З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.

Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.​А.​Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.​С.​Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.​С.​Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.​Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.

А.​С.​Ліс.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНІ́ЦКІ (Рычард Вікенцьевіч) (28.7.1886, фальварак Селігоры, цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл. — 29.1.1956),

бел. гісторык-архівіст, крыніцазнавец. Вучыўся ў Пецярб. ун-це (1904—06). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Жыў у Кракаве, Віцебску, Варшаве, з 1918 у Вільні, з 1921 супрацоўнік Дзярж. архіва ў Вільні, з 1939 яго дырэктар, адначасова з 1923 выкладчык Віленскага ун-та (з 1938 праф.). Пасля 2-й сусв. вайны працаваў у Гданьску і Торуні, займаўся гісторыяй архіва- і крыніцазнаўства. Упершыню ўвёў курс архівазнаўства ў Віленскім ун-це (1923) і распрацаваў курс лекцый па архівістыцы для ВНУ. Сабраў матэрыялы па гісторыі Полацкай губ. Вывучаў помнікі пісьменнасці ВКЛ. Аўтар прац «Віленская археаграфічная камісія (1864—1915)» (1925), «Дыярыуш вайсковай Варшаўскай рады з 1710 г.» (1928), «Архіў даўніх актаў у Віцебску, 1852—1903» (1939) і інш.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Іосіф) (31.3.1806, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 1870),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і інфекц. хвароб. Д-р медыцыны (1829), праф. (1837). Скончыў мед. ф-т Віленскага ун-та (1827). З 1842 займаўся практычнай дзейнасцю па хірургіі ў Вільні. Навук. працы па пытаннях сыпнога тыфу, лячэнні пераломаў, артапедыі, дэсмургіі.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Пётр Савельевіч) (29.6.1896, Вільня — 28.5.1968),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі муз. тэхнікум імя А.​Барадзіна (1925). З 1914 працаваў у кінатэатрах, сімф. аркестрах, оперных т-рах Вільні, Віцебска, Смаленска, Ленінграда і інш. гарадоў. У 1937—62 (з перапынкам) канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Іаахім) (1853, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 16.3.1898),

бел. спявак, арганіст, кампазітар. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—78. Працаваў арганістам у Гродне і Вільні. Пісаў месы, танцы, маршы, оперу «Паята» на сюжэт з літ.-бел. гісторыі (не скончана), музыку на словы А.​Міцкевіча і У.​Сыракомлі.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,

бел. рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.

Г.​В.​Бабкін.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕСНАХО́Д»,

арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.​Пестрака (Звястун), А.​Салагуба, А.​Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж. помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.​Венслаўскі, віцэ-старшыня І.​Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.​Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст. школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.

Літ.:

Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬБАК (Майсей Саламонавіч) (20 або 25.3.1896, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),

яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, З.​Бядуля, В.​Вольскі, Х.​Жычка, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, У.​Паўлаў, Я.​Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — Зельманцы. Мн., 1960;

Выбранае. Мн., 1970;

Рус. пер. — Стихотворения;

Поэмы. М., 1969.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)