літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл.Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) зг. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап.культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л. п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаў (у франц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.
На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна зкірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел. пісьменнікі (Я.Чачот, П.Багрым, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус.грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;
Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,
сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці і сац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам, аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі і г.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі і інш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),
вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.
Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).
На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Пятровіч) (26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),
рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл.Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.Паленава, У.Макоўскага, І.Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац.маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),
выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным засн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр.Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),
бел. спявак (лірычны тэнар). Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930, педагогі В.Цвяткоў і А.Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у Айч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны).
Літ.:
Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.М.Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным зафіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,
грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).
На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.
палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс.чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.