ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,

раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.​Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,

міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.​Рампаў.

Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.

На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).

В.​М.​Прохараў.

Пшанічна-жытні гібрыд (трыцікале); 1 — колас; 2 — каласок; 3 — праростак; 4 — зярняўка.

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕННЯЗНА́ЎСТВА,

навука пра насенне, яго будову і развіццё, умовы фарміравання ўраджайных і пасяўных якасцей, пра метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу. Вывучае жыццё насення з моманту апладнення яйцаклеткі на мацярынскай расліне да ўтварэння новай расліны. Батанічнае Н. (карпалогія) даследуе насенне і плады дзікарослых раслін, сельскагаспадарчае Н. (раздзел аграноміі) вывучае насенне культурных раслін і з’яўляецца тэарэт. асновай насенняводства. Цесна звязана з батанікай, генетыкай, біяхіміяй і інш. навукамі, карыстаецца іх метадамі даследаванняў. На Беларусі пачатак развіцця Н. звязаны з працамі І.А.Сцебута. Пытанні Н. распрацоўваюцца ў НДІ Акадэміі агр. навук Беларусі: земляробства і кармоў, пладаводства, агародніцтва, бульбаводства, БСГА, Гродзенскім с.-г. ін-це, абласных і спецыялізаваных с.-г. доследных станцыях і інш. Даследаванні па Н. лясных культур вядуцца ў Бел. тэхнал. ун-це, ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі і інш. Распрацаваны спосабы паскоранага размнажэння перспектыўных сартоў. Удасканалены метады аналізу жыццяздольнасці насення, энергіі яго прарастання, усходжасці, сілы росту і інш. паказчыкаў, спосабы насенняводства для вытв-сці эліты, тэхналогіі ўборкі, пасляўборачнай апрацоўкі і захоўвання насення вышэйшых рэпрадукцый, распрацаваны фізіял., хім. і фіз. спосабы перадпасяўной апрацоўкі насення.

С.​І.​Грыб.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),

вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.

Літ.:

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́БРАК (Антон Раманавіч) (27.12.1901, в. Збляны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.5.1965),

бел. генетык і селекцыянер. Акад. АН Беларусі (1940), д-р біял. н., праф. (1936). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1925), Ін-т чырв. прафесуры (1929). У 1930—31 стажыраваўся ў ЗША. У 1934—48 заг. кафедры Маскоўскай с.-г. акадэміі. У 1940—47 чл. Прэзідыума АН Беларусі. У сак. 1945 прадстаўнік Беларусі ў рабоце Усеславянскага сабора ў Сафіі, чл. дэлегацыі БССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША), дзе з інш. ўдзельнікамі 26.6.1945 падпісаў Статут ААН. У 1947 прэзідэнт АН Беларусі. 16.10.1947 зняты з пасады прэзідэнта. Фармальнай падставай для гэтага паслужыла публікацыя Ж. ў амер. штотыднёвіку «Science» («Навука»), у якой ён выказаў крытыку ў адрас антынавуковай тэорыі Т.​Дз.​Лысенкі. З 1949 заг. кафедры Маскоўскага фармацэўтычнага ін-та. У 1953—65 кіраваў работамі па эксперым. поліплаідыі ў Ін-це біялогіі, з 1963 у Аддзеле генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па гібрыдызацыі, поліплаідыі і імунітэце раслін, філагеніі і біял. асновах селекцыі пшаніцы і грэчкі. Атрымаў гібрыдныя пладавітыя формы ад скрыжавання шэрагу відаў пшаніцы.

Тв.:

Полиплоидные виды пшениц. М., 1957;

Курс ботаники. М., 1959.

Літ.:

Хотылева Л.В. А.​Р.​Жебрак // Полиплоидия и селекция. Мн., 1972.

А.Р.Жэбрак.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

галіна медыцыны, мэтай якой з’яўляецца бяспека і стварэнне аптымальных умоў жыццядзейнасці чалавека на ўсіх стадыях касм. палёту. Вывучае ўздзеянне фактараў касм. палёту (касм. выпраменьванне, бязважкасць, паскарэнне, вібрацыя, ізаляцыя ў замкнутай прасторы і інш.) на арганізм чалавека, распрацоўвае меры па змяншэнні іх шкодных уплываў, прафілактыцы і лячэнні захворванняў, метады адбору, падрыхтоўкі касманаўтаў і адаптацыі іх да зямных умоў пасля палёту. Выкарыстоўвае дасягненні фізіялогіі, псіхафізіялогіі, радыебіялогіі, гігіены, генетыкі і інш.

Зарадзілася ў 1950-я г. на базе авіяц. медыцыны і фізіял. даследаванняў у касмічнай біялогіі. Развіццё К.м. звязана з дасягненнямі ў асваенні касм. прасторы: першым палётам чалавека ў космас (1961), выхадам чалавека ў адкрыты космас (1965), высадкай на паверхню Месяца (1969). У СССР працу па К.м. ўзначальвала Камісія па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы АН СССР і Мін-ва аховы здароўя СССР. Міжнар. арг-цыі ў галіне К.м.: Камітэт па даследаванні касм. прасторы (COSPAR), Акадэмія авіяц. і касм медыцыны, Камітэт біяастранаўтыкі Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі. Даследаванні па К.м. праводзяць Расія, ЗША, Германія, Францыя і інш.

На Беларусі даследаванні ўплыву гіпергравітацыі на механізмы кампенсацыйных рэакцый вестыбулярнага апарату і біяхім. зрухі ад малых доз радыяцыі праводзіліся ў Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Космическая биология и медицина. Т. 1—5. М., 1994;

Новиков В.С., Колосов И.А. Космическая медицина. СПб., 1996.

В.​П.​Трыбіс.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНІ́ЧНАЯ БІЯХІ́МІЯ,

раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхім. працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхім. змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і мед. біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш. У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і інш. галіны К.б. (асобная К.6.). Метады біяхім. даследаванняў: абсарбцыйная фотаметрыя, іонаметрыя, флюараметрыя, імунаферментны аналіз і інш.

Асновы К.б. закладзены ў 17 ст. працамі Р.Бойля, у 18—19 ст. — А.Л.Лавуазье, М.В.Ламаносава і інш. У 1875 А.П.Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 ст. А.Я.Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.

На Беларусі К.б. развіваецца з 1920-х г. пры клініках мед. ф-та БДУ, з 1930 на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага мед. ін-та. У 1956 выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М.​Ф.​Меражынскага, у 1957 — «Біяхімія траўмы» Л.​С.​Чаркасавай, у 1970 створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 1993 працуе Рэсп. цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.

Літ.:

Мережинский М.Ф., Черкасова Л.С. Основы клинической биохимии. Мн., 1965;

Колб В.Г., Камышников В.С. Справочник по клинической химии. 2 изд. Мн., 1982.

У.​С.​Камышнікаў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ЛЕ́СУ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1930 у Гомелі на базе ляснога аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і Цэнтр. лясной доследнай станцыі (у 1933—92 наз. Бел. НДІ лясной гаспадаркі). Лабараторыі (1998): аднаўлення харч. рэсурсаў лесу, лесааднаўлення, генетыкі лесу, лясной селекцыі і насенняводства, аховы і абароны лесу, праблем лесазнаўства і кіравання ляснымі рэсурсамі, лясной экалогіі і глебазнаўства, радыяцыйнага лесаводства; сектары экалогіі насякомых і біял. абароны лесу, лясной мікалогіі, біярэгуляцыі вырошчвання пасадачнага матэрыялу, лясной радыялогіі, радыелагічнага мадэліравання лясных экасістэм, хім. даследаванняў глеб і раслін. Аспірантура (з 1944), дактарантура (з 1996).

Асн. кірункі даследаванняў: навук. абгрунтаванне рацыянальнага і шматмэтавага лесакарыстання, павышэння прадукцыйнасці лясоў з улікам іх экалагічнай ролі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя біяцэнозы, стварэнне сістэм і метадаў лесаўзнаўлення і лесаразвядзення на аснове генетычна-селекцыйных прынцыпаў і структурна-функцыян. асаблівасцей біяцэнозаў; распрацоўка спосабаў мінімізацыі вынікаў радыяцыйнага забруджвання на лясныя экасістэмы. Вынікі даследаванняў: распрацавана нарматыўная база для вядзення лясной гаспадаркі Беларусі на навук. аснове (высечкі гал. і прамысл. карыстання, лесааднаўленне, лесаўпарадкаванне, абарона і ахова лесу, механізацыя лесааднаўленчых работ, пабочнае лесакарыстанне). Створаны навук. кірунак па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых раслін. У ін-це працавалі акад. АН СССР А.Б.Жукаў, акад. АН Беларусі П.П.Рагавой, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў У.В.Шкатэлаў, І.Д.Юркевіч; працуюць акад. Нац. АН Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук В.А.Іпацьеў (дырэктар з 1989), чл.-кар. Р.Р.Ганчарэнка, 6 дактароў навук.

У.​Ф.​Багінскі.

т. 7, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),

навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л. сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.​Ф.​Гамалея, С.​Кітазата, К.​Б.​Ніл, Э.​Ру і інш.

На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед. ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял. НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел. н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.​І.​Кудзіну, В.​В.​Первазванскаму, А.​Л.​Пескіну, А.​І.​Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.​І.​Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.​А.​Паўловіч і інш., вет. М. — Д.​Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.​С.​Самсонава і інш. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац. АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел. НДІ эпідэміялогіі і М., інш. с.-г. і мед. н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;

Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;

Микробиология. М., 1998.

Л.​П.​Цітоў.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,

здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.

У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл. Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл. Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.

Літ.:

Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1969;

Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр. М., 1972;

Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1982.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)