ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксеевіч) (н. 14.2.1950, пас. Галіцына Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1998). Скончыў Казанскае вышэйшае танк. каманднае вучылішча (1971), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978), Ваен. акадэмію Ген. штаба Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі (1996). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Маскоўскай ваен. акрузе. З 1979 у БВА. З 1996 нач. Гал. ўпраўлення пагран. войск Рэспублікі Беларусь, з 1997 старшыня Дзярж. к-та пагран. войск Рэспублікі Беларусь.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Вісарыён Вісарыёнавіч) (н. 17.4.1907, г. Данкоў Ліпецкай вобл., Расія),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1945). Канд. геагр. н. (1965). Скончыў Вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Фрунзе (1930), Ваен.-марскую акадэмію (1940). У ВМФ з 1926. Служыў у Далёкаўсходняй (Амурскай) ваен. флатыліі (1930—37). Нач. штаба Дняпроўскай (1940), Дунайскай (1940—41), Волжскай (1943) ваен. флатылій, Новарасійскай ваен.-марской базы (1941—42). Камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (1943—45). Удзельнік абароны Ачакава, Мікалаева, Херсона, Керчы, Адэсы, Севастопаля, Каўказа, баявых дзеянняў на Волзе, Беларускай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, штурму Берліна. З 1947 у ледакольным флоце (Зах. Арктыка), у ін-це «СаюзморНДІпраект». Аўтар кніг «І караблі штурмавалі Берлін» (1984), «Дэсант у Берлін» (1989).

Р.​К.​Паўловіч.

В.В.Грыгор’еў.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сістэма навук. ведаў і практычная дзейнасць, якія маюць на мэце ўмацаванне здароўя асабістага складу войск, папярэджанне і лячэнне баявых ран і захворванняў. Тэарэт. асновай ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. навука — галіна ведаў, якая абапіраецца на навук. даныя агульнай медыцыны і ваен. навукі. У практычнай дзейнасці ваенная медыцына абапіраецца на сістэму і метады мед. забеспячэння ўзбр. сіл. Адным з асн. элементаў ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. адукацыя — сістэма фарміравання і ўдасканалення ваен.-мед. кадраў і планамернага папаўнення падрыхтаванымі для нясення ваен. службы ўрачамі, фельчарамі і г.д. Стан ваеннай медыцыны і канкрэтныя формы яе развіцця вызначаюцца эканам. ладам грамадства, арг-цыяй узбр. сіл і ўзроўнем развіцця мед. навукі.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВІК (Уладзімір Аляксандравіч) (7.7.1903, в. Немча Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1987),

генерал-лейтэнант (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны на Паўд. фронце, да 1940 у Генштабе РСЧА, потым у Забайкальскай ваен. акрузе. У Вял. Айч. вайну на фронце з крас. 1944, камандзір дывізіі. Удзельнік вайны з Японіяй. Да 1968 у Сав. Арміі, на розных пасадах у ваен. ВНУ, Генштабе Узбр. Сіл СССР, ваен. аташэ, узначальваў дэлегацыю СССР пры Ваенна-штабным к-це ААН.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МЕР, Амір Махамед Абд аль-Хакім (11.12.1919, Істал, прав. Мінья — 14.9.1967), егіпецкі ваен. і паліт. дзеяч, маршал (1957). З 1952 галоўнакамандуючы егіп. ўзбр. сіламі, з 1958 — і віцэ-прэзідэнт і ваен. міністр Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі. Абвінавачаны ў паражэнні краіны ў ваен. канфлікце з Ізраілем у чэрв. 1967, пазбаўлены пасад і арыштаваны. Скончыў жыццё самагубствам.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ РЭФО́РМЫ 1860—70-х г. у Расіі. Праведзены ва ўзбр. сілах Расійскай імперыі ў ходзе бурж. рэформаў 1860—70-х г. Выкліканы адменай прыгоннага права ў 1861 і неабходнасцю рэарганізацыі ваен. справы ў Расіі, што выявілася ў Крымскай вайне 1853—56. Ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам ваен. міністра Дз.​А.​Мілюціна. У 1862—64 створана 15 ваен. акруг, у т. л. Віленская, у якую ўвайшлі і бел. губерні. Пашыралася сетка ваен. вучылішчаў (1863—64), ствараліся юнкерскія вучылішчы (1864), адкрыты новыя вышэйшыя ваен. навуч. ўстановы: Ваен.-юрыд. (1867) і Марская (1877) акадэміі. Пачалося ўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. У 1874 замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць, скарочаны тэрмін вайск. службы. Праведзена рэарганізацыя падрыхтоўкі войск, уведзены новыя вайск. статуты. У выніку рэформаў рус. армія стала ў большай ступені адпавядаць патрабаванням часу, павысілася яе баяздольнасць. Аднак і пасля іх у арміі засталіся шматлікія перажыткі прыгонніцтва.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПАНО́ВІЧ (Дзмітрый Апанасавіч) (26.10.1896, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 29.11.1952),

генерал-лейтэнант (1944). Удзельнік грамадз. вайны. З 1937 у Палітупраўленні РСЧА. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. савета Цэнтр. фронту, Кіеўскай, Уральскай, Маскоўскай ваен. акруг, Маскоўскай зоны абароны. З 1947 нам. па паліт. частцы камандуючага войскамі ваен. акругі, нач. Гал. ўпраўлення баявой і фіз. падрыхтоўкі сухапутных войск.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЯ-УЛЬ-ХАК (Махамад) (12.8.1924, г. Джаландхар, Індыя — 17.8.1988),

пакістанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Удзельнік інд.-пакістанскіх войнаў (1965, 1971). З 1973 генерал і нач. штаба сухапутнай арміі. У 1977 узначаліў дзярж. ваен. пераварот, у 1977—78 кіраўнік урада і ваен. адміністрацыі. З 1978 прэзідэнт Пакістана. Імкнуўся да ісламізацыі эканам. і грамадскага жыцця ў краіне. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,

калегіяльны орган ваен. і паліт. кіраўніцтва, прызначаны для абмеркавання прынцыповых пытанняў ваен. будаўніцтва, арганізацыі ваен. дзеянняў, кіравання, падрыхтоўкі і забеспячэння войск. У залежнасці ад задач і прызначэння ваенны савет можа стварацца ў маштабе ўзбр. сіл, віду ўзбр. сіл, фронту, арміі, корпуса. Пастаянныя ваенныя саветы дарадчага характару існуюць у вышэйшых ваен. інстанцыях большасці дзяржаў свету. У Вялікабрытаніі пры Мін-ве абароны дзейнічае савет абароны, а пры дэпартаментах відаў узбр. сіл — адпаведныя яго к-ты (армейскі, ваенна-паветр., адміралцейства). Блізкія па структуры сістэмы ваенных саветаў існуюць у Германіі, Францыі і інш. У пач. Вял. Айч. вайны ў СССР існавалі ваенныя саветы франтоў на чале з камандуючымі войскамі, ВПС, войск ППА краіны, у 1942 — бранятанк. і механіз. войск, у 1943 — пры камандуючым артылерыяй і ваенным саветам. Гал. ўпраўлення фарміраванняў і ўкамплектавання Чырв. Арміі. У мясцовасцях, дзе абвешчана ваен. становішча, ваенныя саветы перадаваліся функцыі органаў дзярж. улады. Ва ўзбр. сілах краін СНД існуюць ваенныя саветы ў відах узбр. сіл, ваен. акругах, акругах ППА, на флатах, у арміях, флатыліях, пагран. войсках, войсках МУС і г.д. Вышэйшым калегіяльным органам ваен. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегія Мін-ва абароны, а ў ВПС, войсках ППА і армейскіх карпусах — ваенны савет.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,

асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)