Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОЗД (Валянцін Пятровіч) (16.9.1906, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. — 29.1.1943),
віцэ-адмірал (1941). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1928), служыў на караблях Балт. флоту (БФ). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (інструктар-саветнік рэсп. флоту ў 1936—37). З 1938 камандуючы Паўн. флотам, удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З вер. 1940 нач. Чарнаморскага вышэйшага ваен.-марскога вучылішча. З лют. 1941 камандзір атрада лёгкіх сіл БФ, у пач.Вял.Айч. вайны на чале атрада караблёў БФ прарваўся з Таліна ў Кранштат. З вер. 1941 камандуючы эскадрай караблёў БФ; удзельнік абароны Маанзундскіх а-воў, эвакуацыі абаронцаў п-ва Ханка, абароны Ленінграда. Загінуў на лядовай трасе пад Кранштатам. Яго імем названы эсмінец БФ (гл.«Віцэ-адмірал Дрозд») і вял. процілодачны карабельПаўн. флоту. У Буда-Кашалёве помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГ (ад галанд. log адлегласць),
1) навігацыйная прылада для вымярэння скорасці руху карабля (судна) і пройдзенай ім адлегласці.
Найб. пашыраны Л., якія вымяраюць скорасць руху адносна вады. Яны бываюць механічныя (з крыльчаткай, якая верціцца ў вадзе пры руху судна), гідрадынамічныя (заснаваныя на залежнасці паміж скорасцю і ціскам патоку вады, што абцякае карабель), індукцыйныя і інш. Ёсць таксама Л., якія даюць паказанні адносна зямлі (дна) — доплераўскія гідраакустычныя і геамагнітныя.
2) Становішча карабля (судна) бортам да ветру, хвалі, прычала і да т.п. (напр., «стаць Л. да хвалі» азначае «стаць бортам да хвалі»).
Лагі: а — механічны (1 — крыльчатка, 2 — днішча судна); б — гідрадынамічны (1, 6 — адтуліны для прыёму статычнага і сумарнага ціскаў; 2, 5 — трубаправоды статычнага і сумарнага ціскаў; 3 — дыяфрагма; 4 — сільфонны апарат; pдын, pст — дынамічны і статычны ціскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСК»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам — восенню 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. Да 24.10.1939 наз. «Warszawa» («Варшава»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВФМ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска і в. Новая Беліца Светлагорскага р-на), Дзясне (каля г. Асцёр Чарнігаўскай вобл.), Дняпры (каля нас. пунктаў Дамантава і Сухалучча Кіеўскай вобл. і каля Кіева). Летам 1941 карабель прадстаўлены ваен. саветам Паўд.-Зах. фронту да ўзнагароды ордэнам Чырв. Сцяга. Узарваны экіпажам 18.9.1941 у сувязі з адыходам сав. часцей на У ад Дняпра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГЕ́ВІЧ (Васіль Сямёнавіч) (н. 3.1.1947, в. Жыцькава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў фіз.ф-т Харкаўскага ун-та (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1979). Працаваў выкладчыкам фізікі ў школе, на Барысаўскім шклозаводзе (1970—77), на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1979), у час. «Маладосць» (з 1981). З 1992 — у час. «Полымя». Друкуецца з 1972. Кнігі апавяданняў і аповесцей «Спелыя яблыкі» (1976), «Калі ласка, скажы» (1978), «Жыціва» (1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984). Аўтар раманаў (ад бытавога да сац.-фантастычнага) «Доказ ад процілеглага» (1985), «Мелодыі забытых песень» (1988), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1990), «Кентаўры» (1993). Напісаў (разам з А.Чарновым) навук.-дакумент. кнігу пра Чарнобыль «Сталі воды горкімі» (1991). Для яго творчасці характэрны псіхалагізм, філасафічнасць, умоўна-абагульненая форма маст. асэнсавання жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОН (сапр.Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч
(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.Вішнеўскім і У.Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял.Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,
1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач.Вял.Айч. вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.
2) Сродак інж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.