від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст. значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.
На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.Бембель, У.Рытар, Р.Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.Глебаў і інш.), Нац.акад.т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.Селіханаў, В.Папоў), Нац.маст. музей (Бембель, П.Белавусаў, С.Адашкевіч, М.Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.Купалы (А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.Ларчанка, А.Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж.т-рамуз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл.драм.т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.Гаравая), «Русалка» (Л.Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.Фінскі), «Сабака для палявання» (П.Лук, В.Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.Б.Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТАМІ́ЗМ,
дамінуючы кірунак у сучаснай каталіцкай філас. думцы і філасофіі культуры, заснаваны на вучэнні Фамы Аквінскага; сучасны этап у развіцці тамізму. Атрымаў статус афіц.філас. дактрыны рымска-каталіцкай царквы пасля апублікавання ў 1879 энцыклікі папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму»), Распрацоўкай і пашырэннем Н. займаюцца Акадэмія св. Фамы (Ватыкан), Каталіцкі ін-т у Парыжы, Пулахскі ін-т (ФРГ), ун-т Нотр-Дам (ЗША), Люблінскі каталіцкі ун-т (Польшча) і інш. Прадстаўнікі Н.: Э.Жыльсон, Ж.Марытэн (Францыя), Ю.М.Бахенскі, К.Ранер (ФРГ), К.Вайтыла (Іаан Павел II), М.А.Крампец, С.Свяжаўскі (Польшча) і інш. Пасля II Ватыканскага сабора (1962—65), які абвясціў курс на абнаўленне рымска-каталіцкай царквы (аджарнамента), выразна выявілася антрапацэнтрычная пераарыентацыя Н., яго імкненне да разгляду і абгрунтавання палажэнняў «вечнай філасофіі» праз прызму чалавечага існавання. Цэнтр. прынцып Н. — гармонія розуму і веры. Неатамісты лічаць, што гэта дактрына валодае універсальнымі магчымасцямі, узнімаецца над палярнасцю матэрыялізму і ідэалізму, сцыентызму і антысцыентызму. Аснова анталогіі Н. — вучэнне пра патэнцыю і акт, паводле якога працэсы «ўзнікнення розных рэчаў або прадметаў трактуюцца як ажыццяўленне, актуалізацыя патэнцый. Быццё любой канечнай рэчы, паводле Н., можа быць зразумета толькі як «удзел» у бясконцым быцці Бога, які з’яўляецца актуальным пачаткам усяго існага. Аснову натурфіласофіі Н. складае гілемарфізм — вучэнне пра матэрыю і форму, паводле якога матэрыя з’яўляецца пасіўным пачаткам, магчымасцю, што патрабуе для сваёй актуальнасці наяўнасці формы; формы ствараюць усю разнастайнасць матэрыяльных спосабаў і відаў быцця ад неарган. свету да вышэйшай ступені прыроднага быцця — чалавека, формай і сутнасцю якога з’яўляецца нематэрыяльная (бессмяротная) душа. Вышэйшая форма (форма форм) не звязана з матэрыяй і стварае першасную матэрыю» і ўсю канкрэтную разнастайнасць форм. Гэтай вышэйшай формай з’яўляецца Бог. У Н. адрозніваюць анталагічныя і лагічныя ісціны. Першая — прадукт адпаведнасці рэчы інтэлектуальнай задуме Бога, другая звязана з пазнавальнай дзейнасцю чалавека, надзеленага ўласцівасцю суб’ектыўнасці. Пры апісанні ступені разумова-тэарэт. спасціжэння свету, тэарэтыкі Н. на 1-й ступені змяшчаюць прыродазнаўства і філасофію прыроды, на 2-й — матэматыку (веды пра чыстую колькасць), на 3-й — метафізіку, якая аналізуе праблемы быцця. Тэалогію Н. лічыць узорам адзінства пазнавальных і практычных адносін да свету. Чалавека разглядае як складаную субстанцыю з дзвюх простых — душы і цела. Душа (формаўтваральны ў адносінах да цела прынцып) лічыцца асновай асобы; універсальнай мэтай і сэнсам існавання якой з’яўляецца сузіранне боскага дабра. Паводле Н., грамадства ў сваёй эвалюцыі павінна кіравацца вечнымі каштоўнасна-нарматыўнымі прынцыпамі (у першую чаргу асобаснай скіраванасці і агульнага дабра), якія могуць па-рознаму тлумачыцца і гучаць у залежнасці ад кантэксту сац. сітуацыі. Прыхільнікі Н. лічаць, што ажыццяўленне гэтых прынцыпаў павінна забяспечыць у самых розных грамадствах разнастайнасць форм уласнасці, прымірэнне супярэчнасцей паміж сац. слаямі, класамі, паліт. плюралізм, наяўнасць правоў грамадзян і дэмакр. свабод у спалучэнні з вяршэнствам сферы агульначалавечых культ. каштоўнасцей. Праводзіцца думка пра неабходнасць руху па «трэцім шляху» грамадскага развіцця, паміж «капіталіст. індывідуалізмам» і «марксісцкім калектывізмам». Дыялог царквы і грамадства разумеецца як сродак унясення вышэйшых рэліг.-маральных каштоўнасцей у культуру сучаснасці.
Літ.:
Губман Б.Л. Западная философия культуры XX в. Тверь, 1997;
Vries J. de Drundbegriffe der Scholastik. Darmstadt, 1980;
Swieżawski S. Święty Tomasz na nowo odczytany. Kraków, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ І НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,
1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.
2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.
Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г.Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.І.Пічэта, У.М.Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел.пед. ун-та імя М.Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, шэрагу пед. і інш.ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;
Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ.М., 1992;
История Европы: Пер. с фр.Мн.;
М., 1996;
Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯЦЬ,
здольнасць арганізма захоўваць і ўзнаўляць інфармацыю, атрыманую ў мінулым; адна з асн. уласцівасцей нервовай сістэмы, якая забяспечвае непарыўнасць існавання чалавечага «Я» і выступае ў якасці важнай і неабходнай перадумовы фарміравання індывідуальнасці і асобы.
Разгорнутую канцэпцыю П. даў Арыстоцель у трактаце «Пра памяць і ўспамін»: уласна П. уласцівая і чалавеку, і жывёле, успамін жа — толькі чалавеку. Арыстоцель сфармуляваў правілы для паспяховага ўспаміну, пазней зноў «адкрытыя» ў якасці асн. законаў асацыяцый: па сумежнасці, падабенстве і кантрасце. Праблема П. развіта ў філасофіі англ. эмпірызму (Т.Гобс, Дж.Лок), амер. біхевіярызму (Э.Торндайк, Дж.Уотсан), у вучэнні франц. прадстаўніка інтуітывізму А.Бергсона, які даказваў існаванне асаблівай «вобразнай» П., «П. духу» і звязваў яе з псіхічнымі працэсамі бессвядомага, распазнавання, увагі. Прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі зыходзілі з цэласнага і структурнага характару П. і лічылі, што яе элементы павінны разглядацца як своеасаблівыя дынамічныя сістэмы. У франц. сацыялагічнай школе (П.Жанэ, М.Хальбвакс) акцэнтавалі ўвагу на гіст. прыроду і сац. абумоўленасць П. чалавека. Эксперым. даследаванне П. праведзена ў рэчышчы асацыянізму ням. псіхолагам Г.Эбінгаўзам (1885).
Адрозніваюць асн. працэсы П.: запамінанне, распазнаванне, забыванне і ўзнаўленне. Гал. з іх — запамінанне, якое вызначае трываласць і працягласць захавання інфармацыі, яе паўнату і дакладнасць пры ўзнаўленні. Прадуктыўнасць запамінання залежыць ад таго, у якой форме яно адбываецца (у адвольнай, неадвольнай, механічнай, сэнсавай). Пры распазнаванні ў П. ўзнаўляецца вобраз аб’екта пры паўторным яго ўспрыманні. Пры ўзнаўленні аб’екты мінулага вопыту не ўспрымаюцца непасрэдна, а ўзнаўляюцца ў вобразах (думкі, пачуцці, жаданні, вобразы фантазій, асобных дзеянняў, складаных рухаў і інш.). Уласцівасць забывання азначае поўную або частковую страту здольнасці ўзнаўлення матэрыялаў, што запомніліся раней; яно бывае ўстойлівым, доўгім, часовым, пасіўным, актыўным, звязаным з наўмысным выцясненнем з П. непрыемных з’яў. Сярод падсістэм П. вылучаюць доўгачасовую, кароткачасовую і сенсорную. Доўгачасовая П. забяспечвае ўтрыманне ведаў і захаванне ўменняў і навыкаў на працягу дзесяцігоддзяў пры вял. аб’ёме інфармацыі. П. кароткачасовая забяспечвае аператыўнае ўтрыманне звестак, атрыманых ад органаў пачуццяў і з доўгачасовай П., на працягу ад некалькіх секунд да мінут пры аб’ёме інфармацыі каля 7—8 адзінак (слоў, лічбаў і г.д.). У сенсорнай П. сігналы, што паступаюць з органаў пачуццяў у выглядзе адчуванняў і ўспрыманняў, утрымліваюцца звычайна менш 1—2 с. У залежнасці ад характару матэрыялу, што трэба запомніць, адрозніваюць: П. рухальную (маторную), эмацыянальную, вобразную і слоўна-лагічную (вербальную). Вобразная падзяляецца на зрокавую, слыхавую, нюхальную, датыкальную, смакавую.
Паняцце «П.» шырока выкарыстоўваецца ў кібернетыцы пераважна ў адносінах да складаных тэхн. сістэм, напр.ЭВМ, і па аналогіі таксама да біял. і сац.сістэм. У біялогіі вылучаюць генетычную П., змешчаную ў храмасомах клетачных ядраў (у малекулах ДНК), і П., набытую арганізмам. У сацыялогіі ўводзіцца паняцце сац. П., зместам якой з’яўляецца калект. вопыт чалавецтва, які фіксуецца ў мове, інш. знакавых сістэмах, у прыладах працы, традыцыях, нормах маралі і права, ва ўсіх элементах матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сац. П. адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні індывід. П. кожнага канкрэтнага чалавека.
Літ.:
Соколов Е.Н. Механизмы памяти. М., 1969;
Крайзмер Л.П., Матюхин С.А., Майоркин С.Г. Память кибернетических систем. М., 1971;
Вейн А.М., Каменецкая Б.И. Память человека. М., 1973;
Пугач Ю.К. Развитие памяти: Система приемов. Ч. 1. Образная память. Мн., 1995;
Психология памяти. М., 1998;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Андреев О.А., Хромов Л.Н. Тренировка памяти. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,
спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял.Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.
Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў ягомаст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.
Літ.:
Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;
Мухаринская Л.С.Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял.кн.літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАВЫДАВЕ́ЦКІ ДРУК, самвыдат,
агульная назва афіцыйна незарэгістраваных непадцэнзурных рукапісных, друк., аўдыёвізуальных і электронных носьбітаў інфармацыі для распаўсюджвання сярод пэўнай аўдыторыі ва ўмовах абмежаванняў свабоды слова. У СССР развіваўся пераважна ў Маскве і Ленінградзе (час. «Хроника текущих событий», «Синтаксис», альманах «Метрополь»), Прыбалт. рэспубліках, на Украіне, быў вядомы таксама ў Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі і інш.б.сацыяліст. краінах.
Традыцыі бел. С.д. бяруць пачатак з твораў Афанасія Філіповіча і С.Буднага, «Мужыцкай праўды» К.Каліноўскага, нелегальнага час. народнікаў «Гомон». Аднак у сучасным разуменні, як друк, непадкантрольны дзяржаве і альтэрнатыўны афіц. сродкам масавай інфармацыі, склаўся толькі ў Сав. Беларусі. Паводле крыніц інфармацыі падзяляецца на рэтраспектыўны (перавыданні раней надрук. дакументаў) і бягучы (арыгінальныя тэксты). Спосабы яго рэпрадуктавання: машынапіс, машынапіс з ксерапамнажэннем, ратапрынт, прынтэр, фотадрук.
Штуршком да актывізацыі самавыдавецкага руху стаў XX з’езд КПСС. На працягу 1960—1-й пал. 1980-х г. вядома аб узнікненні ў БССР шляхам С.д. прыкладна 20 рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыяд. і монавыданняў. Найб. адметныя арыгінальныя тэксты гэтага перыяду: час. «Падсьнежнік» (1963—64, аўтар-выдавец М.Ермаловіч), «Блакітны ліхтар» (1971—74, В.Мудроў, А.Рыбікаў, В.Шлыкаў), «Мілавіца» (1974—76, У.Арлоў, Г.Кулажанка, І.Чарняўскі і інш), «Гутарка» (1975—76, Ермаловіч), «Люстра дзён» (1980, С.Дубавец, В.Вячорка, С.Сокалаў), творы л-ры і гісторыі — «Сказ пра Лысую гару» (1-я пал. 1970-х г., аўтар невядомы), «Па слядах аднаго міфа» Ермаловіча (2-я пал. 1970-х г.) і інш.Вял. ўплыў на развіццё С.д. зрабілі працэсы лібералізацыі грамадства ў 2-й пал. 1980-х г. З 1988 пачалі выдавацца незарэгістраваныя газ. «Кантроль», «Навіны БНФ «Адраджэньне», «Студэнцкая думка». Да канца 1988 на Беларусі налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Асн. тэмы С.д. — грамадска-паліт. сітуацыя ў БССР і СССР, «белыя плямы» гісторыі, праблемы бел. дзяржаўнасці і мовы, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш.
С.д. пайшоў на спад з прыняццем у СССР 1.8:1990 «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», які адмяніў папярэднюю цэнзуру. На працягу некалькіх наст. месяцаў частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, іншыя спынілі сваё існаванне. Чарговы этап актывізацыі С.д. назіраўся з сярэдзіны 1990-х г., што звязана з адсутнасцю буйнога капіталу на айч. медыя-рынку і абмежаванай колькасцю недзярж. сродкаў масавай інфармацыі, а таксама з пашырэннем кола карыстальнікаў камп’ютэрнай тэхнікай. З 1995 шматлікім грамадскім арг-цыям, клубам па інтарэсах, гурткам, навуч. установам заканадаўствам дазволена выдаваць часопісы, газеты, інфарм. бюлетэні без афіц. рэгістрацыі ў Мін-ве інфармацыі, калі кожны чарговы выпуск не перавышаў 499 экз. (пасля прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 8.1.1998—299 экз.). Паралельна ўсё большае распаўсюджванне набываюць электронныя выданні ў глабальнай сетцы Інтэрнет. З 1995 да жн. 2001 вядома аб выхадзе каля 600 друк. і 40 электронных выданняў без уліку рэкламнай прадукцыі і агітацыйнай л-ры ў час кампаній па выбарах прэзідэнта, Вярх. Савета, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу і мясц. органаў улады.
Літ.:
Тимофеева Л.Н. Альтернативная печать: ее сущность и значение // Пресса: опыт, пробл. и тенденции. М., 1992;
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990): Каталёг. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і ягохрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж.рус.драм.т-рБССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі ягосцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач.Вял.Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.
звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасці т-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г.т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).
Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар.арт.СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар.арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.
У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш.Гал. рэжысёр (з 1991) нар.арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.
Б.Л.Бур’ян.
Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.