РУТ ((Root) Эліў) (15.2.1845, г. Клінтан, штат Нью-Йорк, ЗША — 7.2.1937),

дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў юрыд. школу пры Нью-Йоркскім ун-це (1867). Працаваў юрыстам, у 1883—85 пракурор Паўд. акругі г. Нью-Йорк. У 1899—1904 ваен. міністр, у 1904—09 дзярж. сакратар ЗША, у 1909—15 чл. Сената ЗША. Асаблівую ўвагу аддаваў праблемам міжнар. арбітражу. У 1907 ініцыіраваў стварэнне Цэнтральнаамер. суда справядлівасці для ўрэгулявання спрэчак і канфліктаў паміж дзяржавамі Карыбскага басейна. Чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. У 1910—24 прэзідэнт Міжнар. фонду міру імя Карнегі, які вывучаў прынцыпы войнаў і шляхі іх прадухілення. Нобелеўская прэмія міру 1912.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́К (Алесь) (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё. У 1966—72 у сакратарыяце Прэзідыума Вярх. савета СССР, адначасова выкладаў бел. мову ў Літ. ін-це імя М.​Горкага. З 1972 нам. адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Аўтар зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), рамана «Трэба было жыць» (1990), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Тв.:

Што пасееш...: Аповесць, апавяданні. Мн., 1982.

т. 13, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫГІ́ДНАСЦЬ (ад лац. rigidus цвёрды),

1) у фізіялогіі — функцыянальны стан шкілетных мышцаў, які характарызуецца рэзкім павышэннем іх тонусу і супраціўляльнасцю дэфармуючым намаганням. У чалавека ўзнікае пры парушэннях, пашкоджанні дзейнасці ц. н. с. і паталаг. раздражненні перыферычных нерваў. Напр., пры атручэнні некат. ядамі, захворваннях нерв. сістэмы, таксама пад гіпнозам узнікае стан пластычнага тонусу: мышцы становяцца воскападобнымі, таму канечнасцям можна лёгка надаць любое становішча на працяглы час. 2) У медыцыне — нягнуткасць, здранцвеласць, выкліканая напружаннем мышцаў. Стан, пры якім зніжана прыстасавальнасць, пераключальнасць псіхічных працэсаў да зменлівых патрабаванняў асяроддзя. Пластычны тонус мышцаў характэрны для асаблівага стану нерв. сістэмы, які наз. васковай Р., або каталепсіяй.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖАНКО́Ў (Ягор Васілевіч) (20.4.1923, в. Дуброўка Невельскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 4.10.1988),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1974), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1954), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1959). З 1959 у Мінскай вышэйшай парт. школе (у 1973—86 прарэктар). У 1986—88 у Бел. НДІ эканам. праблем аграпрамысл. комплексу. Навук. працы па праблемах эканам. і сац. развіцця, эфектыўнасці і рэнтабельнасці с.-г. вытв-сці.

Тв.:

Валовой и чистый доход колхозов. М., 1969;

Рентабельность производства и накопление в колхозах. М., 1972;

Все для блага человека. Мн., 1982.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-БЕРМЕ́ХА (Río Bermejo),

1) рака на Пн Аргенціны, правы прыток р. Парагвай. Даўж. каля 1,6 тыс. км, пл. басейна 133 тыс. км². Вытокі ў Балівіі, на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па іх перадгор’ях (каля 100 км), далей — па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У сярэднім цячэнні на працягу амаль 400 км цячэ ў рэчышчы свайго былога прытока Тэўка. Летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады 340 м³/с. Суднаходная для невял. суднаў да г. Прэсідэнсія-Рока.

2) Рака на З Аргенціны ў бас. Рыо-Салада—Чадылеўву. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на ўсх. схілах Андаў, па выхадзе ў перадгор’і перасыхае амаль на ўсім працягу.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ХТЭР (Андрэй Аляксандравіч) (15.8.1871, г.п. Кураўской Калужскай вобл, Расія — 9.4.1947),

расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін. Акад. АН СССР (1932; чл.-кар. 1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893) і працаваў у ім. З 1917 праф. Пермскага, Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў. У 1934—38 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па фотасінтэзе, засуха- і зімаўстойлівасці раслін, устойлівасці іх да засольвання глебы, па біяхіміі тэхн. культур, імунітэце раслін да грыбковых хвароб, па пытаннях браджэння. Распрацаваў метад вызначэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу, выкарыстаў перарывістае (мігальнае) святло для вывучэння яго механізму. Эксперыментальна праверыў і ўдасканаліў тэорыю храматычнай адаптацыі В.​Т.​Энгельмана.

т. 13, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭГА́ТА»

(«Regatta»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл. 4—7.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася ням. 36-м ахоўным палком, сіламі старшага нач. СС і паліцыі Расія—«Цэнтр», у т. л. батальён паліцэйскага палка, роты мінамётная, танк., сувязі, батальёны паліцэйскі і асобны Дырлевангера, спец. сапёрныя падраздзяленні. Карнікі блакіравалі ўсе лясныя масівы і нас. пункты на З ад Дрыбіна і на ПнЗ ад Горак. Партызанам і ч. мясц. жыхароў удалося вырвацца з блакады. Гітлераўцы загубілі шмат мясц. жыхароў, разрабавалі і спалілі вёскі. У в. Добрая, Машкова, Рэкатка яны пакінулі паліцэйскія падраздзяленні для стварэння гарнізонаў.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІЯМАНТА́Н [новалац. Regiomontanus; сапр. Мюлер

(Müller) Іаган] (6.6.1436, г. Кёнігсберг, Германія, цяпер г. Калінінград, Расія — 6.7.1476),

нямецкі астраном і матэматык. У 1461—68 жыў у Італіі, дзе вывучаў творы грэч. матэматыкаў і астраномаў. У 1468—71 праф. Венскага ун-та. Заснаваў адну з першых у Еўропе астр. абсерваторый (г. Нюрнберг, 1471), пры якой існавалі майстэрня па вырабе астр. інструментаў і друкарня. У 1475 па запрашэнні папы пераехаў у Рым для ўдзелу ў работах па ўдасканаленні календара. Аўтар першых друкаваных астр. табліц, якімі карысталіся В. да Гама, Х.​Калумб і інш. мараплаўцы.

Літ.:

Белый Ю.А. Йоганн Мюллер (Региомонтан), 1436—1476. М., 1985.

А.​І.​Балсун.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ у Мінску.

Узводзілася ў 1939—41, завершана ў 1947 (арх. А.​П.​Воінаў, У.​М.​Вараксін) як будынак ЦК КПБ. З 1992 тут размяшчаўся Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь, з 1996 сучасная назва. Цэласны 6-павярховы аб’ём пастаўлены на масіўны гранітны (чырвоны) цокаль. Будынак па перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам. Упершыню ў краіне выкарыстаны зборныя жалезабет. пліты для перакрыццяў. У 1976 да цэнтр. аб’ёму прыбудаваны правае, у 1986 — левае крылы, у 1988 — аб’ём, які злучыў іх з боку вул. Кірава (арх. П.​Кракалёў); яны паўтарылі кампазіцыю цэнтр. аб’ёму.

А.​А.​Воінаў.

Будынак Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальны біял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаў — кан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)