аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як 1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБАСКРО́Б,
вышынны будынак на некалькі дзесяткаў паверхаў. Можа быць дзелавы, адм., жылы, атэль і інш. Пачалі будаваць у 1880-я г. ў ЗША з вынаходствам стальнога каркаса і пасажырскіх ліфтаў, у сувязі з павелічэннем шчыльнасці гар. забудовы і падаражаннем зямельных участкаў. У 20 ст. ўзводзяць у многіх краінах свету. Сярод самых высокіх Н. Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку (102 паверхі, выш. 381 м; 1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман»), «Сірс і Робак» у г. Чыкага (ЗША; 109 паверхаў, выш. 442 м; 1970—74, фірма «СОМ») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,
аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25°паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),
у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаўсперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛЬЦЫ́ДЫ (Chalcidoidea),
надсямейства паразітычных перапончатакрылых насякомых з групы наезнікаў. Паводле розных сістэм 19—27 сям., некалькі дзесяткаў тысяч відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. пашыраны віды з роду трыхаграма.
Даўж. цела 0,2—10 мм. Афарбоўка зялёная, жоўтая або чорная з метал. адлівам. Жылкаванне крылаў рэдукаванае. Ёсць бяскрылыя формы. Вусікі каленчатыя, складаюцца з асобных членікаў (не больш за 16). У самак на канцы брушка яйцаклад. Лічынкі Х. бязногія, большасць з іх паразітуюць на інш. насякомых, некат. развіваюцца ў расл. тканках: утвараюць галы, пашкоджваюць костачкі сліў і вішань. Многія Х. выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
генератар, у якім высокае пастаяннае напружанне (да дзесяткаў мегавольт) ствараецца мех. пераносам эл. зарадаў зараданосьбітам.
Адрозніваюць Э.г.: з жорсткімі носьбітамі ў выглядзе цыліндраў або дыскаў, з гнуткімі дыэл. стужкамі (Ван-дэ-Граафа генератар), з пылавымі або вадкаснымі транспарцёрамі і інш. Выкарыстоўваюцца як крыніцы высокага напружання невял. магутнасці, а таксама ў спалучэнні з паскаральнымі трубкамі ў электрастатычных паскаральніках зараджаных часціц (паскаральнікі прамога дзеяння, інжэктары і інш.).
Схема электрастатычнага генератара Вандэ-Граафа з дыэлектрычным транспарцёрам зарадаў: 1 — прыстасаванне для нанясення і здымання зарадаў; 2 — валы транспарцёра; 3 — высакавольтны электрод; 4 — транспарцёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭРЫЗІ́ФЕ (Erysiphe),
род мучністарасяных грыбоў сям. эрызіфавых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 26 відаў. Найб. вядомыя Э.: баршчэўнікавы (E. heraclei); злакавы (E. graminis) і шэраг яго форм; звычайны (E. communis); зяберавы (E. galeopsidis); цыкорыевы (E. cichoracearum) і інш. Развіваюцца пераважна на раслінах сям. бабовых, злакавых, складанакветных, ясноткавых. Узбуджальнікі мучністай расы.
Міцэлій паверхневы, павуціністы, белы або шараваты, з пузырападобнымі гаўсторыямі. Споранашэнне канідыяльнае і сумчатае. Канідыі эліпсоідныя, адзіночныя або ў ланцужках. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, цёмныя. Сумкі эліпсоідныя, сабраныя ў клейстатэцыі ў шчыльны пучок. Сумкаспоры па 2—8 у сумцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп.г. Аасія),
1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).
2) Свабодны ад лёду ўчастак у Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́НЬЧЫКІ (Pectinidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх морах і акіянах на пясчаных і глеістых грунтах на розных глыбінях. Найб. вядомыя грабеньчык вялікі (Pecten maximus), грабеньчык ісландскі (Chlamys islandicus), грабеньчык чарнаморскі (Flexopecten ponticus) і інш.
Ракавіна дыям. да 20 см круглаватая, рабрыстая, ярка афарбаваная. У дарослых «нага» рэдукаваная. Добра плаваюць у тоўшчы вады, з сілай выштурхоўваючы ваду з ракавіны. За сезон самка ва ўзросце 5—6 гадоў дае да 30 млн. яец, якія апладняюцца ў вадзе. Дэтрытафагі. Корм марскіх зорак, васьміногаў і інш. Ядомыя. Аб’екты промыслу і аквакультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЕ СВІДРАВА́ННЕ,
праходка глыбокіх свідравін з мэтай вывучэння геал. будовы пэўнай тэрыторыі і вызначэння напрамку пошукава-разведвальных работ. Выконваецца з адборам керну да глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў (у найб. спрыяльных структурных і стратыграфічных умовах). Адрозніваецца дэталёвым паслойным вывучэннем геал. разрэзу комплексам метадаў: геафіз., літолага-петраграфічных, геахім., гідрагеал., палеанталагічных, геахраналагічных і інш. Да апорнага свідравання таксама належыць свідраванне звышглыбокіх свідравін (да 10—15 км) для вывучэння будовы зямной кары і верхняй мантыі Зямлі. На Беларусі планамерна праводзіцца з 1960-х г. з мэтай вывучэння стрататыпаў геал. падраздзяленняў, тэктанічных структур і адкладаў, перспектыўных на карысныя выкапні (нафта, солі, жал. руды, алмазы і інш.).