ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.

Лань.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ (Panthera leo),

млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Цэнтр. Афрыцы (10 падвідаў) і Паўд. Азіі (1 падвід). Жыве ў саваннах, радзей у рэдкалессі і пустынях. Індыйскі падвід (Р. 1. persica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 240 см, маса да 280 кг, самкі драбнейшыя. Тулава моцнае, сухое, лапы невысокія. Хвост даўж. да 110 см, на канцы з цёмным кутасікам. Самцы маюць грыву. Поўсць кароткая, буравата-жоўтая, грыва цямнейшая. Трымаюцца пераважна парамі або прайдамі (групы да 30 асобін рознага полу і ўзросту). Драпежнік. Нараджае 1—6 кацянят раз у 2 гада. Трапляюцца помесі з тыграм і леапардам.

Э.​Р.​Самусенка.

Леў.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),

млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.

Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.

Жырафы.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЧНЫ́ КЛЕШЧ (Tyroglyphus farinae, або Acarus siro),

членістаногая жывёла сям. акарыд надсям. свірнавых кляшчоў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у.харч. і фуражных прадуктах, глебе, гнёздах птушак і грызуноў. Пашкоджваюць насенне, збожжа, крупы, муку, сена, салому, сушаныя агародніну, садавіну, грыбы і інш., заражаюць іх гніласнымі мікробамі.

Цела даўж. 0,3—0,7 мм (самкі даўжэйшыя), авальнае. Покрывы тонкія, белаватыя, глянцавітыя, паўпразрыстыя, з рэдкімі шчацінкамі. Ротавыя органы (грызучыя) і ногі ружовыя ці бурыя. Развіццё са складаным ператварэннем (5 стадый). У неспрыяльных умовах утвараецца дадатковая ўстойлівая стадыя — гіпопус спакою або рассяляльны гіпопус (на насякомых). Гл. таксама Кляшчы.

Мучны клешч: 1 — самец; 2 — самка; 3 — рассяляльны гіпопус (а — зверху, б — знізу).

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТАПАРЭ́Я (Pontoporeia affinis),

беспазваночная жывёла сям. хаўстарыдаў атр. бакаплаваў кл. ракападобных. Пашырана ў вадаёмах на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў глыбокіх (больш за 10 м) вадаёмах з вял. колькасцю кіслароду ў вадзе, пераважна ў глеістых і глеіста-пясчаных донных адкладах. На Беларусі рэдкая, ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага перыяду. Адзначана на Пн, у азёрах Паўд. Воласа і Снуды. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 10 мм, маса да 10 мг. Цела дугападобнае, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расл. і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца яйцамі (16 шт. і больш) адзін раз за жыццёвы цыкл. Корм для рыб.

В.​П.​Сяменчанка.

Понтапарэя.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,

інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.

Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг. працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ліс (жывёла) 2/205, 530; 4/271, 272—273 (укл.); 6/384; 7/283; 9/284; 12/45 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНЫ КІТ, блювал,

сіні кіт (Balaenoptera musculus),

марское млекакормячае сям. паласацікаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах ад Арктыкі да Антарктыкі.

Самая буйная жывёла Зямлі, даўж. да 33 м, маса да 160 т. Цела цёмна-шэрае з блакітнаватым адценнем (адсюль назва), усыпанае светла-шэрымі плямамі і мармуровым узорам. Замест зубоў на верхняй сківіцы рагавыя пласціны (кітовы вус), да 400 пар, выш. да 1 м. Праз яго блакітны кіт адцэджвае з вады планктонных рачкоў, якімі корміцца. Нараджае кожныя 2 гады дзіцяня даўж. 6—9 м, масай 2—3 т, якое корміць малаком каля 7 месяцаў. Амаль вынішчаны дзеля атрымання тлушчу, мяса, кітовага вуса. Здабыча забаронена. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Блакітны кіт.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,

найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛШТЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў ЗША і Канадзе ў выніку селекцыйнай работы на працягу 19—20 ст. з чорна-пярэстай жывёлы, завезенай з паўн. ч. Нідэрландаў. Найбольш высокамалочная парода. На Беларусі гадуюць на племзаводзе «Ведрыч» Рэчыцкага р-на. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з мэтай павелічэння малочнай прадукцыйнасці ў першую чаргу чорна-пярэстай жывёлы.

Жывёла мае вял. памеры цела, сухую канстытуцыю, развітое вымя. Масць пераважна чорна-пярэстая з рознымі меткамі. Жывая маса нованароджаных бычкоў 44—47 кг, цялушак 38—42, дарослых быкоў 950—1200 і кароў 670—700 кг. Інтэнсіўны раздой на 1-й і 2-й лактацыях. Надой за лактацыю 6500—7000 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,5—3,7%.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)