БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).

У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.

Куток Бабаўнянскага парку.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1975 як Мінскі ін-т культуры, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: бібліятэчна-інфарм. сістэм, культуралогіі, маст. творчасці, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1990. З 1995 працуюць 2 саветы па абароне доктарскіх і канд. дысертацый. У складзе ун-та лінгва-гуманітарны каледж. Мае лабараторыі бел. танц. творчасці, нар. рамёстваў, псіхадыягностыкі і рэабілітацыі асобы сродкамі мастацтва, па аднаўленні і вырабе нар. інструментаў («Беларуская хатка»), размнажальнай тэхнікі; філіял ун-та ў Мазыры. Адзін з заснавальнікаў час. «Тэатральная творчасць».

Галоўны корпус Беларускага універсітэта культуры.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМЕНТА́ЛЬ-ТАМА́РЫНА (дзявочае Клімава) Марыя Міхайлаўна

(16.7.1859, С.-Пецярбург — 16.10.1938),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1887. У 1901—14, 1921—32 у Маскоўскім т-ры Корша, з 1933 у Малым т-ры. Выконвала пераважна ролі старых: Галчыха, Анфуса («Без віны вінаватыя», «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.​Талстога), Матылькова («Слава» В.​Гусева) і інш. Мастацтва Блюменталь-Тамарынай вызначалі шчырасць, мяккі гумар, адметная акцёрская тэхніка, здольнасць унутр. пераўвасаблення. З 1915 здымалася ў кіно, у т. л. ў бел. фільмах «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» (1937).

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМА́ЙЦІС ((Adomaitis) Рэгімантас) (н. 31.1.1937, г. Шаўляй),

літоўскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.​Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.​Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІ імя А.​В.​Аляксандрава,

вялікі армейскі мастацкі калектыў; даў пачатак развіццю новага віду масавага мастацтва — ансамбля песні і танца. Створаны ў 1928 пры Цэнтр. Доме Чырв. Арміі, з 1978 акадэмічны. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.В.Аляксандраў, у 1946—86 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.А.Аляксандраў.

У рэпертуары творы рас. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі, нар. песні і танцы, творы рус. і замежнай класікі. Найб. папулярнасць у выкананні ансамбля набылі песні «Свяшчэнная вайна» А.​В.​Аляксандрава і «Калінка» ў яго апрацоўцы. У складзе ансамбля мужчынскі хор, аркестр і танц. група.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.​Зерфюсам і П.​Л.​Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШ (Яша) (сапр. Анісяровіч Янка; н. 12.11.1929, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і мастак. Жыве ў Польшчы. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтва (1957). Дэбютаваў вершамі ў беластоцкім зб. «Рунь» (1959). Аўтар паэт. кнігі «Прамень думкі» (Беласток, 1964). Друкаваўся ў альманаху «Белавежа» (1965, 1971) і інш. Вершы Бурша пра складаны духоўны свет сучаснага чалавека, выбар ім шляхоў у грамадстве, інтымныя пачуцці. Шмат месца займае пейзажная лірыка. Паэтычная мова Бурша ўскладненая, разлічана на вобразна-асацыятыўнае мысленне чытача. Адзін з арганізатараў бел. літ.-маст. руху на Беласточчыне. Жывапісныя творы Б. выстаўляліся ў Польшчы і за мяжой.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАКО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.9.1921, в. Ніжняя Валшанка Лузскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. тэатр. педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1953). Засл. дз. маст. Беларусі (1980).

Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1953 у Бел. акадэміі мастацтваў, дзе паставіў спектаклі: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ішла вайна» паводле твораў В.​Быкава, «Дачнікі», «На дне», «Варвары» М.​Горкага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага і інш. Аўтар манаграфіі «Мастацтва жыццёвай праўды» (1957) пра творчы шлях т-ра імя Я.​Купалы ў 1920—40-я г., артыкулаў па пытаннях т-ра і выхавання акцёраў.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫСТРЫ́ЦКАЯ (Эліна Аўраамаўна) (н. 4.4.1928, Кіеў),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. маст. імя І.​Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.​Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.​Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.​Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ (Гафар Рустамавіч) (н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),

таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.​Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.​Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.​Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.​Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)