ЗАБА́ШТА (Любоў Васілеўна) (3.2.1918, г. Прылукі, Украіна — 21.7.1990),

украінская паэтэса. Скончыла Адэскі водны ін-т (1941). Друкавалася з 1935. Любоў да Радзімы, каханне, мацярынскае шчасце, героіка ваен. і мірных гадоў — асноўныя тэмы яе паэт. творчасці (зб-кі вершаў «Новыя берагі», 1950; «Дарогі дружбы», 1953; «Песня і хлеб», 1961; «Незабудкі», 1966; «Бераг надзеі», 1974; «Кіеўская гара», 1982, і інш.). Аўтар п’ес «Вяселле ў Цярнах» і «Ружы на камені» (абедзве 1963), драм. і ліра-эпічных паэм «Цярновы лёс» (1961), «Маруся Чурай» (1968), «Раксалана» (1971), «Леся Украінка» (1973), раманаў «Там, за ракою — маладосць» (1970), «Софія Кіеўская» (1982), аповесцей «Крылы Арсена Дораша» (1968), «Спаленне мадонны» (1989), кніг вершаў для дзяцей «Калі я вырасту» (1975), «Сеяльшчыкі» (1984). Пераклала на ўкр. мову кн. В.​Віткі «Птушыная школа», паасобныя творы Э.​Агняцвет. На бел. мову творы З. пераклалі Агняцвет, М.​Аўрамчык, А.​Бялевіч, В.​Вярба, Х.​Жычка, К.​Камейша і інш.

Тв.:

Вибране. Київ, 1987.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),

рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.​Караткевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Галасы маіх сяброў. Мн., 1993;

Рус. пер. — Книга стихотворений. М., 1986;

У кн.: Валерий Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Шталь И.В. Поэзия Гая Валерия Катулла. М., 1977;

Пронин В. Катулл. М., 1993.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МПЕ (Kempe; сапр. Найкоўская) Мірдза Янаўна

(9.1.1907, г. Ліепая, Латвія — 12.4.1974),

латышская паэтэса. Нар. паэтэса Латвіі (1967). Засл. дз. культ. Латвіі (1957). Чл.-кар. АН Латвіі (1973). Вучылася ў Латвійскім ун-це (1927—28). Друкавалася з 1923. У зб-ках вершаў «Ранішні вецер» (1946), «Словы сябра» (1950), «Каханне» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), «Я не магу маўчаць» (1959), «Вечнасць імгненняў» (1964, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Шлях чалавека» (1969), «Шыпшына» (1972) і інш. сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў, адзінства чалавека і прыроды, асэнсаванне сац. супярэчнасцей сучаснай эпохі. Яе лірыка адметная публіцыстычнай палымянасцю, тонкім лірызмам. Некалькі вершаў прысвяціла Беларусі. Пераклала на лат. мову асобныя творы С.​Грахоўскага, М.​Калачынскага, П.​Панчанкі, М.​Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Аўрамчык, А.​Кавалюк, Калачынскі, І.​Калеснік, В.​Лукша, Ю.​Свірка, М.​Танк, У.​Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ветрык, вей! Мн., 1959;

Рус. пер. — Избранное: Стихотворения, лирические миниатюры. М., 1982.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР ((Kramer) Тэадор) (1.1.1897, Корнайбург, Аўстрыя — 3.4.1958),

аўстрыйскі паэт. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Вучыўся ў Венскім ун-це. З 1937 на нелегальным становішчы, у 1939—57 у Англіі. Друкаваўся з канца 1920-х г. Зб-кі вершаў «На дне» (1928), «Каляндар» (1930), «З гармонікам» (1936), «У шынку» (1946) сац.-крытычнай праблематыкі, у іх адлюстравана гаротнае жыццё абяздоленых, батракоў, беспрацоўных, бадзяг. Аўтар зб-каў вершаў антываен. («Мы ляжалі на Валыні ў балоце», 1931) і антыфаш. («Высланы з Аўстрыі», 1943; «Вена 1938. Зялёныя Кадры», 1946) накіраванасці. У зб-ках «Хвала роспачы», «Аб чорным віне» (абодва 1956) рэаліст. змест песенных мелодый афарбаваны матывамі смутку і адчаю. Асобныя вершы К. пераклаў на бел. мову В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Прыйдзі, стваральны дух: З ням., аўстр., польск., латыш. лірыкі. Мн., 1986;

Рус. пер. — у кн.: Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЦ ((Lec) Станіслаў Ежы) (6.3.1909, г. Львоў, Украіна — 7.5.1966),

польскі паэт, сатырык. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). У 1941—43 вязень фаш. канцлагера. У 1946—50 аташэ Польскай місіі ў Вене. Першая кн. вершаў — «Колеры» (1933). Аўтар зб-каў рэфлексійна-лірычных вершаў «Палявы блакнот» (1946), «Іерусалімскі рукапіс» (1956), «Да Авеля і Каіна» (1961), «Паэмы, падрыхтаваныя да скоку» (1964), а таксама сатыр. твораў і фрашак (зб-кі «Заасад», 1935; «Прагулка цыніка», 1946; «Здзекуюся і пытаюся пра дарогу», 1959, і інш.). Майстар кароткага філас. парадоксу. У цыклах афарызмаў «Непрычасаныя думкі» (1957), «Новыя непрычасаныя думкі» (1964) пры дапамозе жарту, іроніі, сарказму, алюзіі, гульні слоў выказваў пратэст супраць дагматызму і любых форм гвалту над асобай. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў У.​Арлоў.

Тв.:

Utwory wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1977;

Бел. пер. — З «Непрычасаных думак» // Далягляды. Мн., 1990;

Рус. пер. — [Стихи] // Современная польская поэзия. М., 1971;

Непричесанные мысли. СПб., 1999.

А.​В.​Хадановіч.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ДНІКАЎ (Павел Іванавіч) (14.7.1911, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.2000),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1937). Працаваў у рэдакцыях газет, на радыё. У 1937 арыштаваны, высланы ў Бурацію, потым жыў у Іркуцкай, Омскай абласцях, Краснаярскім краі. З 1946 настаўнічаў ў Смаленскай вобл., з 1952 у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. У 1968—71 працаваў у бюлетэні «Служба быту Беларусі». Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў «Песні грузчыкаў» (1932, пад псеўд. Паўлюк Буравей, з Я.​Субачам). Аўтар зб-каў вершаў «Час майго нараджэння» (1968), «Прысады» (1979), «Заасцёр’е» (1986), «Заранка» (1987), «Познія ягады» (1990), «Пароша» (1996). Тэма рэпрэсій у паэме «Таймыр» (нап. 1975—87), аповесцях «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) і інш. Напісаў успаміны пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, З.​Бядулю, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, П.​Глебку, К.​Грыневіча, А Пруднікава і інш.

Та: Мая магістраль Мн., 1981; Крыніцы. Мн., 1991; За калючым дротам. Мн., 1993.

Л.​М.​Гарэлік.

П.І.Пруднікаў.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙРАМУ́КАВА (Халімат) (сапр. Кубанава Халімат Башчыеўна;нарадзіўся 15.8.1917, аул Курзук, Карачаева-Чэркесія),

карачаеўская пісьменніца. Аўтар зб-каў вершаў «Люблю жыццё я» (1957), «Любімыя горы» (1959), «Дабро» (1977), аповесцяў «Сям’я Карчы» (1962), «Вечныя коннікі» (1977), раманаў «Гады і горы» (1964), «Ранішняя зорка» (1974) і інш. пра гісторыю і сучаснае жыццё свайго народа. На карачаеўскую мову пераклала вершы і паэмы Я.​Купалы.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРУ́ЦІН (Анатоль Юр’евіч) (н. 3.7.1948, Мінск),

паэт, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1972). Друкуецца з 1973. Аўтар зб-каў вершаў «Снегапад у ліпені» (1979), «Паваротны круг» (1983), «... З гэтага свету» (1991), кн. «Любоўнае зелле» (1992), нарысаў аб прафесіях. Перакладае на рус. мову творы М.​Багдановіча, М.​Танка, П.​Панчанкі, Р.​Барадуліна, А.​Грачанікава, Г.​Апалінэра, Ш.​Бадлера, Г.​Гейнэ, П.​Элюара і інш.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Н (Kallinos),

старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУ́ЦКІ (Уладзімір Лаўрынавіч) (9.12.1917, в. Цёплае Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 1941),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Працаваў у газ. «Камунар Магілёўшчыны». Друкаваўся з 1934. У 1940 Дзярж. выд-ва Беларусі прыняло да друку зб. яго вершаў, рукапіс якога страчаны ў Вял. Айч. вайну. Загінуў на фронце.

Літ.:

Аўрамчык М. Паэт і чайка: Успаміны // Дзень паэзіі-71. Мн., 1971.

У.Л.Рагуцкі.

т. 13, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)