ЛІСТАЕ́ДЫ

(Chrysomelidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. шматлікія ў тропіках.

Большасць відаў — шкоднікі лясных, палявых, пладовых, агароднінных раслін. На Беларусі больш за 300 відаў. Жывуць пераважна ў лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў, некат. — пад вадой. Найб. вядомы каларадскі бульбяны жук; зерневым злакам шкодзяць хлебныя і агародныя блошкі, хлебныя п’явіцы; буракам, лёну — бураковыя і льняныя блошкі; дрэвам — таполевы, дубовы, вярбовы Л. і інш. Некат. віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з пустазеллем.

Даўж. да 20 мм. Цела круглае, авальнае або цыліндрычнае. Афарбоўка пераважна яркая, з метал. бляскам, бывае з плямамі і палосамі. Вусікі найчасцей 11-членікавыя, нітка- або ружанцападобныя. Крылы добра развітыя. Ногі бегальныя. Кормяцца лісцем (адсюль назва). Характэрны палавы дымарфізм. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя Лічынкі валікападобныя, укрытыя бародаўкамі або валаскамі, з развітымі груднымі нагамі, праходзяць 3—5 узростаў. Кукалка свабодная, радзей у кокане.

Т.П.Смірнова.

Лістаеды: 1 — таполевы; 2 — сіні вярбовы; 3 — шчытаноска бураковая; 4 — блыха збожжавая сцябловая; 5 — радужніца вялікая; 6 — п’явіца чырванагрудая.

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)