кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.
Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс.м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс.м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс.м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (дадатак да адпаведнага арт. ў т. 2),
паводле геамарфал. раянавання А.В.Мацвеева (1988), геамарфалагічная вобласць на Пн Беларусі. Мяжуе на Пд з геамарфал. вобл.Цэнтральнабеларускія краявыя ледавіковыя ўзвышшы і грады. Падзяляецца на 17 геамарфал. раёнаў: Браслаўскае, Віцебскае, Гарадоцкае, Ушацкае краявыя ледавіковыя ўзвышшы; Асвейская, Свянцянскія, Свірская краявыя ледавіковыя грады; Заборская, Нарачанская водналедавіковыя раўніны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі; Сенненская, Шумілінская марэнныя раўніны; Лучоская, Суражская ледавікова-азёрныя раўніны; Азёрская, Чашніцкая водна-ледавіковыя нізіны; Полацкая ледавікова-азёрная нізіна; даліна р.Зах. Дзвіна.
Рэгіён характарызуецца пашырэннем ледавікова-азёрных раўнін і нізін, азёрных катлавін і краявога ледавіковага рэльефу паазёрскага ўзросту. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія, часта трапляюцца парогі. Абс.вышыні ў цэнтр. частцы пераважна 120—160 м, па далінах рэк 100—125 м. Усх. частка больш высокая, пераважаюць вышыні больш за 150 м. Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць выш. 200—260 м, на Віцебскім узвышшы — да 300 м. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, акаймаваную ледавіковымі градамі і ўзвышшамі. Паўд. мяжа вобласці супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва паазёрскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБІНЯМЕ́Р,
прылада для вымярэння глыбіні адтулін, пазоў, вышыні ўступаў і інш. у дэталях машын. Падзяляюцца на штангенглыбінямеры (мяжа вымярэння да 500, памер адліку 0,05 і 0,1 мм), мікраметрычныя (мяжа вымярэння да 150, цана дзялення 0,01 мм; гл. таксама Мікрометр) і індыкатарныя (адпаведна да 100 і 0,01 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,
паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,
выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНАСФЕ́РА (ад грэч. ion які ідзе + сфера),
іанізаваны слой верхняй атмасферы на вышыні ад 50—80 км да некалькіх тыс.км. Верхняя мяжа І. — знешняя ч. магнітасферы. Крыніцы іанізацыі высокіх слаёў атмасферы — ультрафіялетавае і рэнтгенаўскае выпрамяненні Сонца і патокі часцінак, што ўрываюцца ў атмасферу з калязямной касмічнай прасторы. Часцінкі І. ўтвараюць вельмі разрэджанае і высокаэлектраправоднае асяроддзе. І. адыгрывае важную ролю ў радыёсувязі, у ёй адбываюцца палярныя ззянні і магнітныя буры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗКАГО́РНЫ РЭЛЬЕ́Ф, нізкагор’е,
тып горнага рэльефу, які адпавядае самаму нізкаму ярусу гор (абсалютныя вышыні не перавышаюць 1000 м). Найчасцей утвараецца ў выніку дэнудацыі больш высокіх гор. Трапляецца ў перыферычных частках горных утварэнняў, у зонах умераных тэктанічных падняццяў; ёсць і самаст. нізкагорныя сістэмы (напр., Мугаджары ў Казахстане). Характарызуецца мяккімі круглаватымі абрысамі хрыбтоў і асобных узвышшаў, месцамі трапляюцца ўчасткі драбнасопачніка; у высокіх шыротах, дзе развіты ледавіковыя формы, набывае альпійскія рысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗЛУ́ЧАНЫЯ САСУ́ДЫ, спалучальныя сасуды,
сасуды, якія ў ніжняй частцы злучаны паміж сабой. У С.с. аднародная вадкасць устанаўліваецца на аднолькавым узроўні незалежна ад формы сасудаў. На гэтым заснавана дзеянне вадкаснага манометра, вадамернага шкла паравых катлоў і інш. Калі ў С.с. наліты вадкасці розных шчыльнасцей (ρ1 і ρ2), то яны ўстанаўліваюцца на розных узроўнях у адпаведнасці з суадносінамі ρ1h1 = ρ2h2.
Да арт.Сазлучаныя сасуды: ρ1, ρ2 — шчыльнасці вадкасцей; h1, h2 — вышыні ўзроўняў вадкасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́Л ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ,
наземная частка геадэзічнага знака — вышка. Робіцца ў выглядзе двайной піраміды на пунктах трыянгуляцыі, радзей — паліганаметрыі. Прызначаны для ўстаноўкі геадэз. інструментаў на пунктах дзярж. геадэз. сеткі высокай дакладнасці на вышыні, якая забяспечвае прамую бачнасць на сумежныя знакі. У залежнасці ад класа трыянгуляцыі знакі размяшчаюцца на адлегласці ад 5—10 км да 30—50 км. С.г. падзяляюцца на простыя (выш. 6—15 м) і складаныя (выш. 16—55 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГАМЕ́Р,
прылада для вымярэння шчыльнасці снегавога покрыва. Асн. частка С. — цыліндр (выш. 50—60 см, пл. сячэння 100 см²) са шкалой па вышыні ў сантыметрах. Пры вымярэнні цыліндр паглыбляюць вертыкальна ў снег да подсцільнай паверхні, вышыню снегавога покрыва адзначаюць па шкале, яго шчыльнасць — па адносінах масы ўзятай пробы да яе аб’ёму. Выкарыстоўваюць таксама гама-С., прынцып дзеяння якога заснаваны на паглынанні снегам гама-выпрамянення ад крыніцы, размешчанай пад снегавым покрывам.