ніжняя частка будынкаў ці збудаванняў, якая перадае нагрузку грунтам. Глыбіня Ф. залежыць ад інж.-геал. і гідралагічных умоў, канструкцыйных асаблівасцей будынкаў і збудаванняў, глыбінь прамярзання пучыністых грунтоў, размыву (для гідратэхн. збудаванняў). Ф. робяць з жалезабетону, бетону, бута-бетону, каменю, бутавага каменю, цэглы-жалезняку і дрэва.
Ф. падзяляюцца на масіўна-суцэльныя пад усім збудаваннем; стужачныя пад суцэльныя сцены; адзіночныя (слупавыя) пад калоны; каробчатыя — пад вышынныя дамы; рамныя для апор прамысл. установак; Ф. складкавага тыпу ці з абалонак у выглядзе цел вярчэння пад асобныя апоры, калоны і высокія збудаванні; Ф. — блокі маставых апор, плацін, доменных і коксавых печаў, веж, помнікаў, станкоў і інш.; палевыя. Паводле спосабу вырабу Ф. бываюць зборныя з гатовых блокаў, маналітныя і зборна-маналітныя. Да Ф. глыбокага залажэння звычайна адносяцца канструкцыі, якія апускаюцца па меры вымання грунту з-пад ніжніх частак. Да іх належаць апускныя калодзежы, кесоны і цыліндрычныя абалонкі. Утвораныя поласці запаўняюцца бетонам, муроўкай, жвірам і пяском ці выкарыстоўваюцца для розных падземных збудаванняў. Палевыя Ф. робяцца з забіўных ці набіўных паляў. Забіўныя палі робяць на заводах ці палітонах і потым апускаюць у грунт адным са спосабаў: забіўкай, вібрацыяй, падмывам, закручваннем, зацісканнем ці камбінацыяй іх. Набіўныя палі ствараюцца непасрэдна ў грунце на месцы праектнага становішча: утвараюць шчыліны ў грунце і запаўняюць бетонам.
Ю.А.Сабалеўскі, Дз.Ю.Сабалеўскі.
Фундаменты: а — стужачны зборны; б — перакрыжаваны; в — зборны; г — слупкаваты: 1 — слуп з бетонных блокаў; 2 — жалезабетонная фундаментальная бэлька; 3 — кладка сцяны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАПА́ЕЎ Васіль Іванавіч (9.2.1887, в. Будайка, цяпер у межах г. Чэбаксары Чувашскай Рэспублікі — 5.9.1919),
савецкі военачальнік. У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, фельдфебель (1916); узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі. Пасля ранення з вясны 1917 у запасных вайск. часцях. З 1917 чл.РСДРП(б). Са снеж. 1917 камандзір запаснога палка, са студз. 1918 ваен. камісар Нікалаеўскага пав. Саратаўскай губ. З мая 1918 камандзір пях. брыгады, з вер.нач. 2-й Нікалаеўскай дывізіі; вёў баі супраць уральскіх казакоў і часцей чэхаславацкага корпуса. У ліст. 1918 — студз. 1919 у Ваен. акадэміі Генштаба РСЧА, потым камандаваў Аляксандраўгайскай групай войск на Усх. фронце. З сак. 1919 нач. 25-й стралк. дывізіі, якая ў крас.—ліп. 1919 вызначылася ў баях супраць войск А.В.Калчака за гарады Бугуруслан, Белебей, Уфа, разблакіравала г. Уральск; узнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга (1919). Загінуў у баі ў час раптоўнага нападу праціўніка на штаб дывізіі ў Лбішчанску (цяпер г. Чапаеў, Казахстан) на р. Урал. Яго імя як таленавітага нар. палкаводца яшчэ пры жыцці было авеяна славай і легендамі. Папулярызацыі яго вобраза паспрыялі раман Дз.А.Фурманава «Чапаеў» (1923) і аднайм.маст. фільм (1934, рэж.Васільевы). Яму пастаўлены помнікі ў Самары, Чэбаксарах, Чапаеве. Імя Ч. было прысвоена 25-й стралк. дывізіі; на Беларусі названы вуліцы, калгасы і саўгасы; у яго гонар у гады Вял.Айч. вайны на Беларусі яго імя насілі 7 партыз. брыгад і дзесяткі атрадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВАЯ РЭФО́РМА,
рэформа чыншавых сялян Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны, праведзеная царскім урадам паводле закона ад 9.6.1886. Чыншавыя пазямельныя адносіны ў сельскай мясцовасці гэтых рэгіёнаў былі ліквідаваны. Чыншавікоў пераводзілі на абавязковы выкуп. Выкупныя плацяжы іх былі, як правіла, вышэйшыя за плацяжы б. панскіх сялян. Пазыка за некат. выключэннямі выдавалася ў поўным аб’ёме. Чыншавікі захоўвалі за сабой сервітутнае права (гл.Сервітуты). Для доказу права на спадчынную арэнду зямлі яны павінны былі падаць пэўныя дакументы ці паказанні сведак. Чыншавікі, якія даказалі арэндныя правы на займаемыя займаныя* імі зямельныя ўчасткі, па добраахвотнай згодзе з памешчыкамі маглі на працягу 3 гадоў выкупіць іх або замяніць чыншавае трыманне простай арэндай. Чыншавікоў-мяшчан, якія перайшлі на выкуп, прыпісвалі да валасцей. Чыншавых правоў былі пазбаўлены арандатары, якія не мелі адпаведных дакументаў ці не падалі паказанняў сведак на спадчыннае карыстанне зямлёй, а таксама чыншавікі, што карысталіся ёй толькі на працягу апошніх 10 гадоў да рэформы 1886. Арандатараў, пазбаўленых гэтых правоў, памешчыкі зганялі з зямлі або замянялі чыншавае трыманне часовай арэндай. На Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне з 58 тыс. чыншавікоў, якія атрымалі права выкупу, нават на канец 1903 больш за палову не выкарысталі яго. Да 1898 у 5 зах. губернях з 21 238 прашэнняў чыншавікоў ранейшыя правы на зямлю пав. чыншавыя камісіі прызналі толькі ў 3479 (16,4%) выпадках. Пераважная большасць чыншавікоў была пазбаўлена арандаваных імі зямельных угоддзяў.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЫ БЕ́РАГ,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна; чыг. ст. на лініі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 26 км на ПнЗ ад г. Жлобін, 119 км ад Гомеля. 2445 ж., 797 двароў (2003). Чырвонабярэжскі крухмала-патачны завод, лясніцтва. Чырвонабярэжскі аграрны каледж. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, 2 аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Чырвонабярэжская сядзіба.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяло ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. ва ўладанні М.С.Гатоўскага, потым Козел-Паклеўскага. У 1845 у Сцяпоўскай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ., 18 ж., вадзяны млын. У 1870—200 ж., у 1897—362 ж., хлебазапасны магазін, заезны дом. З пабудовай чыгункі Бабруйск—Гомель у 1873 каля вёскі адкрыта чыг. станцыя. У 1890—93 пабудавана Чырвонабярэжская сядзіба. З 1914 дзейнічала паштова-тэлегр. аддзяленне. У 1920 засн.с.-г. вучылішча, у 1922 на яго базе с.-г. тэхнікум. У 1931 створаны крухмала-патачны завод. З 14.8.1937 цэнтр Чырвонабярэжскага с/с Жлобінскага р-на, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў 1943 партызаны разграмілі ў Ч.Б. фаш. гарнізон. У 1962 да вёскі далучаны пасёлак вучэбнай гаспадаркі «Чырвоны Бераг», у 1974 — вёска Прыстань (з далучанымі да яе ў 1966 пасёлкамі крухмальна-патачнага з-да і чыг. станцыі Чырвоны Бераг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПЯЛЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і унітарнага камунальнага с.-г. прадпрыемства. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Круглае, 60 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Слаўнае. 401 ж., 155 двароў (2003). Лясніцтва, лесагасп. прадпрыемства «Цяцерына». Сярэдняя школа-сад, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У ВКЛ вядомы з 16 ст. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67рас. армія на чале з кн. А.М.Трубяцкім у жн. 1654 каля Ш. разбіла войскі літ. гетмана Я.Радзівіла. З 1772 у Рас. імперыі. У 1779 пабудавана царква. З 1827 мястэчка ў Магілёўскім пав., 570 ж. У 1848—134 двары. У 1863 адкрыта царк.-прыходская школа. З 1867 быў маёнтак (1606 дзесяцін зямлі, бровар, вадзяны млын, карчма). У 1897—907 ж., 139 двароў, у Цяцерынскай вол. Магілёўскага пав., царк.-прыходская і яўр. малітоўная школы, хлебазапасны магазін, заезны дом, царква. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета. У 1924—35 і ў 1959—66 у Бялыніцкім, у 1935—59 і з 1966 у Круглянскім р-нах. У 1926—1009 ж., 204 двары, у 1940—686 ж., 162 двары. У Вял.Айч. вайну 5.12:1942 партызаны 8-й Круглянскай брыгады разграмілі ў Ш. ням. гарнізон. У 1944 ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 163 жыхары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦК,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Шаць, каля аўтадарогі Мар’іна Горка—Узда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПдЗ ад г. Мар’іна Горка, 68 км ад Мінска, 28 км ад чыг. ст. Рудзенск. 773 ж., 324 двары (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядомы з 1492 як уласнасць Кішкаў, потым Радзівілаў. У 16 ст. ў Ш. пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. Мінскай губ. З 1800 у Ш. працавалі цагельны і чарапічны з-ды, з 1863 — вадзяны млын, нар. вучылішча, яўр. школа, бальніца, 5 крам. З 1879 належаў Гамуліцкім. У 1886 у Ш. 184 ж., 27 двароў, валасное праўленне, царква, нядзельныя таргі і адзін раз у год кірмаш; у 1897—967 ж. У пач. 20 ст. каля Ш. былі 2 маёнткі: Шацк (38 ж., 1 двор) і Стары Шацк (28 ж., 4 двары). У 1917 у мястэчку 1121 ж., 166 гаспадарак. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Шацкага раёна Мінскай акр., з 4.8.1927 да 6.7.1935 і з 1.4.1960 цэнтр сельсавета Пухавіцкага, з 6.7.1935 да 11.2.1938 — Смілавіцкага, з 12.2 да 6.7.1935 і з 11.2.1938 — Рудзенскага р-наў, з 20.2.1938 у Мінскай вобл. З 1935 вёска. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Ш. больш за 800 чалавек. З 20.1 да 1.4.1960 у Уздзенскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАГЛО́Ў-КУЛІКО́ВІЧ, Шчаглоў Мікалай Мікалаевіч (4.4.1893, Смаленшчына, паводле інш. крыніц 1896 ці 1897, Масква — 31.3.1969), бел. кампазітар, муз. і тэатр. дзеяч. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1920-я г., кл. М.Іпалітава-Іванава). Працаваў на Украіне, Смаленшчыне. Адзін з арганізатараў Мінскага опернага т-ра, дырыжор яго сімф. аркестра. З 1936 рэдактар на Бел. радыё ў Мінску. У час акупацыі ўзначальваў муз.аддз.Беларускага культурнага згуртавання. З 1944 у Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым кіраўнік канцэртнай групы пры ням. Мін-ве па справах акупіраваных усх. тэрыторый, дырэктар і маст. кіраўнік арганізаванага ім вандроўнага Бел.т-ра эстрады. З 1950 у ЗША. У сваіх творах звяртаўся да гіст. мінулага бел. народа. Аўтар опер «Кацярына» (1941), «Лясное возера» (паст. 1942), «Усяслаў Чарадзей» (паст. 1943), аперэты «У вырай»; сімфоній, сімф. сюіт, канцэртаў, песень, рамансаў на словы Н.Арсенневай, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, У.Жылкі, Я.Купалы і інш., твораў царк. музыкі, апрацовак бел.нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і інш. Укладальнік «Беларускіх песенных зборнікаў» (1954, 1955, 1960), зб-каў «Калядоўшчыкі» (1961), «Родныя матывы» (1967). Аўтар тэарэт. прац «Беларуская песня» (1942, не апубл.), «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (1953), «Беларуская савецкая опера» (1957). Асабісты архіў захоўваецца ў Бел.б-цы і музеі імя Ф.Скарыны ў Лондане.
Літ.:
Калубовіч А. Мікола Шчаглоў (Куліковіч) // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня; Мн., 1993;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997. С. 387—395.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧО́РСЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог на Любчу, Івянец, Карэлічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на У ад г. Навагрудак, 190 км ад Гродна, 47 км ад чыг. ст. Наваельня. 614 ж., 294 двары (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, і М.А.Шчорсу. Помнікі архітэктуры: Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква і Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс.
Вядомы з сярэдзіны 15 ст. як уладанне Храбтовічаў (Храптовічаў). З 15 ст. ў Ш. існавала царква св. Дзмітрыя (Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква), з 2-й пал. 18 ст. — Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс. У 1789 у вёсцы Ш. 2541 ж., 484 дымы, парафіяльная школа. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1882 у Ш. існавала ланкастэрская школа на 300 сял. хлопчыкаў. У час паўстання 1830—31 двор Ш. захоплены паўстанцамі. У 1845 у маёнтку Ш. 62 вёскі (8524 душы прыгонных сялян, 1130 двароў), 20 513 дзесяцін зямлі. У 1897 у сяле Ш. 41 ж., 7 двароў, вучылішча, 2 царквы, карчма, валасное праўленне. З 1921 Ш. ў складзе Польшчы, вёска, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 400 ж, у фальварку Ш. 108 ж. (1921). З 1939 у БССР, вёска, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага р-на Баранавіцкай, з 1954 Гродзенскай вобл., з 1956 цэнтр сельсавета Навагрудскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ХТА (англ. yacht ад галанд. jagen гнаць, праследаваць),
паруснае, маторнае або парусна-маторнае судна для воднага спорту, турызму, прагулак. Найб. пашыраны парусныя Я. Яхтамі наз. малыя парусныя судны незалежна ад іх памераў і канструктыўнага тыпу.
Парусныя Я. падзяляюцца на крэйсерскія, разлічаныя на далёкія плаванні і гонкі ў адкрытым моры, гоначныя (прагулачныя) — для плавання на азёрах і рэках у прыбярэжнай зоне і вучэбныя; паводле формы корпуса — на кілявыя, у якіх днішча пераходзіць у баластны кіль (павышае астойлівасць Я.), мелкасядзячыя, з высоўным кілем (швертам — швертботы) і кампрамісы, якія маюць баластны і высоўны кілі. Да маторных Я. адносяць катэры з рухавікамі ўнутр. згарання, даўжынёй больш за 8 м, з камфартабельнымі каютамі. Парусна-маторныя Я. маюць звычайнае паруснае аснашчэнне і рухавік. Існуюць Я. 2-корпусныя (катамараны) і 3-корпусныя (трымараны), адна- і мнагамачтавыя. Спарт. парусныя Я. падзяляюць на класы, у якія аб’яднаны аднолькавыя па канструкцыйных (абводы корпуса, плошча парусоў і інш.) і хадавых якасцях судны. Вядомыя з 17 ст.
На Беларусі найб. развіццё атрымалі спарт. масавыя класы Я.: «Лазер», «470», «Еўропа», «Фін», парусная дошка «Містраль». Актыўна развіваюцца Я. міжнар. класаў «Аптыміст», «Кадэт», «Прамень-міні», папулярныя Я. класа «Мікра». У стандартны камплект алімпійскай Я. ўваходзяць корпус, мачта, гік, ветразі, рулявое прыстасаванне, шверт (кіль), такелаж (шкоты, брасы, фалы і інш.). Гл. таксама Парусны спорт.
У.М.Сацута, А.Ю.Сполан.
Схема корпуса яхты і яе папярочнага сячэння: а — яхты з высоўным кілем; б — кілевай яхты; в — яхты кампраміс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМУ́ШКА Уладзімір Іванавіч (н. 1.1.1952, в. Падгайна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, дзярж. дзеяч Беларусі. Канд.гіст.н. (1988). Скончыў БДУ (1973). У 1975—90 у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік» ЦК ЛКСМБ, К-це маладзёжных арг-цый Беларусі, Мінскай вышэйшай парт. школе. З 1991 нач. аддзела, нам. старшыні Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, з 2002 старшыня Нац. цэнтра па архівах і справаводстве (з ліп. 2002 К-т па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь). Чл. Кантрольнага савета Бел.рэсп. фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне» (1993—2003), старшыня навук.-кваліфікацыйнай камісіі па вызначэнні (пацвярджэнні) статусу месц прымусовага ўтрымання грамадзян на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну, прадстаўнік урада Рэспублікі Беларусь у Апякунскім савеце (Кураторыуме) фонду «Памяць, адказнасць і будучыня», нам. старшыні Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў Вял.Айч. вайны 1941—45 пры СМ Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы паліт. рэпрэсій 1920—50-х г. на Беларусі і рэабілітацыі іх ахвяр, вывазу цывільнага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію і яго рэпатрыяцыі на радзіму пасля вайны. Сааўтар кніг «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Памілуйце...» (1992, з Н.Івановай), «Беларускія остарбайтэры» (кн. 1—3, 1996—98), «Перад крутым паваротам», «Даведніка аб месцах прымусовага ўтрымання цывільнага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі 1941—1944» (абедзве 2001) і інш.Дзярж. прэмія 2002.
Тв.:
Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. Мн., 1994;
Белорусские остарбайтеры: Ист.-аналит. исслед. Мн., 2001 (у сааўт.).