ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),
бел. мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’ЯНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1942 у в. Сар’я Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) р-на Віцебскай вобл. Налічвала спачатку 6 чал. (кіраўнік Б.А.Жук), потым далучыліся патрыёты навакольных вёсак Громаўкі (А.А.Воранаў), Дзегцярова (В.І.Аўсюк), Мушына (А.Ф.Ліпскі), Шунькі (П.К.Пілюшкін), якія рыхтавалі людзей да партыз. барацьбы. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі збор акупантамі прадуктаў харчавання, вываз насельніцтва на работу ў Германію, збіралі зброю, боепрыпасы, рабілі напады на дробныя ням. гарнізоны, арганізоўвалі засады. У сувязі з пагрозай выкрыцця падпольшчыкі (каля 30 чал.) пайшлі ў лес, дзе стварылі партыз. атрад імя Пархоменкі. У барацьбе з акупантамі загінула 11 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМАРФІ́ЗМ (ад ды... + грэч. morphē форма),
наяўнасць у асобін аднаго віду жывёл ці раслін адной мясцовасці 2 формаў, якія адрозніваюцца морфафізіялагічнымі прыкметамі; разнавіднасць полімарфізму.
У жывёл найчасцей адзначаецца палавы Д., пры якім самцы і самкі адрозніваюцца паміж сабой памерамі, формай, афарбоўкай, паводзінамі (напр., адсутнасць рагоў у самак і наяўнасць іх у самцоў). Сезонны Д. абумоўлены зменамі тэмператур, пры якіх існуе арганізм (напр., бурая летняя і белая зімовая афарбоўка футра ў зайца-беляка). Можа праяўляцца і як прыватны выпадак чаргавання пакаленняў (у паразітычных чарвей, некат. насякомых) У раслін адрозніваюць Д., што праяўляецца ва ўсім вонкавым выглядзе або ў будове асобных органаў. Сезонны Д. у раслін — наяўнасць веснавой і асенняй формаў (напр., у братаўкі).
Да арт.Дымарфізм: жук-алень (1 — самка; 2 — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАЦЕ́ЛЫ (Calosoma),
род жукоў сям. жужаляў. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць на глебе і дрэвах. На Беларусі 4 віды: К. залатаямкавы (C. auropunctatum), К. бронзавы або малы (C. inquisitor), К. пахучы (C. sycophanta) і К. чорны, або даследчык (C. investigator); апошнія 3 віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 15—35 мм. Цела яркай афарбоўкі, з метал. бляскам. Ніжнія крылы добра развітыя, у горных відаў адсутнічаюць. Драпежнікі; лічынкі і дарослыя жукі знішчаюць вусеняў (1 жук Да 200—300 за лета) і кукалак матылёў, кормяцца таксама інш. насякомымі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Зімуюць у глебе і подсцілцы, жывуць 2—4 гады. Пры небяспецы К. выпырскваюць едкую пахучую вадкасць. У Паўн. Амерыцы К. пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),
бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.
2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр. відаў раслін і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр.Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед.ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯпры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Існавала з 14.11.1920 да вясны 1923 у Маскве. Засн. студэнтамі-беларусамі. Мэта асацыяцыі: спрыянне культ.-гасп. адраджэнню Беларусі, вывучэнне розных галін гаспадаркі, арг-цыянавук.-даследчых экспедыцый па Беларусі, навук. і культ. падрыхтоўка бел. студэнтаў для працы на радзіме. Летам 1922 сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў экспедыцыі Наркамзема Беларусі па вывучэнні вытв. сіл Міншчыны і Мазыршчыны. Разам з Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве выдала літ.-навук. альманах «Маладая Беларусь» (1922). Рыхтавала да друку альбомы «Нявывучаная Беларусь», спец.навук. зборнікі, час. «Беларускі гаспадар» (1923, са студэнтамі Горацкага с.-г. ін-та). З вясны 1922 дзейнасць асацыяцыі выклікала крытыку і абвінавачванне ў «навуковым ухілізме», нацыянал-шавінізме і апалітычнасці. Вясной 1923 у Маскве пачалі стварацца альтэрнатыўныя бел. пралетарскія зямляцтвы і асацыяцыя вымушана была спыніць сваё існаванне. Старшыні Г.І.Гарэцкі (да ліст. 1922), П.Жук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Канадзе, грамадская навук.-культ.арг-цыябел. эміграцыі ў Канадзе. Засн. ў 1967 як аддзел Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША). З 1968 самаст.ін-т. З 1971 чл. Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. Асн. кірункі дзейнасці: арганізацыя навук. канферэнцый, выставак бел.нар. мастацтва, лекцый па беларусазнаўстве, пашырэнне ведаў пра Беларусь у свеце і інш. Члены ін-та бралі ўдзел у канфер. канадскіх славян (1969, Таронта), па пытаннях канадскага шматкультуралізму (1978), у 1975 разам са Слав. аддзелам Атаўскага ун-та наладзілі Дні бел. чытанняў на тэму «Прысутнасць беларусаў на паўн.-амер. кантыненце». Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (г. Мінск, 1993), штогодніх Кангрэсаў навук. арг-цый (у складзе Асацыяцыі канадскіх славян). У розны час БІНіМ узначальвалі В.Жук-Грышкевіч, Я.Садоўскі, І.Шыманец-Сурвіла.
А.С.Ляднёва.
У бібліятэцы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.