Дагаворная грамата 1266 Ноўгарада з цвярскім князем 4/476

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́ФРЫЙ,

полацкі князь у ВКЛ. У грамаце, выдадзенай ім каля 1399 манастыру Іаана Прадцечы на валоданне бортнымі землямі на азёрах Сомніца, Лісна і рэках Ула і Нача, назваў сябе вял. князем — адзіны выпадак, калі полацкі князь так тытулаваў сябе. Мяркуецца, што Ануфрый быў апошнім полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),

князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1449,

пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял. кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

А.​В.​Белы.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦ II (Rákóczi Ferenc; 27.3.1676, г. Борша, Румынія — 8.4.1735),

князь Трансільваніі [1704—11], рэгент Венгрыі [1705—11], кіраўнік вызв. антыгабсбургскага Ракацы Ферэнца II руху 1703—11. Сын князя Трансільваніі Ферэнца I Ракацы [1652—76], пасынак І.Цёкёя. У 1688—97 змушаны Габсбургамі жыць у Чэхіі і Германіі, вучыўся ў Пражскім ун-це і ў Італіі. З 1701 зняволены Габсбургамі ў крэпасці пад Венай. У 1703 уцёк у Польшчу і ўзначаліў ваен.-паліт. рух за вызваленне Венг. каралеўства ад габсбургскага панавання. У ліп. 1704 выбраны трансільванскім князем. У 1705 скліканы ім Дзярж. сход абвясціў Р. «правячым князем» Венгрыі. Пасля паражэння вызв. вайны не прызнаў Сатмарскі мір 1711 і эмігрыраваў у Францыю, потым у Турцыю, дзе і памёр. Аўтар успамінаў пра вызв. вайну 1703—11.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКО́ЛЬД І ДЗІР,

кіеўскія князі ў 2-й пал. 9 ст. Паводле летапісных звестак былі баярамі Рурыка. У 860 узначальвалі першы паход на Канстанцінопаль, вялі барацьбу з печанегамі, улічамі, дунайскімі балгарамі. Учынілі паходы на драўлян, полацкіх крывічоў. Забіты ў 882 наўгародскім князем Алегам.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАСЦІСЛА́ВІЧ,

друцкі князь у сярэдзіне 12 ст., сын кн. Расціслава Глебавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 (у інш. крыніцах пад 1158), калі друцкае веча выгнала яго з Друцка, дзе ён княжыў, верагодна, з 1151, калі яго бацька стаў полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІ́З (франц. marquis, ісп. marqués),

1) у раннесярэдневяковай імперыі Каралінгаў тое, што маркграф.

2) У сярэдневяковых Францыі і Італіі (з 10 ст.) буйны феадал, які паводле тагачаснай іерархіі знаходзіўся паміж герцагам і графам.

3) Спадчынны дваранскі тытул (паміж князем і графам) у Францыі, Іспаніі, Італіі.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1392.

Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ. Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕНІ́ДЫ,

дынастыя правіцеляў (напачатку князёў, з 1198 цароў) Кілікійскай армянскай дзяржавы ў 1080—1375. Заснавана ў 1080 арм. князем Рубенам. Найб. значныя з Р.: Лявон I [1129—41], Лявон II [1187—1219], Хетум I [1226—70], Лявон III [1271—89]. У 1375 апошні з Р. — Лявон VI узяты ў палон мамлюкамі і вывезены ў Егіпет.

т. 13, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)