МІСКО́ Якуб Герасімавіч (1.6.1911, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1981),

бел. пісьменнік, журналіст, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі (1925—28; выключаны за ўдзел у рэв. руху); скончыў Баранавіцкі настаўніцкі ін-т (1949). У 1932—34 працаваў у гал. сакратарыяце рэв.-дэмакр. арг-цыі «Змаганне», супрацоўнічаў у падп. зах.-бел. друку. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. У ліст. 1939 разам з братамі арыштаваны органамі НКУС (вызвалены ў 1940). З 1947 на журналісцкай працы. Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра КПЗБ, яе дзеячаў, кіраўнікоў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. С.​Прытыцкага, М.​Дворнікава, М.​Арэхву. Творчая спадчына М. сабрана ў кнізе «Маё маўклівае сэрца» (1983).

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУ́ЦІН Васіль Емяльянавіч (28.6.1906, с. Ваўчкоў Перавоз Любомльскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 13.8.1981),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Беластоцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў курсы Вышэйшай парт. школы пры ЦК КПСС (1952). З 1927 на камсам., з 1930 і ў 1939 на журналісцкай рабоце. З 1934 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1942 рэдактар падп. газ. «Віцебскі рабочы», з 1943 1-ы сакратар Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б, кіраўнік Беластоцкага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і журналісцкай рабоце, у 1950—53 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА Сяргей Мікалаевіч (16.7.1776, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 17.4.1847),

расійскі пісьменнік, журналіст. Брат Ф.М.Глінкі. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1795). Выдаваў час. «Русский вестник» (1808—20 і 1824). У 1827—30 цэнзар Маск. цэнзурнага к-та. Аўтар гіст. п’ес «Наталля, баярская дачка» (1806), «Міхаіл, князь Чарнігаўскі» (1808), «Мінін» (1809), «Асада горада Палтавы, або Клятва палтаўскіх жыхароў» (1810); паэм «Пажарскі і Мінін» (1807), «Царыца Наталля Кірылаўна» (1809); «Рускай гісторыі» ў 14 ч.; вершаў, гіст. і павучальных аповесцей і інш. Апубл. «Запіскі пра 1812 год» (1836), «Запіскі пра Маскву і пра замежныя здарэнні ад канца 1812 да палавіны 1815 г.» (1837). Гісторыю свайго жыцця апісаў у «Запісках» (выд. 1895).

Літ.:

Вяземский П.А. С.​Н.​Глинка. СПб., 1847;

Аксаков С.Т. Литературные и театральные воспоминания // Собр. соч. М., 1986. Т. 2.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧ Улас Міхайлавіч (17.1.1865, Масква — 22.2.1922),

рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.​Шаляпіна, М.​Ярмолаву, М.​Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.​Чэхава, Л.​Талстога, М.​Горкага, У.​Караленку, В.​Верасаева і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1905—07;

Золотая лихорадка. М., 1982;

Сказки и легенды. Мн., 1983;

Рассказы и очерки. М., 1986.

Літ.:

Букчин С.В. Судьба фельетониста. Мн., 1975.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТЭРА́Н (Mitterrand) Франсуа (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц. сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл. Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.

Ф.​Мітэран.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІХ Галіна Аляксандраўна (н. 27.11.1939, Масква),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1979). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). З 1964 у Т-ры-студыі кінаакцёра. У кіно з 1962 («Дзікі сабака Дзінга»). Творчая манера П. адметная псіхал. глыбінёй, шчырасцю, лірызмам, эмацыянальнасцю. Знялася ў фільмах: «Я крочу па Маскве» (1964), «Вернасць» (1965), «Журналіст» (1967), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Фронт без флангаў» (1975) і «Фронт за лініяй фронту» (1978; за абодва Дзярж. прэмія Расіі 1978), «Партрэт з дажджом» (1978), «Коней на пераправе не мяняюць» (1981), «Белыя росы» (1983), «Мордачка» (1990), «Амерыканскі дзядуля» (1993), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999), «Афінскія вечары», «Жанчын крыўдзіць не рэкамендуецца» (абодва 2000), тэлесерыялах «Пецярбургскія тайны» (1994—95), «Развязка пецярбургскіх тайнаў» (1997), «Прыпынак па патрабаванні» (2000) і інш.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСКО́Ў Васіль Міхайлавіч (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.​Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш. Кніга дакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.​Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.​Церашкову і В.​Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.

Тв.:

Дороги и тропы. М., 1976;

Аляска больше, чем вы думаете. М., 1994;

Странствия. М., 1999.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАКІ́ Нур Мухамед (14.7.1917, прав. Газні, Афганістан — 8.10.1979),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Афганістана. З канца 1930-х г. журналіст, аўтар празаічных і паэтычных твораў. З канца 1940-х г. у грамадска-паліт. руху «Віш зальміян» («Абуджаная моладзь»). На ўстаноўчым з’ездзе Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) у 1965 абраны яе ген. сакратаром. Пасля расколу НДПА у 1967 узначаліў яе фракцыю «Хальк», з 1977 — зноў ген. сакратар аб’яднанай НДПА. Арышт Т. і яго паплечнікаў выклікаў 27.4.1978 паўстанне кабульскага гарнізона, якое скінула рэжым М.Дауда і прывяло да ўлады НДПА. З мая 1978 Т. — старшыня Рэв. савета Дэмакр. Рэспублікі Афганістан, адначасова яе прэм’ер-міністр. Спроба адхіліць ад пасады свайго намесніка ў партыі і ўрадзе Х.Аміна ў вер. 1979 скончылася арыштам Т. і яго забойствам у турме.

Тв.:

Рус. пер. — Повести: Сб. М., 1987.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧХЕІ́ДЗЕ Мікалай (Карла) Сямёнавіч (1864, с. Путы Зестафонскага р-на, Грузія — 1926),

расійскі і груз. паліт. дзеяч, адзін з лідэраў меншавікоў, журналіст. У с.-д. руху з канца 1890-х г. Дэп. 3-й (1907—12) і 4-й (1912—17) Дзярж. дум, старшыня меншавіцкай фракцыі ў 4-й Думе. У 1-ю сусв. вайну цэнтрыст, прыхільнік удзелу рабочых у ваенна-прамысловых камітэтах. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917, старшыня Выканкома Петраградскага Савета і ВЦВК Саветаў 1-га склікання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Грузіі. У лют.—чэрв. 1918 старшыня Закаўказскага сейма з правамі прэзідэнта Закаўк. Дэмакр. Федэратыўнай Рэспублікі (распалася ў чэрв. 1918), з сак. 1919 старшыня Устаноўчага сходу (парламента) Груз. Дэмакр. Рэспублікі. З 1921 у эміграцыі (Францыя). Скончыў самагубствам.

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСКЕ́ВІЧ Алена Аляксандраўна (н. 10.6.1967, Мінск),

бел. філолаг, журналіст, пісьменніца. Дачка А.Яскевіча. Д-р філал. н. (2003), Скончыла БДУ (1989). З 1990 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе традыцыі бел. і слав. гуманітывістыкі. Аўтар манаграфій «Творы Францыска Скарыны: Жанравая структура, філасофскія погляды, мастацтва слова» (1995), «Старабеларускія граматыкі: Да праблемы агульнафілалагічнай цэласнасці» (1996), «Абранне Вечнасці: Універсалізм традыцый і гістарызм сучаснасці» (1999), «Спрадвечная Ахоўніца Беларусі: Духоўныя пошукі старабеларускага этнасу ў гістарычных даляглядах» (2000), «Падзвіжнікі і іх святыні: Духоўная культура старажытнай Беларусі» (2001) і інш. Піша вершы.

Тв.:

Старабеларускія лексіконы;

«Лексисъ съ толкованіемъ словенскіхъ мовъ просто», «Лексис...» Л.​Зізанія, «Синонима славеноросская». Мн., 1992;

Словам скароны свет. Мн., 1995;

Праблема цэласнасці старабеларускай філалогіі XVI—XVII стагоддзяў: адзінства экзэгезы і герменеўтыкі. Мн., 1996;

Спадчына Івана Ужэвіча і славянскія літаратуры. Мн., 1998.

т. 18, кн. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)