род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.
Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБАНО́С (Coccothraustes coccothraustes),
птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі, на Пн Індыі і Афрыкі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, садах і парках. Пералётны, часткова зімуе. На Беларусі звычайны на Пд ад шыраты г. Бабруйск, найб. на Палессі; рэдкі на Пн.
Даўж. цела каля 13 см, маса 46—57 г.Дзюба моцная, тоўстая, канічная. Галава бура-карычневая, горла, паласа вакол дзюбы, крылы і хвост чорныя, спіна каштанавая, на плячах шырокая светлая паласа, цела знізу рыжавата-шэрае, брушка і пляма на хвасце і крылах белыя. Самка больш цьмяная. Нясе 3—7 (найчасцей 4—5) яец. Корміцца насеннем дрэў, пладамі крушыны, рабіны, чаромхі, костачкамі вішні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЦІГАЛО́ЎКІ (Jynx),
род птушак сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. 2 віды: К. звычайная (J. torquilla), пашыраная ў Еўразіі, і К. чырвонаваллёвая (J. ruficollis) — у Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі К. звычайная трапляецца ў рэдкалессях, поймавых гаях, парках, садах, каля жылля. Нар. назвы куйка, круцігаловец, крутагаловец.
Даўж. К. звычайнай да 20 см, маса да 37 г. Апярэнне зверху светла-шэрае з папярочнымі цёмнымі палосамі. Горла, грудзі, падхвосце жаўтавата-вохрыстыя з цёмным папярочным малюнкам. Ніз белы з бурымі плямкамі. Дзюба слабая, крыху загнутая на канцы. Корміцца мурашкамі, тлямі і інш. насякомымі. Гнёзды ў дуплах дрэў і пнёў. Нясе 7—12 яец. Патрывожаная выцягвае шыю, круціць галавой (адсюль назва) і шыпіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́НЫ, краншнэпы (Numenius),
род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Вядомы з верхняга эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, стэпах, на лугах, балотах. На Беларусі 2 віды: К. вялікі (N. arquata), нар. назвы — кулён вял., бакас вял., і К. сярэдні (N. phaeopus); абодва занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП К. эскімоскі (N. borealis).
Даўж. да 70 см, маса да I кг. Апярэнне шэрае. Дзюба доўгая (да 18 см), тонкая, загнутая ўніз. Ногі доўгія, пальцы пры аснове злучаныя невял. перапонкай, задні палец добра развіты. Крылы доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. К. вял. плаваюць. Манагамы. Гнёзды на зямлі. Нясуць 4 яйцы. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́РКА,
парода курэй яечнага кірунку. Выведзена ў Іспаніі (в-аў Менорка, адсюль назва). Разнавіднасці: чорная (крыху буйнейшая) і белая. Пашыраны М. англ., амер. і ням. тыпаў. Гадуюць пераважна ў міжземнаморскіх краінах, на Беларусі — аматары.
Тулава і шыя падоўжаныя, спіна прамая, грудзі шырокія, глыбокія. Галава сярэдніх памераў, грэбень ліста- (у пеўняў прамастойны) або ружападобны; вушныя мочкі белыя. Махавыя і рулявыя пёры моцна развітыя, у пеўняў коскі доўгія. Ногі высокія. У белых М. дзюба і ногі цялеснага колеру, у чорных — чорнага колеру, апярэнне бліскучае, з зялёным адлівам. Сярэдняя маса пеўняў 3—3,5 кг, курэй 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 150—180 яец за год. Маса яйца 60—65 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПЁЛАЧНІК, ястраб-перапёлачнік,
ястраб малы (Accipiter nisus),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі гняздуецца, трапляецца на пралётах і зрэдку зімой. Жыве на яловых, ялова-альховых, хваёвых узлесках; гнёзды на дрэвах. Нар. назвы: карагольчык, каршачок, малы шуляк, шулёнак, шулячок.
Даўж. да 43 см, маса да 300 г. Самцы значна драбнейшыя за самак. Апярэнне спіны цёмна-шэрае або цёмна-бурае, цемя чарнаватае; брыво белае; на брушку белаватае або вохрыстае з бурым або рыжым папярочным малюнкам. Дзюба сінявата-бурая, радужына аранжава-жоўтая, васкавіца і ногі жоўтыя. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Нясе да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧЫ́ (Bubo),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦАВЫЯ (Paridae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 2 падсям.: рэмезы і сініцы (Parinae). 55 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, в-ва Мадагаскар. Жывуць у лясах, парках, скверах, рэмезы зрэдку ў трыснягу. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны: сініца вялікая (Parus major), блакітніца звычайная (гл.Блакітніцы), сініца чубатая (P. cristatus), гаічка чорнагаловая (гл.Гаічкі). 2 віды — блакітніца белая і рэмез занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 7,6—20 см, маса 7—25 г. Апярэнне мяккае. Ногі моцныя. Крылы невял., тупыя. Дзюба прамая, канічная, зрэдку вострая. Кормяцца насякомымі, насеннем, пладамі раслін. Нясуць 4—16 яец.
Да арт.Сініцавыя. Сініцы: 1 — вялікая; 2 — чорная, або маскоўка; 3 — чубатая. 4 — Гаічка чорнагаловая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ (Haliaeetus albicilla),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв. — пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВІ (Apterygidae),
сямейства бяскрылых птушак атр. ківіпадобных. 1 род, 3 віды. Пашыраны ў Новай Зеландыі, К. звычайны (Apteryx australis) — на Паўн. і Паўд. а-вах і в-ве Сцьюарта, 2 інш. віды — К. вял. шэры (A. haasti) і К. малы (A. oweni) — на Паўд. в-ве. Скрытныя начныя птушкі. Жывуць у густых зарасніках.
Даўж. 50—80 см, маса 1,35—4 кг (самкі буйнейшыя за самцоў). Цела раўнамерна пакрыта воласападобнымі бураватымі пёрамі. Крылы і хвост адсутнічаюць; ногі кароткія, моцныя, з вострымі кіпцюрамі. Дзюба доўгая, гнуткая, з ноздрамі на самым канцы. Кормяцца беспазваночнымі, апалымі ягадамі.
Гнёзды ў гушчары, пад каранямі. Нясуць 1—2 вял. яйцы; наседжвае і водзіць маладых самец. Ахоўваюцца з 1921; К. малы занесены ў Чырв. кнігу МСАП.