птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.
Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,
млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗПаўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.
Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЮ́БР (Cervus elaphus xanthopygus),
млекакормячае роду аленяў; падвід аленя высакароднага. Пашыраны ў гарах Усх. Сібіры і Д. Усходу, на Пн і ПнУ Кітая. Насяляе дубовыя лясы, гары і высечкі, горныя лугі.
Выш. цела самцоў у карку да 145 см. Маса да 300 кг. Знешне нагадвае аленя высакароднага. Афарбоўка скуры аднатонная, чырванавата-рыжая. Дарослыя самцы маюць галінастыя рогі (маладыя неакасцянелыя рогі — панты выкарыстоўваюць для вырабу лек. прэпаратаў). Гон увосень. Цяжарнасць да 35 тыдняў. У маі—чэрв. самка нараджае 1—2 цялят І. корміцца травяністымі і дрэвава-хмызняковымі раслінамі, ягадамі, пладамі, грыбамі, лішайнікамі. Гадуюць у аленяводчых гаспадарках (для здабычы пантаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКСО́ДАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Ixodidae),
сямейства кляшчоў атр. паразітыформных. Каля 1000 вілаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. На Беларусі 12 відаў. Часовыя паразіты млекакормячых, птушак, паўзуноў, земнаводных. Адрозніваюць І.к. пашавых, гняздованоравых і прамежкавых.
Даўж. галодных кляшчоў 1—10 мм, якія лапіліся крыві — да 25 мм. Цела нерасчлянёнае, сплюшчанае. Маюць 4 пары канечнасцей. Ротавыя органы ўтвараюць галоўку, якой клешч прысмоктваецца да гаспадара на некалькі сутак. Яйцы адкладаюць на зямлю. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы і дарослай асобіны. Многія І.к. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. і паразітарных хвароб чалавека, жывёл (кляшчовага энцэфаліту, чумы, бруцэлёзу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІЯ БЕГУНЫ́,
парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.
Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА (ад лац. camera пакой, палата),
1) асобнае памяшканне спец. прызначэння, напр., К. захоўвання багажу, знаходжання зняволеных.
2) Закрытая прастора ў якой-н. машыне ці прыладзе, напр., іскравая камера, камера згарання рухавіка.
3) Гумавая абалонка, куды напампоўваюць паветра (пад пакрышкай кола, мяча).
4) Назва фатагр. ці кіназдымачнага апарата.
5) Падземная горная вырабатка параўнальна вял. папярочных памераў і малой даўжыні. Прызначаецца для размяшчэння абсталявання, гасп., сан. ці інш. мэт.
6) Асноўны агрэгат ракетнага рухавіка, дзе патэнцыяльная энергія рабочага цела пераўтвараецца ў кінетычную энергію выхаднога газавага струменя для стварэння рэактыўнай цягі. У хім. рухавіка складаецца з К. згарання і рэактыўнага сапла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,
рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.
К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКА́ЦІЦЫ, сепіі (Sepiida),
атрад галаваногіх малюскаў. 5 сям., 20 родаў, больш за 150 відаў, з якіх каля 90 у родзе сапр. К. (Sepia). Пашыраны ў морах тропікаў і субтропікаў. Жывуць каля дна ці ў тоўшчы вады, да глыб. 1000 м. Характэрная асаблівасць К. — наяўнасць чарнільнага мяшка.
Даўж. ад 1 да 60 см, маса да 12 кг. Сапр. К. маюць вапнавую ракавіну — сепіён, у інш. (акрамя спірулы) яна рагавая або адсутнічае. 10 канечнасцей з прысоскамі. Здольныя мяняць афарбоўку цела. У некат. ёсць органы свячэння. Размнажаюцца адкладкай яец. Драпежнікі; кормяцца ракападобнымі, рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СТАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Sarcoptoidea),
надсямейства паразітычных членістаногіх з групы акарыдый атр. акарыформных кляшчоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі Паразітуюць на паверхні і ў верхніх слаях скуры млекакормячых жывёл і чалавека. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў Acarus, Psoroptes, Chorioptes.
Даўж. 0,1—1 мм, самкі большыя за самцоў. Цела круглаватае, выпуклае на спіне 4 пары кароткіх ног з прысоскамі або шчацінкамі. Ротавы апарат грызучага тыпу Адкладваюць яйцы ці нараджаюць лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем Узбуджальнікі каросты, саркаптозу, кмемідакаптозу, псараптозу, харыяптозу і інш. хвароб. У чалавека каросту выклікае К.к. (Sarcoptes scabiei, або Acarus siro).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ТКА (Orcinus orca),
адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.
Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.