. метад аддаленай гібрыдызацыі і інш. Атрымаў гібрыды яблыні і грушы, яблыні і рабіны, абрыкоса і слівы, айвы і яблыні, чаромхі і вішні, міндаля і персіка. Імя М. і яго праца былі выкарыстаны Т.​Дз.Лысенкам для абгрунтавання і папулярызацыі свайго вучэння.

Тв.:

Соч. Т. 1-4. 2 изд. М., 1948;

Избр. произв. 2 изд. М., 1955.

Літ.:

И.​В.​Мичурин в воспоминаниях современников. Тамбов, 1963;

Бахарев А.Н. Мичурин в жизни. Воронеж, 1970.

І.У.Мічурын.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)