ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),

сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).

Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц. працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,

суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст. Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.​Пуанкарэ, В.​Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.

Т.​І.​Адула.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ПЫТ,

уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.

У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.​Берклі, Д.​Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Дзідро, К.​Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.​Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.​Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.

Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.

Літ.:

Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,

баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць ў падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.

Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.​Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.​Бушнелем (1776), у Францыі Р.​Фултанам (1801), у Германіі В.​Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл. Падводная вайна).

П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. Пл. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. Пл. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал. энергет. установак Пл падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз. энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя Пл. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс. т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.

Л.​А.​Пенязь, В.​М.​Пташнік.

Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).
Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.​Жакобам і Ж.​Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

Да арт. Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТЫ,

клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона H​+ (дакладней — іона гідраксонію H3O​+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.

У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.​Н.​Бронстэда і электроннай Г.​Н.​Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.

Літ.:

Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;

Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)