бел. скульптар, архітэктар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (1952). Творчасці ўласціва арган. спалучэнне скульптуры і архітэктуры. У 1956—59 стварыў (у сааўт.) шэраг помнікаў воінам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; выканаў медальёны «Вызваленне Мінска», «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», «Манумент героям Айчыннай вайны», абеліск з рэльефнымі выявамі воінаў у гонар вызвалення г. Жлобін ад ням.-фаш. захопнікаў; скульптурную групу «Марыя і Антаніна Лузгіны — обальскія камсамолкі-падпольшчыцы» (1964); фрыз і барэльеф «Партызаны» ў кінатэатры «Партызан» у Мінску (1967), рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач (1967—68), помнік сав. воінам і партызанам (1975, г.п. Астравец Гродзенскай вобл.), скульптурная група «Плыўцы» (1976) у пансіянаце на воз. Нарач. Аўтар партрэтаў архітэктараў М.Бакланава, С.Баткоўскага (абодва 1973) і інш.
Ф.І.Валадзько.
Я.Печкін. Рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач. 1967—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛАВА,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́ЧНАЕ,
вёска ў Слабада-Кучынскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. на левым беразе р. Нёман. Цэнтр саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Капыль, 93 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 620 ж., 269 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як мястэчка Капыльскага княства ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, з 17 ст. — Радзівілаў. Паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста Алелькавічам мяшчане П. карысталіся правам «людзей вольных». З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі ў Магільнянскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1849 мела паромную пераправу, прыстань, 2 млыны, склады для лесаматэрыялаў, існаваў выраб лёгкіх суднаў («шугалеяў»). У пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав. З 1924 вёска, да 1963 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю»
(«Erntefest»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Грэскім, Капыльскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну ў студз.—лютым 1943. Праводзілася на У і З ад аўтадарогі Мінск—Слуцк 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11 ахоўнымі і паліцэйскімі батальёнамі, 3 камандамі СД у складзе айнзатцгрупы паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі «Беларусь». Спроба гітлераўцаў акружыць і знішчыць партыз. фарміраванні правалілася, таму што ўмелымі тактычнымі манеўрамі партызаны выйшлі з блакіраваных раёнаў. У час аперацыі карнікі расстралялі 4325 чал., вывезлі ў Германію больш за 1300 чал., спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Жавалкі (загубілі 512 чал.), Калодзезнае (196 чал.) Капыльскага, Адамова (190 чал.) Слуцкага р-наў; захапілі і вывезлі больш за 2800 галоў буйн. раг. жывёлы, 1500 авечак, 438 т збожжа, вял. колькасць насення лёну і канапель, шкур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НІЦА, Сенніца,
вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 2 км на Пд ад ускраіны Мінска, 3 км ад чыг. ст. Калядзічы. 203 5 ж., 601 двор (2001). Мінскі аграрна-камерцыйны каледж, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, паліклініка, аптэка, дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Свята-Петрапаўлаўская царква (1861—65).
Вядома з 1567 як сяло. Уласнасць Ж.С.Драгачовіча, С.І.Дастаеўскага, П.Р.Горскага, К.Друцкага-Горскага, Паўлікоўскага, Тарчынскіх. З 1791 цэнтр маёнтка Каралішчавіцкай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі. У 1861 вёска С. — цэнтр Сеніцкай вол. Мінскага пав. У 1897—253 ж., 35 двароў, 2 царквы, нар. вучылішча, дзе ў 1889—90 вучыўся Я.Купала; у маёнтку 84 ж. З 1924 цэнтр сельсавета Самахвалавіцкага р-на, з 1931 у падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв.ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,
горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс.ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс.ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),
горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф.прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).
У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст.ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́НІЧЫ,
вёска ў Бярозаўскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад Докшыц, 230 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Параф’янава. 429 ж., 152 двары (1996).
Упершыню згадваюцца ў 1567. У розны час належалі Манівідам, А.Судзімонтавічу, С.Б.Мантоўту, Хмялеўскім, Карказевічам, Навамейскім і інш. У 17 ст. Вітунічы — невял. мястэчка (32 мяшчанскія пляцы), дзе быў панскі фальварак (20 валок). У 2-й пал. 19 ст. — цэнтр воласці Барысаўскага пав. Мінскай губ., сяло з царквой. З 1924 вёска — цэнтр сельсавета ў Бягомльскім р-не. У Вял.Айч. вайну 30.5.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 124 жыхары. З 1960 у Докшыцкім р-не. 190 ж. (1970).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік ахвярам фашызму. Паблізу вёскі знаходзіўся каменны крыж з надпісам «Rex Stefan Batory» («Кароль Стафан Баторый»; зберагаецца ў Музеі валуноў Ін-та геал. навук АН Беларусі ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.