ЯКУ́Б З КАЛІ́НАЎКІ (Каліноўскі, Калінаўка, Каліновіус; ? — 1583),

бел. гуманіст, ідэолаг левай, плебейска-сял. плыні радыкальна-рэфармацыйнага руху на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., антытрынітарый. Паслядоўнік Пятра з Ганёндза і М.Чаховіца. З 1560 прапаведнік у магната-кальвініста А.​Валовіча. У 1568 пакінуў гэту службу, верагодна, з прычыны актыўнага ўдзелу ў антытрынітарскім руху ў ВКЛ. З 1567 удзельнічаў у арыянскіх сінодах у Польшчы і ВКЛ. На сінодзе ў Скрынску (пад Радамам) абраны на дыспут з дытэістамі (пратэстанты, якія прызнавалі дваістую прыроду Бога). У 1568 разам з Паўлам з Візны палемізаваў з С.Будным на сінодзе ў Іўі (каля Валожына). Каля 1569 выехаў у Польшчу і там з групай сваіх прыхільнікаў з ВКЛ заснаваў у Ракаве (цяпер у Свентакшыскім ваяв.) прымітыўна-камуніст. рэліг. суполку. Каля 1575 знаходзіўся ў Любліне. На радзіму, напэўна, ён так і не вяртаўся. Выступаў супраць эксплуатацыі, свецкай улады, войнаў, адстойваў сац. і нац. роўнасць; прычынай сац. несправядлівасці лічыў прыватную ўласнасць.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая пол. XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.

С.​П.​Падокшын.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛЕ́НСКІ Іосіф Міхайлавіч (1756, б. маёнтак Свентарэчча Шавельскага пав., Літва —23.3.1813),

бел. публіцыст эпохі Асветніцтва. Дзяцінства прайшло ў в. Малыя Прудкі на Мазыршчыне (Гомельская вобл.). Вучыўся ў школе мернікаў у Гродне. Працаваў пісарам, землямерам, бухгалтарам, сплаўшчыкам лесу, каморнікам на Мазыршчыне і Полаччыне (Віцебская вобл.). У пач. 1790-х г. часта бываў у Пецярбургу, дзе ў 1794 арыштаваны. Прыняў праваслаўе і сасланы ў Салавецкі манастыр (пад імем Аляксей). У 1801 пасля выхаду з манастыра ўступіў у секту скапцоў. Аўтар рукапісных (на польскай мове) маніфестаў «Пераклад польскага права, усенародна складзенага» (дапаўняўся «Прысягай караля»), «Адозва да народа — агульных сабраццяў нашых» і інш., у якіх выступаў супраць прыгоннага права, заклікаў змагацца за «вольнасць», выказваўся за дэмакр. рэспубліку. Найб. значны яго твор на рус. мове з асобнымі беларусізмамі і паланізмамі «Благавесць да Ісраіля Расійскага». У шэрагу твораў (усе рукапісныя) крытыкаваў рэлігію, падтрымліваў рэліг.-апазіц. рух (старавераў). Рукапісы захоўваюцца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве.

Літ.:

Фруменков Г. Узники Соловецкого монастыря. 4 изд. Архангельск, 1979.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧ (імя невядома),

бел. пісьменнік-палеміст 1-й трэці 17 ст. Належаў да уніяцкага брацтва Св. Тройцы ў Вільні. У 1630 выдаў у Святатроіцкай друкарні «Сняданак віленскім брацкім схізматыкам...», напісаны адразу пасля Львоўскага сабора 1629. У ім М. адлюстраваў складаную рэліг.-дзярж. сітуацыю ў 1-й трэці 17 ст., калі «грэчаскае» набажэнства Русі было падзелена на тры часткі (віленскія і кіеўскія русіны грэч. абраду, што падпарадкоўваліся канстанцінопальскаму патрыярху, русіны, якія знаходзіліся ў адзінстве з рымска-каталіцкім касцёлам, — рымскаму папу). М. лічыў, што ўсе правы і прывілеі, дадзеныя праваслаўным у папярэднім стагоддзі, законна належаць уніятам, а тыя, хто прызнае духоўную ўладу канстанцінопальскага патрыярха, знаходзяцца па-за законам у дзяржаве. Правасл. выданні, у т. л. творы М.​Сматрыцкага і Л.​Карповіча, лічыў ератычнымі; сцвярджаў, што яны спрыялі бунтам і непаслушэнству прастакоў, што з-за іх быў забіты уніяцкі архіепіскап І.​Кунцэвіч, прыняў пакутніцкую смерць прапаведнік А.​Граковіч. На старонках «Сняданка...» шмат біягр. звестак пра тагачасных пісьменнікаў, нетрадыц. трактоўкі гіст. падзей у дзяржаве.

Літ.:

Кароткі У.Г. ...І памёр, і ўваскрос // ЛІМ. 2001. 5 кастр.

У.​Г.​Кароткі.

т. 18, кн. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАНГО́ВІЧ Пётр Міхайлавіч (май 1893, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 18.1.1938),

удзельнік грамадз. вайны і баёў на Беларусі. Камдыў (1935). Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1913) і Ваен.-акад. курсы (1924). З 1915 у арміі, паручнік. З 1918 у Чырв. Арміі, на Усх. і Зах. франтах, нач. штаба 27-й Омскай стралк. дывізіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні аперацыі па разгроме войск Калчака. У 1920 удзельнічаў у вызваленні Беларусі ад польскіх войск; вызначыўся пры ліквідацыі іх прарыву ў раёне Беластока і Ваўкавыска. У 1921 на чале дывізіі ўдзельнічаў у падаўленні Кранштацкага паўстання і ліквідацыі бандытызму на Волзе. З 1922 нач. штаба, камандзір 16-га стралк. корпуса, пам. нач. ўпраўлення, нач. 5-га аддзела штаба Бел. ваен. акругі. З 1931 ст. выкладчык, заг. кафедры Ваен.-паліт. акадэміі імя М.​Г.​Талмачова. Аўтар кн. «Гістарычны нарыс 27-й Омскай стралковай дывізіі РСЧА» (1922). У жн. 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў дачыненні да т.зв. контррэв. афіцэрскай арг-цыі, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Яго імем названы вуліца ў г. Мядзел.

Т.​Г.​Воранава, П.​А.​Селіванаў.

т. 18, кн. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),

паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАХО́ЎСКІ Хрыстафор (? — 1661),

ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.​Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́ЕЎЦАВА Ірына Уладзіміраўна (сапр. Іванова Іраіда Густаваўна; 4.8.1895, Санкт-Пецярбург — 15.10.1990),

рус. пісьменніца. У 1922—87 у эміграцыі. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Двор цудаў» (1922), «Кантрапункт» (1950), «Залаты ланцуг» (1970) і інш.; аповесцяў і раманаў, у т. л. «Пакінь надзею назаўсёды» (1954) пра жыццё ў СССР у 1930-я г. Апублікавала кн. ўспамінаў «На берагах Нявы» (1967), «На берагах Сены» (1978—81, абедзве выд. ў СССР, 1988). Адметныя рысы творчай манеры — яснасць, класічная прастата і дакладнасць, у ёй выразна адчуваецца літ. школа акмеізму.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГСТРЭМ (Bergstrom) Суне (н. 10.1.1916, Стакгольм),

шведскі біяхімік. Чл. Каралеўскай Шведскай АН. Замежны чл. АН СССР (1976), АМН СССР (1982), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук у Бостане. Праф. (1947). Скончыў Каралінскі ін-т у Стакгольме (1943). З 1947 у Лундскім ун-це, з 1958 і ў 1970—77 (рэктар) у Каралінскім ін-це, з 1960 у Базельскім ун-це (Швейцарыя). Навук. працы па хіміі і біяхіміі простагландзінаў, біясінтэзе і абмене жоўцевых кіслот і халестэрыну, біяхіміі гепарыну. Старшыня Савета дырэктараў Нобелеўскага фонду (1975). Нобелеўская прэмія 1982 (разам з Б.Самуэльсанам і Дж.Вейнам).

С.Бергстрэм.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СКІН Ізраіль Саламонавіч (25.11.1895, Віцебск — 19.1.1964),

савецкі военачальнік, ген.-лейт. артылерыі (1944). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскія курсы цяжкай артылерыі РСЧА (1920), Вышэйшую артыл. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. У грамадз. вайну ўдзельнік ліквідацыі мяцяжоў у Віцебскай і Смаленскай губ., вызвалення ад яп. акупантаў рас. гарадоў на Д. Усходзе, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Калінкавіч, Бабруйска; вызначыўся ў час прарыву абароны ворага каля г. Шчэцін (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

І.С.Бескін.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)