ЛЯСКО́ЎСКІ (Юльян) (псеўд. Бандурыст Карабіч, Ю. Карабіч, Марцін Мізэра; 1826, в. Новая Жосна Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1888),
польскі і бел. пісьменнік, журналіст. Паходзіў са шляхты герба «Кораб», адсюль адзін з псеўданімаў Карабіч. Адукацыю атрымаў у бернардзінскай школе (відаць, у Будславе). Працаваў канцылярыстам у Вільні. Удзельнічаў у вызв. руху. У 1849 эмігрыраваў. Жыў у Лондане, дзе ў 1855 напісаў рамант. паэму «У чужой старане», у якой паэтызаваў родны край. З 1860 у Вільні. Выдаў зб. «Беларускі бандурыст» (1861), прасякнуты патрыят. пачуццямі, пратэстам супраць сац. прыгнёту (верш «Сірата»), напоўнены беларусізмамі. Аповесць «У Амерыку па золата» (1888) пра цяжкое жыццё эмігрантаў з Польшчы і Беларусі. У арт. «Слова пра песню» (1882) выявіў добрае веданне бел. мовы і фальклору, змясціў тэксты бел. вершаў «Зямелька мая» і «Пад дуду» (відаць, аўтарскія).
Літ.:
Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994. С. 148—161.
Г.В.Кісялёў.
т. 9, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)