РУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РННА),

вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР і рус. эмігрантаў, створанае ў пач. 1942 пры групе ням. армій «Цэнтр» у Вял. Айч. вайну. Паводле ням. дакументаў, мела таксама назвы «рускі батальён спец. прызначэння», «падраздзяленне абвера 203», «злучэнне «Граўкопф». Кіраўнік б. эмігрант інж. С.​Н.​Іваноў. Асн. задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў. Камплектаванне РННА вялося ў лагерах ваеннапалонных у Барысаве, Смаленску, Рослаўлі, Вязьме. Дыслацыравалася ў г.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., дзе размяшчаліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралк. батальён, навучанне асабовага складу якога вялося па статутах Чырв. Арміі, быў сфарміраваны ў Шклове (лагер «Волма»). Пасля няўдалых антыпартыз. аперацый восенню 1942 РННА узначалілі б. сав. палк. В.​І.​Баярскі і брыгадны камісар Г.​Н.​Жылянкоў (будучы паплечнік ген. А.А.Уласава). Яны імкнуліся стварыць К-т вызвалення Радзімы і Рус. нар. армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т.зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе 5 некамплектных усх. батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. байцоў). Пасля цяжкіх паражэнняў пад Вял. Лукамі (Расія) і ад бел. партызан (Мінская вобл.) перафарміравана ў 700-ы ўсх. полк асобага прызначэння. Пасля таго, як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў», злучэнне расфарміравана ў канцы 1943.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛЕ́ЕЎ (Кандрат Фёдаравіч) (29.9.1795, с. Батава Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл. — 25.7.1826),

рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1814). Удзельнік замежных паходаў рус. арміі 1814—15. З 1818 у адстаўцы. З 1821 у Пецярбургу засядацель крымінальнай палаты, з 1824 у канцылярыі «Расійска-амерыканскай гандлёвай кампаніі». У 1823—25 з А.​Бястужавым выдаваў альманах «Полярная звезда». З 1823 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, адзін з кіраўнікоў паўстання 14.12.1825 на Сенацкай плошчы. Павешаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Друкаваўся з 1820. Стварыў узоры грамадз. паліт. лірыкі («Грамадзянін», «Бястужаву»). У гіст. думах «Іван Сусанін», «Смерць Ермака» свабодалюбівыя патрыят. ідэі. Аўтар агітацыйных супрацьурадавых песень (разам з Бястужавым), любоўнай лірыкі, паэм «Налівайка» (не завершана), «Вайнароўскі» (1825). У 1815 жыццёвы шлях Р. быў звязаны з Беларуссю: ён служыў у мяст. Сталовічы Баранавіцкага р-на (тут адбываліся яго сяброўскія сустрэчы з Т.​Занам) і ў Нясвіжы. Матэрыялы пра яго зберагаюцца ў Валеўскім нар. краязнаўчым музеі. На бел. мову думу Р. «Смерць Ермака» пераклаў У.​Дзюба, думу «Рагнеда» — Г.​Кажамякін.

Тв.:

Полн. собр. соч. М.; Л., 1934;

Полн. собр. стихотворений. Л., 1971;

Соч. Л., 1987.

Літ.:

Афанасьев В.В. Рылеев: Жизнеописание. М., 1982;

Мінскевіч С. Ён мог стаць такім жа, як і яны // Першацвет. 2000. № 2/3.

К.Ф.Рылееў.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́ЗНІКІ рымскія

(socii),

абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл. Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-й пал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл. Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э. рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.

Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).

Літ.:

Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;

Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э. М., 1971.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),

служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), з вер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.​Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1920, 1921,

узброеныя выступленні палякаў Верхняй Сілезіі (знаходзілася ў складзе Германіі) з мэтай далучэння рэгіёна да адноўленай польскай дзяржавы пасля 1-й сусв. вайны. Паўстанне 1919 пачалося стыхійна 17 жн. і адбывалася пераважна як лакальныя выступленні ў паўд.-ўсх. частцы Верхняй Сілезіі атрадаў падп. Польскай арганізацыі вайсковай. Не падтрыманае ўрадам Польшчы, ліквідавана герм. войскамі. Паўстанне 1920 адбылося 18—28 жн. ў сувязі з абвастрэннем у краі міжнац. адносін (антыпольск. акцыі немцаў). Паўстанцы патрабавалі ліквідацыі тут ням. узбр. арг-цый, стварэння «польскай грамадз. аховы» і інш. Яны авалодалі шэрагам паветаў. Пасля прыняцця Міжсаюзніцкай камісіяй дзяржаў, што перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, рашэння аб стварэнні змешанай паліцыі, палякі спынілі паўстанне. Паўстанне 1921 (пачалося 3 мая ноччу) было рэакцыяй на неспрыяльныя для мясц. палякаў вынікі плебісцыту 20.3.1921. У ходзе паўстання баставалі 190 тыс. рабочых, з іх 60 тыс. выступілі са зброяй. Паўстанцы авалодалі шэрагам паветаў, утварылі Вярх. ўладу, Выканаўчы к-т і Гал. камандаванне, да канца чэрв. супраціўляліся герм. войскам, што прыбылі сюды. Па патрабаванні Антанты ў сярэдзіне чэрв. — 5 ліп. ваен. сілы паўстанцаў і герм. войскі эвакуіраваны з рэгіёна. С.п. 1919, 1920, 1921 падштурхнулі Савет Лігі Нацый прыняць 12.10.1921 рашэнне аб перадачы Польшчы 29% усёй тэр. Верхняй Сілезіі з 46% насельніцтва.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІ́НЫ (ад лац. vita жыццё),

група нізкамалекулярных арган. злучэнняў рознай хім. прыроды, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Выконваюць у арганізме найважнейшыя біяхім. і фізіял. функцыі абмену рэчываў; уваходзяць у састаў субклетачных структур і падтрымліваюць іх нармальную будову і функцыянаванне. Сінтэзуюцца пераважна раслінамі (гл. Вітамінаносныя расліны), грыбамі і бактэрыямі. Чалавек і жывёлы атрымліваюць вітаміны ў асн. з расліннай ежай або з прадуктамі жывёльнага паходжання. У жвачных жывёл вітаміны групы B утвараюцца мікрафлорай кішэчніка. Некаторыя вітаміны ўтвараюцца ў арганізмах чалавека і жывёл самастойна (напр., PP), але ў недастатковай колькасці, або з іх папярэднікаў — т.зв. правітамінаў. Праз сценкі страўнікава-кішачнага тракту чалавека і жывёл вітаміны паступаюць у кроў, разносяцца па ўсім арганізме і ўтвараюць шматлікія вытворныя (напр., эфірныя, амідныя, нуклеатыдныя), якія звычайна спалучаюцца са спецыфічнымі бялкамі і ўтвараюць многія ферменты (больш за 200). Многія праяўляюць сваё спецыфічнае біял. ўздзеянне пасля ператварэння ў метабалічна актыўныя формы або ўваходзяць у састаў каферментаў і адпаведных ферментаў. Нястача вітамінаў (гл. Вітамінная недастатковасць) прыгнечвае асобныя рэакцыі абмену рэчываў, аслабляе некаторыя фізіял. функцыі. Калі вітамінаў намнога больш, чым патрэбна арганізму, узнікаюць гіпервітамінозы, калі менш або яны адсутнічаюць — гіпа- і авітамінозы. Выкарыстанне арганізмам вітамінаў памяншаецца пры наяўнасці ў ежы і кармах антывітамінаў — антаганістаў, якія перашкаджаюць вітамінам праяўляць іх біял. актыўнасць. Тэрмін «вітаміны» прапанаваў польскі біяхімік К.​Функ (1912).

Вядома больш за 20 розных вітамінаў, якія маюць назвы, што характарызуюць іх хім. састаў ці фізіял. дзейнасць, таксама літарныя і лічбава-літарныя абазначэнні (напр., рэцінол — A1, тыямін — B1, рыбафлавін — B2, пантатэнавая кіслата — B3, пірыдаксін — B6, цыянкабаламін — B12, аротавая кіслата — B13, пангамавая кіслата — B15, фоліевая кіслата — Bc, аскарбінавая кіслата — C, эргакальцыферол — D2, халекальцыферол — D3, такаферолы — E, філахінон — K1, фарнахінон — K2, вікасол — K3, біяцін — H, біяфлаваноіды — P, нікацінавая кіслата, або нікацінамід — PP, ліпоевая кіслата, мезаіназіт). Часам яны маюць групавыя назвы, а асобныя прадстаўнікі гэтых груп (напр., A1 і A2, D2 і D3 і г.д.) называюцца вітамерамі. Па растваральнай здольнасці вітаміны падзяляюцца на тлушча- і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны групы A, D, E, K, Q, якія звычайна дэпануюцца ў тканках. Большасць водарастваральных вітамінаў у выглядзе фосфарных эфіраў выконваюць ролю каферментаў або ўваходзяць у састаў больш складаных каферментаў. Да гэтай групы належаць вітаміны групы B — B1, B2, B3, B5, B6, B12, H, PP, U; ліпоевая, фоліевая і аскарбінавая к-ты. Вельмі багатыя вітамінамі дрожджы, лісцевая агародніна, ягады.

Вітаміны атрымліваюць хім. і мікрабіял. сінтэзам, таксама з прыродных крыніц (гл. Вітамінная прамысловасць). Выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі для прафілактыкі і лячэння гіпа- і авітамінозаў, інш. хвароб, карэкцыі абменных працэсаў у арганізме (вітамінатэрапія), вітамінізацыі прадуктаў харчавання і кармоў (гл. Вітамінныя кармы) і інш. Вітаміны вывучае Вітаміналогія.

Літ.:

Березовский В.М. Химия витаминов. 2 изд. М., 1973;

Витамины. М., 1974;

Овчаров К.Е. Витамины растений. М., 1964;

Экспериментальная витаминология: (справ. руководство). Мн.. 1979.

В.​К.​Кухта.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,

вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял. кн. ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс. чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс. чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.

Літ.:

Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;

Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;

Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;

Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;

Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.

Ю.​М.​Бохан.

Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.​Басалыгі. 1989.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́НА (ад франц. moraine),

марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).

Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.

На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.

Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САД у садова-паркавым мастацтве,

зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч. азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз. скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.

Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.

На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст. гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).

Літ.:

Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;

Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;

Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.

В.​Р.​Анціпаў, А.​В.​Сычова.

Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).
Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.
Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).
Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.

т. 14, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)