ЖЫВЁЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
разнастайнасць жывёльнага свету акрэсленай тэрыторыі або Зямлі ў цэлым, якая складае рэальныя ці патэнцыяльныя крыніцы забеспячэння матэрыяльных. гасп. і іншых патрэб чалавека і грамадства; від прыродных рэсурсаў. Ж.р. — практычна гэта частка рэсурсаў кансументаў, якія непасрэдна выкарыстоўваюцца ў паляўнічай, рыбнай і інш. відах гаспадаркі, што грунтуюцца на промысле. Часам падзяляюць на рэсурсы карысных і рэсурсы жывёл шкодных. Маюць вял. практычнае і экалагічнае значэнне. Важнейшыя віды Ж.р. павінны ахоўвацца ад выдаткавання і выкарыстоўвацца рацыянальна.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
1) здольнасць асобіны і папуляцыі жыць і размнажацца. Вызначаецца плоднасцю, працягласцю перыяду размнажэння і колькасцю асобін, якія дасягнулі палаваспеласці.
2) Здольнасць асобіны выжываць да вызначанага моманту жыццёвага цыкла, напр. да пачатку перыяду размнажэння.
3) Ж. насення, уласцівасць насення захоўваць здольнасць да прарастання. Насенне, якое толькі што сабрана або захоўваецца пры нізкай т-ры, часта не прарастае, хоць і мае здаровы зародак або жыццяздольнае. Гэта выклікаецца перыядам спакою, пасля якога насенне можа даць нармальныя ўсходы.
т. 6, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕ́Т А́КЦЫЙ,
доля агульнай сумы выпушчаных акцый, якая належыць яе трымальніку (уладальніку) і дае яму права рашаючага голасу на сходзе акц. т-ва, а таксама магчымасць кантраляваць яго дзейнасць, быць фактычным гаспадаром т-ва, распараджацца капіталам (сродкамі) астатніх яго ўдзельнікаў. Тэарэтычна гэта доля (частка) вызначаецца ў памеры 51% ад агульнай сумы акцый, але пры значным распаўсюджанні дробных акцый дастаткова валодаць 20—30% (часам і менш), каб поўнасцю кантраляваць дзейнасць т-ва.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭНСІ́Т (ад імя ням. металазнаўца А.Мартэнса),
мікраструктура ігольчастага выгляду ў загартаваных метал. сплавах і чыстых металах, якім уласцівы полімарфізм.
М. — асн. структурная складальная загартаванай сталі, гэта перанасычаны цвёрды раствор вугляроду ў α-жалезе такой канцэнтрацыі, як у зыходнага аўстэніту (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы). З ператварэннем М. пры награванні і ахаладжэнні звязаны «эфект памяці» металаў і сплаваў. Мартэнсітнай структуры адпавядае найб. высокая цвёрдасць сталі. На М. загартоўваюцца стальныя рэзальныя інструменты і інш. вырабы.
т. 10, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНАСЦЬ у праве,
кроўная сувязь паміж людзьмі, з наяўнасцю якой закон звязвае пэўныя правы і абавязкі. Родныя, або сваякі, гэта асобы, якія звязаны Р. і паходзяць адзін ад аднаго або ад агульнага продка. Р. — асн. элемент большасці сямейных праваадносін. Роднымі з’яўляюцца прадзед (прабабка), дзед (бабка), бацька (маці), сын (дачка), унук (унучка), праўнук (праўнучка), браты і сёстры, дзядзькі (цёткі), пляменнікі (пляменніцы) і г.д. Класіфікацыя роднасных адносін мае важнае юрыд. значэнне, асабліва ў сямейным і спадчынным праве.
т. 13, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТЫМ’Е́НТА (ад ісп. repartimiento размеркаванне),
тэрмін, які ў ісп. калоніях Лац. Амерыкі з канца 15 ст. абазначаў размеркаванне паміж іспанцамі зямель, ваен. здабычы, тавараў і г.д. Найб. часта ўжываўся як назва прымусовай працоўнай павіннасці індзейцаў, паводле якой прыватныя асобы з іспанцаў мелі права з дазволу калан. адміністрацыі браць штогод у энкам’енду вызначаную колькасць індзейцаў пэўнага раёна для працы на плантацыях, у рудніках і інш. Гэта было прычынай масавай смяротнасці і хуткага скарачэння індзейскага насельніцтва.
т. 14, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ БУДО́ВА КАПІТА́ЛУ,
адносіны паміж вартасцю пастаяннага капіталу і вартасцю пераменнага капіталу, катэгорыя марксісцкай палітэканоміі. Адлюстроўвае тэхн. склад капіталу: колькасныя адносіны сродкаў вытв-сці да рабочай сілы. Чым больш машын, абсталявання, матэрыялаў і інш. сродкаў вытв-сці прыпадае на аднаго рабочага, тым арганічная будова капіталу і яго тэхн. будова вышэйшыя. З развіццём вытворчасці, паскарэннем тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу гэты паказчык павялічваецца. Гэта азначае, што доля жывой працы змяншаецца, а доля мінулай працы расце, у выніку прадукцыйнасць працы павышаецца.
т. 1, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАМА́ДЖВАННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
зліццё раздробненых вытв. працэсаў у розных галінах эканомікі ва ўсё больш паглыблены вытв. грамадскі працэс. Абумоўлена грамадскім падзелам працы, выкарыстаннем сродкаў вытв-сці, якія патрабуюць калектыўнай дзейнасці, вядзе да канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу, паглыблення спецыялізацыі вытворчасці, кааперавання вытворчасці, міжнар. інтэграцыі эканамічнай.
Аналізуючы працэс аграмаджвання вытв-сці і працы, К.Маркс зрабіў выснову аб асн. супярэчнасці капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення яе вынікаў. Гэта супярэчнасць, на яго думку, з’яўляецца рухаючай сілай развіцця капіталізму.
т. 1, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАІ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.
т. 6, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ РЫБАВО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным работнікам рыбнай гаспадаркі, н.-д. ін-таў і арг-цый рыбнай гаспадаркі, што бездакорна прапрацавалі па спецыяльнасці не менш за 10 гадоў, мелі вял. заслугі ў развіцці рыбнай гаспадаркі і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 16.7.1979, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. У законе ад 13.4.1995 аб дзярж. узнагародах Рэспублікі Беларусь гэта званне не адноўлена.
Заслужаны рыбавод БССР
1980. В.Р.Рыбалка.
т. 6, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)