РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,

прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш. неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.

т. 13, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАМБІНА́ЦЫЯ ў фізіцы,

звязванне свабодных носьбітаў зараду процілеглага знака; працэс, адваротны іанізацыі. Напр., у выніку Р. электронаў і дадатна зараджаных іонаў (катыёнаў) у газавай плазме ўтвараюцца нейтральныя атамы ў асноўным ці ўзбуджаным стане (гл. Узроўні энергіі). У крышт. паўправадніках Р. дэлакалізаваных электрона і дзіркі (электроннай вакансіі) адбываецца ў выніку пераходу электрона з зоны праводнасці ў валентную зону (гл. Зонная тэорыя). Пры гэтым лішак энергіі можа вылучацца ў выглядзе выпрамянення фатонаў (выпрамяняльная Р.; вызначае механізм дзеяння паўправадніковых лазераў і святловыпраменьвальных дыёдаў) ці безвыпрамяняльна перадавацца ваганням крышт. рашоткі, дамешкавым атамам і інш.

М.​А.​Паклонскі.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаў або фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́СТАЛА (ад грэч. systolē сцісканне, скарачэнне),

рытмічнае сцісканне (звужэнне) поласцей сэрца, якое выклікаецца скарачэннем мышцаў перадсэрдзяў ці жалудачкаў. Адначасова памяншаецца аб’ём крыві, што ў іх знаходзіцца. Пры С. перадсэрдзяў кроў паступае з іх у жалудачкі, пры С. жалудачкаў нагнятаецца ў артэрыяльную сістэму. У чалавека пры рытме 75 скарачэнняў за 1 мін С. перадсэрдзяў доўжыцца 0,1 с, жалудачкаў — 0,3 с, за адну С. сэрца выкідвае ў крывацёк 60—70 мл крыві (сісталічны, ці ўдарны, аб’ём), за суткі — 7,2 тыс. л (больш за 100 тыс. скарачэнняў). Па дзеянні С. процілеглая дыястале. Паслядоўныя С. і дыястала складаюць сардэчны цыкл.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РТАВЫ КО́МПЛЕКС касмадрома,

частка касмічнага комплексу, якая забяспечвае дастаўку ракеты-носьбіта з касмічным апаратам з тэхн. пазіцыі на стартавую, устаноўку іх на пускавое ўстройства (стартавы стол), запраўку ракеты-носьбіта палівам, выпрабаванні, выкананне ўсіх тэхнал. аперацый па падрыхтоўцы да пуску, пуск, сачэнне на актыўным участку палёту. Уключае тэхнал. абсталяванне, збудаванні з тэхн. сістэмамі, пад’язныя пуці. Мае 1 ці некалькі пускавых установак, цэнтр кантролю і кіравання пускам, дапаможныя службовыя збудаванні і пляцоўкі. Бывае стацыянарны ці перасовачны. Адрозненне паміж С.к. вызначаецца тыпам ракет, якія з іх запускаюцца. Гл. таксама Касмадром.

У.​С.​Ларыёнаў.

Стартавы комплекс касмадрома.

т. 15, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МНІК, залатацень (Solidago),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 120 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, некалькі відаў у Паўд. Амерыцы і Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. звычайны, або залатая розга (S. virgaurea). Трапляецца ў лясах, на ўзлесках, палянах. Інтрадукаваны С. канадскі (S. canadensis) і позні (S. serotina), якія часта дзічэюць.

Шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, густааблісцелыя. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, сядзячае ці кароткачаранковае. Кветкі залаціста-жоўтыя ў дробных шматлікіх кошыках, сабраных у аднабокую мяцёлку або гронка- ці шчыткападобнае суквецце. Плод — сямянка. Лек., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сумнік: 1 — звычайны; 2 — канадскі.

т. 15, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФОРД»

(Ford),

сям’я аўтамабіляў карпарацыі «Форд мотар» і яе філіялаў у розных краінах. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1896 (масавы выпуск з 1903). Пярэднепрывадныя (некаторыя мадэлі задне- ці поўнапрывадныя), маюць бензінавы рухавік магутнасцю ад 44 да 160 кВт, 2- ці 4-дзверны 2—6-месны кузаў седан, хэтчбэк, купэ або універсал. Найб. скорасць да 220 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння выпускаюцца з 1912, маюць поўную масу да 26 т, бензінавы або дызельны рухавік магутнасцю ад 37 да 342 кВт.

Сям’я аўтамабіляў «Форд»: 1 — легкавы аўтамабіль мадэлі «Контур»; 2 — універсал мадэлі «Эскорт-Ван».

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д, фторавадарод,

злучэнне фтору з вадародам (HF).

Бясколерны газ ці вадкасць з рэзкім пахам, tпл -83, 36 °C, tкіп 19,52 °C, шчыльн. вадкага 980 кг/м³. Малекулы звычайна асацыіраваныя. Водны раствор — фторыставадародная кіслата. Рэагуе з металамі з утварэннем фтарыдаў, з аксідамі — оксіфтарыдаў ці фтарыдаў, замяшчае галагены ў галагенідах металаў. Добры растваральнік неарган. і арган. злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем флюарыту (CaF2) з канцэнтраванай сернай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, у вытв-сці хладонаў, фтарапластаў і інш. Таксічны, раздражняе дыхальныя шляхі, на скуры выклікае язвы і апёкі. ГДК у паветры 0,005 мг/м³, у вадзе 0,05 мг/л.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЗА́РЫУМ (Fusarium),

род недасканалых грыбоў гіфаміцэтаў. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Ф.: аўсовы (F. avenaceum), бузінавы (F. sambucinum), вастраспоравы (F. oxysporum), паслёнавы (F. solani), снежны (F. nivale). Сапратрофы ў глебе і на расл. рэштках, многія віды паразітуюць на наземных і падземных органах раслін, выклікаюць фузарыёзы, завяданне раслін (вілт). Некат. ўтвараюць таксіны, антыбіётыкі, фітагармоны (гіберэліны).

Міцэлій шматклетачны, паветраны, павуціністы, белы ці розных адценняў чырв. і жоўтага колеру. Канідыяносцы простыя або разгалінаваныя, адзіночныя ці сабраныя ў падушачкі. Канідыі 2 тыпаў. Некат. віды здольныя ўтвараць хламідаспоры, на міцэліі — склероцыі.

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫЙ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае агульныя ўласцівасці функцый. Падзяляецца на тэорыі функцый сапраўднай пераменнай і камплекснай пераменнай.

Асн. кірункі Ф.т. сапраўднай пераменнай: метрычная тэорыя функцый (функцыі вывучаюцца на аснове паняцця меры мноства), тэорыя набліжэння функцый (вывучае пытанні набліжанага прадстаўлення функцый з дапамогай адпаведных аналітычных сродкаў), дэскрыптыўная тэорыя функцый (асн. аб’ект вывучэння — аперацыя лімітнага пераходу). Ф.т. камплекснай пераменнай — тэорыя функцый, вобласцю вызначэння якіх з’яўляецца мноства пунктаў на камплекснай плоскасці (функцыі адной камплекснай пераменнай) ці мноства пунктаў n-мернай камплекснай эўклідавай прасторы (функцыі многіх камплексных пераменных). У вузкім сэнсе — тэорыя аналітычных функцый адной ці некалькіх камплексных пераменных.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)