БА́ДЭНСКА-ПФА́ЛЬЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

выступленне на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі 27.3.1849. Адбылося ў маі—ліп. 1849 у Бадэне і баварскім Пфальцы. Ваен. кіраўнік паўстання польскі афіцэр-эмігрант Л.​Мераслаўскі, сац. рух узначальвалі дэмакраты, звязаныя з левай фракцыяй Франкфурцкага парламента. 13—14 мая паўстанцы (рабочыя і каля 20 тыс. салдатаў рэгулярнай арміі) скінулі рэакц. ўрады ў Бадэне і Пфальцы і ўтварылі замест іх выканаўчыя к-ты. Задушана 60-тысячным прускім войскам на чале з кронпрынцам Вільгельмам. Частка паўстанцаў, у т. л. Ф.​Энгельс, уцякла ў Швейцарыю. Разгром паўстання наблізіў канец Франкфурцкага парламента і герм. рэвалюцыі.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,

стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГЕН (Мікалай Аляксандравіч) (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл. Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́НПІС»

(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),

незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.​Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.​Беліян (Германія, з 1993).

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел. нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.​Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.​Чырнера, С.​Борна і рас. эмігранта М.​А.​Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял. Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1973 у г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Адкрыты ў 1975. Мае 3 экспазіц. залы (пл. экспазіцыі 335 м²), больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Сярод матэрыялаў археал. знаходкі (прылады працы 3—1-га тыс. да н.э., косці шарсцістага насарога, зуб маманта), нумізматычныя калекцыі 17—20 ст., старадрукі (мінеі 1754 і 1799), матэрыялы пра абарону Касцюковіч у 1941, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, нар. паэта Беларусі А.​Куляшова, пісьменнікаў В.​Хомчанкі, І.​Чыгрынава, А.​Русецкага, А.​Твардоўскага, А.​Фадзеева, творы жывапісу бел. мастака А.Бархаткова, прадметы побыту, узоры прыкладнога мастацтва, матэрыялы пра вёскі, пакінутыя ў забруджанай зоне пасля Чарнобыльскай катастрофы.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«І́СКРА»,

газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 10—27.6.1925 (аднадзёнка — 31.5.1925) у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы на актуальныя тэмы паліт. жыцця Польшчы, Зах. Беларусі, аналізавала знешнюю і ўнутр. палітыку польскага ўрада. Асаблівую ўвагу аддавала зямельнай рэформе і яе вырашэнню ў сейме. Апублікавала выступленні ў сейме дэпутатаў Бел. пасольскага клуба Б.​Тарашкевіча, Ф.​Ярэміча, сенатара А.​Назарэўскага, інтэрпеляцыі бел. паслоў з выпадку злоўжыванняў польскай адміністрацыі на зах.-бел. землях, пастановы III з’езда Кампартыі Польшчы, прапановы асобных сенатараў у абарону інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі. Змясціла ўрыўкі з паэмы Я.​Купалы «Безназоўнае», асобныя вершы А.​Гурло. Выйшла 7 нумароў, з іх 2 канфіскаваны.

А.​С.​Ліс.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДУ́ЦЬКА (Іван Іванавіч) (н. 28.10. 1916, в. Стары Пруд Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1951), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1936. З 1942 на Паўд.Зах., Сталінградскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Камандзір стралк. батальёна маёр Л. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: 14 студз. на левым беразе Віслы падняў у атаку 2 роты, якія ўклініліся ў абарону ворага; 15 студз. батальён Л. захапіў 12 аўтамашын, 13 кулямётаў; 30 студз. першы выйшаў на польска-германскую граніцу. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)