АРЫЁСТА ((Ariosto) Лудовіка) (8.9.1474, горад Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 7.1533),

італьянскі паэт і драматург эпохі Адраджэння. Пісаў на лацінскай і італьянскай мовах. Асноўны твор — героіка-рамантычная паэма ў актавах «Неўтаймаваны Раланд» (1516), у якой перапляліся матывы сярэдневяковага эпасу і куртуазнага рыцарскага рамана; працяг паэмы «Закаханы Раланд» М.Баярда. Твор Арыёста з гуманістычным зместам і дасканалай мастацкай формай — узор культуры позняга італьянскага Адраджэння. Паэт па-язычніцку паўнакроўна адлюстраваў прыгажосць і радасці зямнога жыцця. Вытанчаная іронія надае паэме жартаўлівы характар. Стваральнік італьянскай «вучонай камедыі» («Шкатулка», 1508; «Зводніца», 1529, і іншыя).

Тв.:

Рус. пер. — Неистовый Роланд: Песни I—XXV. М.,1993.

А.С.Шаўчэнка.

Л.Арыёста.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́БУТАЎ (Валерый Міхайлавіч) (18.12.1885, г. Валгаград — 1.11.1961),

рускі рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1934), засл. дз. маст. Татарстана (1945). Творчую дзейнасць пачаў у МХТ (1912). Удзельнічаў (з У.Меерхольдам) у стварэнні Т-ра РСФСР 1-га (1920). З 1924 узначальваў Т-р муз. буфанады (пазней Т-р муз. камедыі). Яго мастацтва было адметнае высокай рэжысёрскай культурай, пошукамі новых выразных сродкаў. Пастаноўкі ў розных тэатрах: «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна 91924), «Карневільскія званы» Р.Планкета (1925), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1935), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1940), «Гамлет» У.Шэкспіра (1946 і 1955 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, адзін з лепшых шэкспіраўскіх спектакляў на Беларусі).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.Вашкевіч, У.Галубок, Р.Жакоўскі, А.Крыніца, М.Міцкевіч, Л.Навахацкая, Ч.Родзевіч, В.Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Кветка папараці» К.Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.

А.В.Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗІ́РАЎ (Наджаф-бек Фаталі-бек аглы) (17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),

азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.М.Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,

трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц, мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.П.Ягемана (Ягнова).

Г.І.Барышаў.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ (Георгій Мікалаевіч) (н. 25.8.1930, Тбілісі),

расійскі і грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маск. архітэктурны ін-т (1955), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). З 1960 на «Масфільме». Дэбютаваў фільмам «Сярожа» (1960, разам з І.Таланкіным). Здымае псіхал. драмы («Шлях да прычала», 1962), лірычныя («Я крочу па Маскве», 1964; «Міміно», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1978), сатыр. («Трыццаць тры», 1966), фантаст. камедыі («Кін-дза-дза», 1987) і трагікамедыі («Не бядуй», 1969; «Афоня», 1975; «Асенні марафон», 1979, Дзярж. прэмія Расіі 1981; «Слёзы капалі», 1983; «Пашпарт», 1990), для якіх характэрны ўвага да сац. прыроды з’яў і ўчынкаў, спачувальная інтанацыя ў адносінах да герояў.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́МАЎ (Дзімітр) (25.6.1909, г. Ловеч, Балгарыя — 1.4.1966),

балгарскі пісьменнік і вучоны. Засл. дз. культ. Балгарыі (1963), праф. анатоміі (1953). Дэбютаваў раманам «Паручнік Бенц» (1938). Майстэрствам псіхал. аналізу адметны раман «Асуджаныя душы» (1945), падзеі якога адбываюцца ў Іспаніі напярэдадні і пасля ваенна-фаш. мяцяжу 1936. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тытунь» (1951; Дзімітраўская прэмія 1952), прысвечаны жыццю балг. народа ў 1930—40-я г. Аўтар камедыі «Жанчыны з мінулым» (1959), драм «Вінаваты» (1961), «Перадышка ў Арка Ірыс» (1936), а таксама прац па анатоміі.

Літ.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1977—78.

І.С.Александровіч.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЯЧЭ́НКА (Ніна Мікалаеўна) (н. 23.7.1944, г. Чыта, Расія),

артыстка балета, балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1963), выкладала ў ім (1965—85). Працавала ў Львоўскім (з 1963) і Пермскім (з 1965) т-рах оперы і балета [сярод партый: Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізе—Р.Шчадрына)]. З 1986 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1988 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча, з 1992 балетмайстар, з 1993 гал. балет-майстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод пастановак: балеты «Іспанскі дывертысмент», «Зачараваны прынц» на муз. П.Чайкоўскага, харэаграфія спектакляў «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Халопка» М.Стрэльнікава. «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Капялюш Напалеона» О.Штрауса, «Цыганскі барон» І.Штрауса.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОХ ((Koch) Іозеф Антон) (27.7.1768, Эльбігенальп, Аўстрыя — 12.1.1839),

аўстрыйскі жывапісец і афартыст. Вучыўся ў г. Штутгарт (Германія; 1785—91). З 1795 працаваў у Рыме (у 1812—15 у Вене). Пісаў жывыя, напоўненыя экспрэсіяй пейзажы ў духу класіцызму. Значна паўплываў на развіццё пейзажнага жывапісу ў Германіі. Больш познім творам уласцівы рысы рамантызму. Сярод работ: «Ахвярапрынашэнне Ноя» (1813), «Бернскі Оберланд» (1815), «Вадаспад у Шмадрыбаху» (1821—22), «Пейзаж з Макбетам і вядзьмаркамі» (1829). Аўтар фрэсак для адной з залаў вілы Масімі ў Рыме (1827—29), ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ і інш.

І.Кох. Вадаспад у Шмадрыбаху. 1821—22.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)