МАЗАЎША́НЕ,

заходнеславянскае племянное аб’яднанне. У 6—7 ст. засялілі сярэдняе Павісленне. Межавалі на ПнУ з яцвягамі. У 12 ст. М. згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» і ў хроніцы Гала Ананіма. Паводле ўзроўню сац.-эканам. становішча землі Мазовіі адставалі ад зямель Вялікай і Малой Польшчы. У 10 ст. пры Мешку I [960—992] Мазовія ўвайшла ў склад Велікапольскай дзяржавы. Пры Баляславе II [1034—37] мазавецкая знаць дамаглася поўнага аддзялення Мазовіі ад Польшчы, выбраўшы сваім князем Маіслава (Маслава, Мацлава). Казімір I, каб падпарадкаваць Мазовію, пайшоў на саюз з вял. кіеўскім кн. Яраславам Мудрым, які ў 1041, 1043, магчыма 1039, хадзіў на М. Да 1047 супраціўленне мазавецкай знаці задушана, Маіслаў забіты, Мазовія далучана да Польшчы. З 1138 Мазовіяй валодаў Баляслаў Кучаравы, пазней яго брат Конрад. Нашчадкі апошняга валодалі Мазовіяй да 14 ст. На працягу 13—14 ст. вял. кн. ВКЛ неаднойчы хадзілі на М. У 1526 Мазовія канчаткова ўвайшла ў склад Польшчы.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМО́НТ, Нарымунт,

Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.

А.​В.​Белы.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЕ́ЦКІ ПАХО́Д І́ГАРА СВЯТАСЛА́ВІЧА 1185,

паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс. чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».

Літ.:

Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;

Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЫ́НСКІЯ,

род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў склад тат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.

Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная і Чынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.

С.​У.​Думін.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,

бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛ Міндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),

зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.

2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КІТА́ЎРАС»,

«Гіпацэнтаўр», прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш як 30 родаў Беларусі і Літвы, у т. л. Дуброўніцкія, Гальшанскія, Гарнастаі, Стравінскія. На сярэбраным полі выява сярэбранага кентаўра, які страляе з лука, замест хваста ў яго змяя. Клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. У ВКЛ выявы кентаўра вядомы на пячатках князя С.​І.​Гальшанскага пры дакументах 1388, 1431, 1433. З гэтага часу выява кентаўра ператварылася ў герб «К.» спачатку роду Гальшанскіх, потым і інш. Паводле легенды 16 ст., герб належаў Даўспрунку, які ў часы рымскага імператара Нерона разам з Палемонам і інш. перасяліўся з Італіі ў Літву. Нашчадкамі Даўспрунка лічыліся вял. князь ВКЛ Трайдзень і яго нашчадкі, т. зв. дынастыя Кітаўрасаў. Паводле летапісаў, князь Нарымонт з роду Кітаўрасаў, калі быў вял. князем ВКЛ, адмовіўся ад уласнага герба «К.» і прыняў «Пагоню», якая стала гербам дзяржавы. Як геральдычная фігура кентаўр сустракаецца на стараж.-рус. пячатках і манетах 14—16 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́БСКІЯ СЛАВЯ́НЕ,

група заходніх славян (плем. саюзы бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў), якія размаўлялі на палабскай мове. У канцы 1 — пач. 2-га тыс. насялялі землі паміж рэкамі Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) ад Балтыйскага м. на Пн да Рудных гор на Пд (цяпер тэр. Усх. Германіі і часткова Зах. Польшчы). Найважнейшыя цэнтры — Торгаў, Прыворна, Рэрык, Убаба, Бранібар (цяпер Брандэнбург) і інш. У 6—8 ст. у П.с. адбываўся распад першабытнаабшчыннага ладу, складваліся феад. адносіны Займаліся пераважна земляробствам, у 9—10 ст. значнае развіццё атрымалі рамёствы. Гандлявалі з Саксоніяй, Даніяй, Швецыяй, Кіеўскай Руссю.

У 10 ст. пачалося заваяванне П.с. герм. феадаламі. 11—12 ст. — перыяд найб. росквіту П.с., паспяховага супраціўлення герм. агрэсіі, узнікнення раннефеад. дзярж. утварэнняў, т.зв. Вендскай дзяржавы бодрычаў і люцічаў. П.с. на чале з князем бодрычаў Ніклатам разграмілі крыжовы паход супраць славян 1147. У 2-й пал. 12 ст., скарыстаўшы тэр. раздробленасць П.с., герм. феадалы захапілі іх землі. Ням. каланізацыя прывяла да частковага знішчэння і асіміляцыі П.с.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕМСКІЯ,

княжацкі род у Стараж. Русі, ВКЛ, Маскоўскім вял. княстве, Рас. імперыі. Родапачынальнік Андрэй Уладзіміравіч Доўгая Рука (каля 1190—1224), вёў радавод ад Рурыка, ад удзельнага горада Вязьма стаў звацца князем Вяземскім. Вяземскае княства існавала ў Смаленскай зямлі, верагодна, з сярэдзіны 13 ст., у 1403 занята войскам ВКЛ. Князі Вяземскія Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч трапілі ў палон, а Сямён і Уладзімір Мсціславічы разам са смаленскім кн. Юрыем Святаславічам з’ехалі ў Ноўгарад, потым у Маскву. У далейшым Вяземскія валодалі Вяземскім княствам як васалы вял. князёў ВКЛ. Род Вяземскіх моцна разгалінаваўся. У 1487—94 большасць Вяземскіх вымушаны прызнаць сваю васальную залежнасць ад вял. кн. маскоўскага Івана III, але некаторыя захавалі вернасць ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў ВКЛ застаўся адзін Вяземскі — кн. Іван Львовіч, уладальнік с. Пірошыцы і часткі Лукомскага замка. У далейшым прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Маск. дзяржавы і Рас. імперыі. З іх найб. вядомы: Аляксандр Аляксеевіч Вяземскі (1727—93), давераная асоба Кацярыны II, з 1764 ген.пракурор Сената, кіраваў фінансамі, юстыцыяй, унутр. справамі; паэт Пётр Андрэевіч Вяземскі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)