імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.
Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл.Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл.Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.
Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.Равальякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС XII (Alfonso; 28.11.1857, Мадрыд — 25.11.1885),
кароль Іспаніі [1874—85]. З дынастыі Бурбонаў. У час рэвалюцыі 1868—74 выхоўваўся ў Вене і Сандхерсце (Англія). Каралём абвешчаны пасля дзярж. перавароту супраць рэспублікі ген. Мартынеса Кампаса (28.12.1874). У 1876 спыніў карлісцкія войны. За клопат пра ўнутр. мір атрымаў мянушку «міратворац».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СТАЎ IVАдольф
(Gustaf IV Adolf; 1.11.1778, Стакгольм — 7.2.1837),
кароль Швецыі [1792—1809]. З дынастыі Готарпаў. Дэспатычны характар праўлення Густава IV, а таксама паражэнне Швецыі ў войнах з Францыяй (1805—07) і Расіяй (1808—09) прывялі да звяржэння яго рыксдагам у сак. 1809, у снеж. 1809 выгнаны са Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СТАЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (7.9.1903, г. Валгаград, Расія — 14.5.1960),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 працаваў у т-рах Ленінграда, Куйбышава, Масквы. З 1944 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Валодаў моцным трагедыйным тэмпераментам. Глыбокі псіхалагізм, грамадз. пафас, яснасць задумы спалучаліся ў творчасці К. з багатай гукавой і пластычнай тэхнікай. Лепшыя ролі ў Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі: кароль Лір, Атэла, сэр Тобі («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Іван Шуйскі («Цар Фёдар Іванавіч» А.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Радазубаў («Варвары» М.Горкага), Прыбыткаў («Апошняя ахвяра» Ą.Астроўскага), Варапаеў («Шчасце» паводле П.Паўленкі), Струкаў («Далі неабсяжныя» М.Вірты), Ермашоў «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча) і інш. Здымаўся ў кіно.
Літ.:
Бурьян Б., Лисневский И. На высоком взлете. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЗМУ́НД I (лац. Sigismundus, венг. Zsigmond, чэш. Zikmund; 15.2.1368, г. Нюрнберг, Германія — 9.12.1437),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1410—37], венг.кароль [1387—1437], чэш.кароль [1419—21, 1436—37]. Сын імператара Карла IV, апошні з дынастыі Люксембургаў. У 1387 у выніку шлюбу з дачкой венг. караля Лаяша Вялікага стаў венг. каралём. Узначаліў крыжовы паход аб’яднанага еўрап. войска супраць туркаў, разбіты тур. султанам Баязідам I. Адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў царк. Канстанцкага сабора (1414—18), санкцыяніраваў пакаранне смерцю Я.Гуса, якому раней даў ахоўную грамату. Пасля смерці брата Вацлава IV (1419) атрымаў у спадчыну чэш. прастол, арганізаваў супраць гусітаў крыжовыя паходы (гл.Гусіцкія войны). У 1421 пазбаўлены чэш. прастола Часлаўскім сеймам, зноў абвешчаны каралём у 1436 сеймам у Іглаве. Сваім пераемнікам прызначыў аўстр. герцага Альбрэхта. Агульнае абурэнне ў Чэхіі палітыкай С. I прымусіла яго збегчы. Памёр па дарозе з Чэхіі ў Венгрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н IV (Otto) Браўншвейгскі
(каля 1176 або 1182 — 19.5.1218),
кароль з 1198, імператар з 1209 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Пляменнік англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца. Пры ім вялася барацьба Вельфаў, да якіх належаў Атон IV, і Штаўфенаў за герм. прастол. Пасля паражэння пры Бувіне (1214) фактычна страціў уладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІ́СКІ О́РДЭН,
партугальскі духоўна-рыцарскі ордэн. Існаваў у 1162—1789. Утвораны з вайск. арг-цыі, заснаванай у 1147 ці 1148 для барацьбы з маўрамі. Партуг.кароль Альфонс I у 1162 ці 1166 падараваў ордэну крэпасць Авіс (адсюль назва). Авіскі ордэн адыграў значную ролю ў гісторыі Рэканкісты ў Партугаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКБЕ́Т (Macbeth; ? — 15.8.1057),
кароль Шатландыі [1040—57]. Да ўлады прыйшоў праз забойства караля Дункана I, якога перамог у бітве пры Дунсінейне. Вёў барацьбу з феад. групоўкамі, якія імкнуліся перадаць (і перадалі) прастол сыну Дункана — Малькальму. Загінуў у бітве з Малькальмам. Легенды пра М. ляглі ў аснову сюжэта трагедыі У.Шэкспіра «Макбет».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БЕРТ БРУС, Роберт I Брус (Robert Bruce; 11.7.1274—7.6.1329),
кароль Шатландыі [1306—29]. Узначаліў барацьбу шатл. народа за незалежнасць ад Англіі. У 1314 у бітве пры Банакберне разграміў англ. армію, у 1322 адбіў новае ўварванне англічан у Шатландыю і заключыў перамір’е з Англіяй. У 1328 дамогся ад Англіі прызнання незалежнасці Шатландыі.